Вы тут

Ад Гомеля праз Крым — на Поўнач


На літаратурным свяце “КрымБукФест-2019”, што ў пяты раз прайшоў у Сімферопалі, журналістка-беларуска Дзіна Шаўчэнка правяла цікавую творчую сустрэчу


Ладзіўся фестываль пад патранатам Мінкультуры Рэспублікі Крым 11–12 верасня ў яе сталіцы. Свята прайшло ў Крымскай рэспубліканскай універсальнай навуковай бібліятэцы імя Івана Франка пры падтрымцы Адміністрацыі горада Сімферопаля. Суарганізатарамі сталі й рэгіянальныя творчыя саюзы, грамадскія суполкі Крыма.

Сонечным днём праходзіла цырымонія адкрыцця ля галоўнага ўваходу ў Цэнтральную бібліятэку Крыма. Былі на свяце прадстаўнікі органаў улады, СМІ, вядучых крымскіх выдавецтваў, шматлікія госці, паэты, празаікі, барды. Адкрывала імпрэзу Міністр культуры Крыма Арына Навасельская, з вітальнай прамовай выступіў дэпутат, член камітэта Дзяржсавета РК першага склікання Анатоль Жылін. Поўніўся фестываль яркімі падзеямі, цёплымі сустрэчамі з цікавымі людзьмі. Хоць паўсюль было шумна й шматлюдна, ды беларусы лёгка знаходзілі “сваё рэчышча”: на “Алеі друкаваных СМІ” дзве палаткі ўпрыгожвалі беларускія сцяжкі, плакаты, вокладкі часопіса “Крым — Беларусь”.

У спеўнай плыні свята мы распазнавалі й нашыя, беларускія песні. У прыватнасці, на фестывальнай эстрадзе вакальны ансамбль “Поющие сердца” (кіраўнік А. Дудараў) з Цэнтра эстраднага мастацтва Сімферопаля спяваў беларускую народную “Купалінку” ды сучасную “Сінявокая” (музыка Яўгена Алейніка, словы Юліі Быкавай). Атмасфера фестывалю — светлая, урачыстая. Хораша на ім сустракацца з землякамі, дзяліцца навінамі. Столькі размоў, эмоцый, што й не распачаць некаторы час пазначаную ў праграме фэсту творчую сустрэчу з заснавальніцай, выдаўцом і галоўным рэдактарам часопісаў “Крым — Беларусь”, “Крым — Север” (якому сёлета 10 гадоў!) Дзінай Шаўчэнкай. Чацвёрты ўжо раз ураджэнка Гомеля прэзентавала выданні на “КрымБукФэсце”. Традыцыя! Сустрэчы ўжо — як беларускае свята з размовамі пра Бацькаўшчыну, весткі з яе, пра жыццё беларускіх суполак Крыма.

На гэты раз Дзіна Шаўчэнка, якая ўзначальвае Беларускую нацыянальна-культурную аўтаномію “Крым — Беларусь” у Еўпаторыі, шмат гаварыла пра публікацыі ў газеце “Голас Радзімы”. Выданне “ў папяровым фармаце” толькі сёлета па пошце пачалі дасылаць у Еўпаторыю з Мінска — бо журналістка пачала з газетай супрацоўнічаць. Дзіне імпануе, што гэта — газета пра жыццё беларусаў, і не толькі на Бацькаўшчыне — у розных краінах. Апавядае пра лёсы розных людзей, справы суполак, тэндэнцыі ў жыцці беларускага грамадства. “Здавалася б, тэмы розныя, але знойдзена стваральнікамі газеты даверлівая танальнасць аповеду, прасякнута ўсё вялікай любоўю да Беларусі, традыцый продкаў — і цэльна ўспрымаюцца нумары! — дзялілася ўражаннямі Дзіна Шаўчэнка. — Да таго ж якая гэта заўсёды асалода: трымаць у руках рэальную, папяровую вестачку з Бацькаўшчыны! А не толькі бачыць тэкст на экране манітора. Пэўна, рана яшчэ ставіць крыж на друкаваных выданнях — электронныя ж не даносяць пахі з Радзімы. Пікселі так пальцамі не адчуеш, як паперу. Газета выбудавана цікава, у ёй шмат карыснага досведу для тых, хто і ў замежжы хоча працаваць на карысць Беларусі. Чытаеш загалоўкі, падзагалоўкі — а ўжо зразумела, пра што пойдзе размова. Гэта сучасна, у рытмах часу. Мы нібыта становімся саўдзельнікамі розных падзей праз чытанне газеты”.

Тут жа можна было пагартаць і нумары выдання. Дзіна рэкамендавала супляменнікам праглядаць “Голас Радзімы” хоць бы ў інтэрнэце — каб зберагаць духоўную повязь з Бацькаўшчынай. А таксама й супрацоўнічаць з выданнем: тады пра беларускія справы ў замежжы будзе большы розгалас: “З ручайкоў, з малых рэчак — нашых паведамленняў у рэдакцыю — узнікае паўнаводная рака газеты: з вялікімі ды маленькімі хвалямі падзей і навін”. (А мы б яшчэ дадалі: так ствараецца Беларускі Мацярык — свет, напоўнены беларускімі справамі, думкамі, памкненнямі, дасягненнямі… Беларускім духам. — Рэд.)

На “беларускай пляцоўцы” фэсту выступіў і член камітэта Дзяржсавета Крыма па культуры й пытаннях аховы культурнай спадчыны першага склікання, намеснік старшыні “Русской общины Крыма” Анатоль Жылін. Ён прызнаўся, што зберагае, перачытвае ўсе нумары часопіса “Крым — Беларусь”: “Выхад чарговага нумара — гэта заўсёды падзея. 19 гадоў Дзіна Шаўчэнка рабіла выданне “Крым — Беларусь”, а разам з ім “рабілася” ж і сама. Набыла вялікі досвед арганізатарскай, журналісцкай працы”. На думку Анатоля Аляксеевіча, любоў да Айчыны кожнага чалавека ўзвышае, узмацняе, і лёс беларускі з Гомеля — красамоўна пра тое сведчыць. А трывалыя повязі з роднай зямлёй, яе людзьмі, жаданне быць з імі адным цэлым нават на адлегласці — гэта вельмі дапамагае Дзіне, дачцэ франтавіка, у жыцці, у працы, у творчасці”.

Чаму, аднак, журналістка, столькі гадоў верная беларускай тэме, пачала выдаваць часопіс “Крым — Север”. Пра тое Дзіна Шаўчэнка ў часе творчай сустрэчы на “КрымБукФэсце‑2019” разважала так: “Кажуць людзі: усяму свой час… Вельмі марыла я ў юнацтве пісаць пра Поўнач. І так сталася-склалася, што цяпло Крыма і холад Поўначы ўтварылі моцнае сілавое поле — вось таму новае выданне й аказалася жыццяздольным. Такое адчуванне, нібыта я будую своеасаблівы мост паміж рознымі людзьмі, рэгіёнамі, культурамі. Гэта ж цікава — вельмі! А часопісу ўжо 10 гадоў! Вы, можа, не паверыце, а першаштуршок, каб “адкрылася” мая любоў да Поўначы, зрабіла малое маманцяня. У 1977 годзе пашчасціла мне яго ўбачыць: таго, што быў знойдзены ў Магаданскай вобласці. Я была студэнткай факультэта журналістыкі Беларускага дзяржуніверсітэта, прачытала пра дзіўную знаходку і вельмі тым захапілася. Ды так моцна, што бацькі падарылі мне падарожжа на Калыму!” Яна неўзабаве апынулася ў Сусуманскім раёне, пабачыла месца (велізарную яму), у якую маманцяня правалілася шмат стагоддзяў таму. Уявіла сабе, як той ішоў па зямлі… Малы зусім, наіўны, спазнаваў толькі свет. І вось так няўдала закончылася тое яго падарожжа — і… пачалася вандроўка ў часе! А праз тысячагоддзі ў вярхоўях Калымы, ля ручая выявілі сенсацыйную па захаванасці знаходку — цела выкапнёвага маманта, якога потым назвалі Дзіма. Ну а Дзіма, жартавала журналістка, паклікаў да сябе Дзіну…

На творчай сустрэчы галоўная рэдактарка дарыла гасцям, сябрам свежыя нумары часопіса. І свае вершы “ў тэму” чыталі сябры Саюза пісьменнікаў Расіі, аўтары зборнікаў вершаў Сяргей Аўчарэнка й Вольга Бандарэнка з Еўпаторыі. Яшчэ гаварылі проста “за жыццё”, перабіралі ў памяці падзеі мінулых “КрымБукФэстаў”, пра дзівосны працэс творчасці. У сяброўскай размове паўдзельнічалі старшыня рэгіянальнай Нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Крыма” Раман Чагрынец, старшыні мясцовых беларускіх нацыянальна-культурных аўтаномій “Землякі” Аляксандр Сандрыгайла (Сімферопаль) і “Радзіма” Андрэй Капыціч (Сімферопальскі раён), а таксама Ігар Класоўскі, Людміла Айзенштэйн, Ляніна Лапонава, Тамара Пухальская, Алена Кірыенка, Сяргей Коршыкаў, Ларыса Фацеева, Валянціна Бурдуленка, Уладзімір Зубкоўскі. На сустрэчы панаваў дух узаемнага даверу, прыязнасці. Мы, сабраўшыся разам, шчасце мелі пагаварыць пра Беларусь, пра тэндэнцыі ў працы сучасных СМІ. Адчувалася, што ўсе на сустрэчы — проста “прафесійныя” чытачы! А ўрэшце ўсмешка радасці асвяціла твар Дзіны Шаўчэнкі, калі землякі-супляменнікі дарылі ёй восеньскія кветкі: як узнагароду за творчасць, за вялікую жыццёвую актыўнасць і аптымізм.

Зінаіда Здараўцова, г. Еўпаторыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».