Вы тут

Асвечаны любоўю родны кут


Дыпламат Міхаіл Аляксейчык даўно марыў адрадзіць разбураны храм у родных мясцінах — і гэтай восенню ўжо асвяцілі праваслаўную капліцу-храм Святой пакутніцы Таццяны ў пасёлку Мар’іна


М. Аляксейчык ля капліцы-храма Святой пакутніцы Таццяны

Супляменнікі ў Польшчы, пэўна ж, памятаюць: Міхаіл Васілевіч нямала й плённа папрацаваў на пасадзе Генеральнага консула Беларусі ў Гданьску й Беластоку. А родны кут яго — Мар’іна Горка, пад Мінскам. Якраз там працаваў хірургам у раённай бальніцы былы франтавік, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Васіль Аляксейчык, калі ў яго сям’і ў 1948-м годзе нарадзіўся сын. Добры прыклад бацькоў-працаўнікоў сам па сабе выхоўваў хлопца: ён і вучыўся паспяхова, і спортам займаўся. Прыйшоў час — адслужыў тры гады на флоце, вярнуўся, працаваў настаўнікам фізкультуры ў 2‑й сярэдняй школе. Потым — педінстытут, і праца ўжо ў Віцебску. Так і склалася кар’ера: працавітага, спартыўнага, прывучанага да парадку маладога чалавека накіравалі вучыцца ў Маскву. Закончыў Міхаіл Аляксейчык Вышэйшую школу дыпламатыі, быў прызначаны віцэ-консулам СССР у польскім Шчэціне. “А калі Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне, то вярнуўся ў Беларусь, — пісала пра земляка райгазета “Пухавіцкія навіны”. — Папрацаваў у Гандлёва-прамысловай палаце, а ў хуткім часе быў прызначаны консулам Рэспублікі Беларусь у Польшчы”.

Ніякі жыццёвы досвед, як бачым, чалавеку не лішні. Можна ўспомніць шэраг публікацый пра справы беларусаў Польшчы ў нашай газеце, у якіх добрым словам згадвалася падтрымка іх з боку дыпламата. Міхаіл Аляксейчык успамінае той час з цеплынёй, бо сустракаў па той бок Буга родных па духу людзей. Шмат увагі надаваў пашырэнню беларускай мовы ў тых мясцінах (бо яна ж там і родная для многіх), спрыяў выданню духоўна-асветніцкіх кніжак для дзяцей і дарослых на беларускай мове. Сам жа ён ішоў да веры доўга, і на тым шляху якраз Беласток, далучэнне да традыцый праваслаўнай Польшчы вельмі паўплывалі ня ягоную свядомасць. Як вядома, у тым рэгіёне краіны-суседкі жыве нямала этнічных беларусаў, якія застаюцца ў праваслаўнай веры. Праз польскіх сяброў пачынаўся рух “дыпламата савецкай закваскі” да праваслаўя. Па словах Міхаіла Васілевіча, “шмат чаго адкрылася” для яго ў жыцці пасля паломніцтва на Святую гару Афон у 2010 годзе. Захацелася зрабіць нешта значнае для ўмацавання веры, духоўнасці ў родным краі, а потым “асвяціла жыццё” ідэя: узвесці капліцу ў гонар святой Таццяны (так, дарэчы, завуць ягоную жонку). Імя й падказала: храм варта ўзвесці там, дзе ёсць студэнцкая моладзь. З Афона, дарэчы, у 2010-м быў прывезены краевугольны камень для капліцы-храма. А што ідзе ён правільным шляхам — тое стала зразумела, калі дыпламат знайшоў падтрымку задуме ў кіраўнікоў Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа, жыхароў Мар’іна. Да таго ж ён даведаўся: у савецкі час, у 1939-м годзе быў узарваны храм на Мар’інай Гары — то належыць яго адрадзіць.

Праваслаўную капліцу-храм Святой пакутніцы Таццяны ў пасёлку Мар’іна ўзводзілі, як кажуць, “всем миром”: да праекта далучылася шмат людзей. Задуму падтрымаў дабрачынны першага Пухавіцкага дабрачыння, настаяльнік кафедральнага сабора ў гонар Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага протаіерэй Аляксандр Цалкоў. Дабраславенне на будаўніцтва даў тагачасны Мітрапаліт Філарэт. “Справай свайго жыцця ўзвядзенне капліцы-храма зрабіў і Васіль Усцінчык, які шмат гадоў працаваў дырэктарам Мар’інагорскага аграрна-тэхнічнага каледжа, — чытаем у тэксце журналісткі “Пухавіцкіх навін” Наталлі Пархомчык. — Верным памочнікам у пачэснай справе стаў яго намеснік па выхаваўчай рабоце Аляксандр Дземідзюк. Падключыўся да працы й Дзяніс Зубенка, які змяніў Васіля Васілевіча на пасадзе дырэктара. Тут, як і ў любой справе, патрэбна была каманда, якая ўзяла б на сябе асноўныя клопаты па прыцягненні спонсараў, арганізацыі будаўніцтва. І яна склалася”.

Калі на пачатку кастрычніка новы храм асвячаўся, згадвалі: паспрыяў, калі рабіўся праект храма, Валеры Чаканаў (ён тады працаваў дырэктарам таварыства “Мінскметрапраект”. Значную спонсарскую дапамогу аказалі ўладальнік кампаніі “Шате-М Плюс” Канстанцін Шавель, прэзідэнт савета ўласнікаў фірмы “Пронар” (Польшча) Сяргей Мартынюк, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты Наталля Барысенка. Вядомы беларускі майстар Аляксей Хацкевіч стварыў іканастас для храма. Райгазета паведамляе: пакуль ішло будаўніцтва, было надрукавана шмат ікон, кніг пра святую Таццяну, іншай духоўнай літаратуры. Дапамогу ў гэтай справе аказваў заснавальнік і дырэктар праваслаўнага выдавецтва “Братчык” (Польшча) Марк Якімюк. Зрэшты, імёны тых, хто зрабіў унёсак у добрую справу, можна доўга называць. Ініцыятары ўзвядзення капліцы-храма шчыра дзякавалі ўсім, хто ахвяраваў грошы, працаваў на будаўніцтве, добраўпарадкаванні.

А між тым і сёння ёсць дзе прыкласці сілы ахвочым падтрымаць праект. Міхаіл Аляксейчык удакладніў: з часам вокны капліцы-храма ўпрыгожаць вітражы, прадоўжыцца добраўпарадкаванне наваколля. Дарэчы, гэта першы такі ў Беларусі будынак на тэрыторыі сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы. Святая Таццяна, як вядома, нябесная заступніца вучнёўскай моладзі. Так што ёсць надзея: маладыя людзі будуць прыходзіць у храм, узведзены ў яе гонар, па духоўную падтрымку.

Чын асвячэння капліцы-храма здзейсніў епіскап Барысаўскі й Мар’інагорскі Веніямін, там прайшла Боская літургія. Пасля яе ўладыка ўручыў епархіяльныя медалі “Мар’інагорскай іконы Прасвятой Багародзіцы” другой ступені Міхаілу Аляксейчыку і Васілю Усцінчыку: яны зрабілі найбольшы ўнёсак у справу. Многія з тых, хто ім актыўна дапамагаў, адзначаны граматамі, атрымалі “Пасведчанне ўдзельніка будаўніцтва капліцы-храма Святой пакутніцы Таццяны”. Ёсць у іх ліку й прадстаўнікі Польшчы, бо ўзвядзенне капліцы-храма стала справай інтэрнацыянальнай.

Рыгор Гарэшка

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.