Вы тут

У роднай хаце — увесь Сусвет


Беларуская сялянская хата ў даўнія часы давала сваім гаспадарам не толькі прытулак, але й падмацоўвала іх духоўныя сілы


Якаў Ленсу. Фота Юрыя Іванова

Да аўтэнтычнай хаты ў беларусаў сёння вялікая цікаўнасць. У яе стылі афармляюцца кафэ, аграсядзібы, пра ўладкаванасць хат расказваюць школьныя музеі, будуюцца й цэлыя вёскі з самабытным жыллём для адпачынку. Мы ж гутарым з чалавекам, які пачаў цікавіцца беларускай хатай гадоў 30 таму, прычым з вялікім навуковым імпэтам. Якаў Ленсу, загадчык кафедры тэорыі ды гісторыі дызайну Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства, у прамым сэнсе слова вывучыў яе ўсе куты, сакральныя цэнтры. Напісаў шмат навуковых прац пра сімволіку акна й парога, вызначыў месца хаты ў цэлым Сусвеце… І прадаўжае свае вышукі.

Раней прафесійныя інтарэсы Якава Юр’евіча датычыліся выключна прамысловага дызайну, і толькі захапленне беларускай народнай культурай дапамагло яму заняцца навуковымі даследаваннямі ў іншым кірунку. Сёння ў Акадэміі мастацтваў для будучых дызайнераў ён выкладае новы прадмет — семіётыку: гэта даследаванне знакаў і знакавых сістэм прадметнага асяроддзя. Якаў Ленсу глыбока аналізуе, як ствараўся прадметны свет ад першабытных часоў і па нашы дні. Прычым беларускае прадметнае асяроддзе ён разглядае ў кантэксце сусветнай матэрыяльна-мастацкай культуры. З дакладамі навуковец выступае на канферэнцыях у Беларусі, Латвіі, ва Украіне.

— Якаў Юр’евіч, не сакрэт, што ў беларускіх традыцыйных вёсках і сёння хаты ўладкаваны амаль гэтак жа, як і раней. Але адчуваецца павышаная цікаўнасць менавіта да аўтэнтычнага жылля, і шмат пры тым гаворыцца пра мінулае. Чым той досвед каштоўны?

— Так, некаторыя хаты ў вёсках і сёння маюць такі ж прынцып пабудовы, як і аўтэнтычнае жыллё беларусаў у мінулым. Скажам, ёсць вялікая печ. Тым не менш традыцыйная беларуская хата была пабудавана па правілах, у аснове якіх маюцца пэўныя сімвалы, спалучаныя са светапоглядам беларусаў. Таму аўтэнтычную хату варта ўсяляк захоўваць, вывучаць.

— На мой погляд, любы музей, калі сабраць у ім аўтэнтычныя хаты, усё ж не зможа даць столькі ўражанняў, як рэальнае жыццё ў іх, з паўсядзённым побытам. Ці пашчасціла вам, як вандравалі па вёсках, на свае вочы пабачыць аўтэнтычную беларускую хату, якая служыла б яшчэ гаспадарам?

— У дзяцінстве бачыў такія хаты, калі ўлетку з бацькамі адпачываў у вёсцы. Студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута любіў хадзіць па вёсках і замалёўваць пейзажы. Памятаю, як падышоў да адной экзатычнай хаты, якая пахілілася ад часу… Нечакана выйшла з яе бабуля. Пачала гараваць: хата збудавана ў канцы XІX стагоддзя, рамонт патрэбен. Усярэдзіне я змог убачыць “чырвоны кут”, вакол стала былі лавы, убудаваныя ў сцены, ля ўваходу — печ. Гэта быў недзе 1967 год.

— Вы прытрымліваецеся думкі, што жыллё розных народаў у мінулым хоць і адрознівалася па канструкцыі, але было падобным, скажам так, па светапоглядных меркаваннях жыхароў. Якім жа чынам беларуская хата можа быць падобнай, напрыклад, да казахскай юрты?

— Ва ўсіх сваіх навуковых працах я імкнуся даказаць, што светапоглядныя ўяўленні беларусаў у дачыненні да жылля ўпісваюцца ў агульнасветапоглядныя прадстаўленні розных іншых народаў мінулых эпох. Напрыклад, і для славян, і для ўсходніх народаў было ўласціва разглядаць сваё жыллё як паменшаную мадэль Сусвету, своеасаблівы мікракосм, дзе існуе чалавек з яго бліжэйшым акружэннем. Напрылад, казахі лічылі юрту сваю “мікракосмам” з завоблачнымі вышынямі, зямным жыццём і падземнымі сутарэннямі. У самым яе версе спецыяльна пакідалі невялікую адтуліну, праз якую можна было назіраць за рухам сонца і зорак на нябёсах і дакладна вызначаць бакі свету. Беларусы таксама ўспрымалі жылую тэрыторыю хаты як зямны свет, дзе падлога — ўрадлівая глеба, гарышча — нябёсы. Ніжняя частка прасторы жылля, што ніжэй узроўню сядзенняў, атаесамлялася з падземным светам. У гэтай частцы хаты, часцей пад лаўкамі, пад печкай, жылі, паводле ўяўленняў сялян, розныя хатнія нячысцікі, якія ў славянскай сімволіцы разглядаліся як жыхары падземнага свету. Раней у беларускіх хатах не прынята было будаваць падполле ці сутарэнне, якое ў рускіх лічылася падземным светам. Пры тым селянін не толькі сімвалічна атаесамляў часткі хаты, рэчы, якія напаўнялі яе, з элементамі светабудовы — ён імкнуўся ўступіць з імі ў пэўныя магічныя зносіны, выклікаць іх прыхільнасць да сябе, паўплываць на іх у сваю карысць. Гэта пацвярджаецца сімвалічнымі рытуаламі, якія захаваліся ў беларусаў аж да ХХ стагоддзя.

— І як сябе пачуваў беларускі селянін у сваім такім “маленькім сусвеце”?

— Як ні дзіўна тое можа падацца нам, але жаданне адгарадзіцца ад навакольнага свету ў беларусаў было вельмі моцным. Нашы продкі верылі: жыллё можа абараніць сям’ю ад розных варожых цёмных сіл. Лічылася, што сцены, падлога, дах хаты — моцная мяжа, якую нячыстая сіла не можа пераадолець, каб нашкодзіць гаспадарам. А вось дзверы, вокны, наадварот, “слабыя месцы” ў той абароне. Таму вокны аздабляліся рознымі сімвалічнымі выявамі сонца, на дзвярах ці над імі вешалася падкова. У многіх хатах клямка дзвярэй наўмысна выконвалася ў выглядзе вужыка-абярэга. Для беларусаў, у адрозненне ад украінцаў, не было характэрным распісваць сваё жыллё стылізаванымі аб’ектамі са знешняга свету. Чаму? Каб не дапусціць любыя праявы яго ў сваё атачэнне. Беларускія сяляне доўгі час супрацьстаялі нават роспісу куфраў, як тое падабалася нашым суседзям. Наогул, звычка распісваць жыллё й прадметы інтэр’ера ў рускіх, украінцаў, малдаван і беларусаў з’явілася толькі з урбанізацыяй, індустрыялізацыяй, калі сімвалічная мяжа паміж навакольным асяроддзем і “маленькім сусветам” чалавека была парушана.

— Я спадзяюся, што даўнейшы беларус хоць і стараўся адгарадзіцца ад навакольнага асяроддзя, ды ўсё ж не меў намеру парваць сувязі з усім Сусветам?

— Менавіта каб не згубіцца ў цэлым Сусвеце, чалавек і жадаў зразумець сваё становішча ў прасторы. З’арыентавацца ж дапамагала так званая дыяганаль “печ — чырвоны кут”: печ, як правіла, знаходзілася ў паўночна-заходнім напрамку, а чырвоны кут або покуць — ва ўсходне-паўднёвым.

Актывісты беларускіх суполак замежжа нядаўна наведалі Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы, каб пабачыць аўтэнтычныя хаты

— Наколькі я ведаю, печ і покуць якраз і былі ў хаце сакральнымі цэнтрамі, якія давалі чалавеку жыццядзейную энергію?

— Сапраўды, ва ўсходнеславянскім жыллі XІX — пачатку ХХ ст. былі два сакральныя цэнтры: печ і чырвоны кут. Печ уяўлялася як цэнтр паганскі (пакланенне Агню), а чырвоны кут — як хрысціянскі, прычым храналагічна першым цэнтрам стала печ. У беларускай хаце першапачаткова, у часы язычніцтва-паганства, існаваў адзін сакральны цэнтр: печ. Яна ў гэтай якасці адпавядала сімвалічна галоўнаму язычніцкаму элементу светабудовы — жыватворнаму Сонцу. Вакол печы, як сімвалічнага язычніцкага цэнтра, ва ўяўленні нашых продкаў, і будаваўся “маленькі сусвет” хаты. Але з прыняццем хрысціянства ў продкаў з’явіўся ў хаце яшчэ адзін сакральны цэнтр — чырвоны кут, покуць. У тым куце былі абразы, малельныя кнігі, свянцоныя свечкі… Покуць, другі па храналогіі сакральны цэнтр хаты, як і печ, атрымлівае сэнс святла, сонца, але не ў паганскім разуменні свяшчэннага Агню, а становіцца ўвасабленнем Божага святла і ўсяго добрага. Такім чынам, у беларускай хаце можна вылучыць некалькі сакральных цэнтраў.

— У чырвоным куце стаяў стол. Ён таксама лічыўся сакральным?

— З цягам часу стол набыў самастойнае значэнне за кошт знаходжання ў покуці. Ён узяў на сябе ролю цэнтра сімвалічнай мадэлі Сусвету — ролю Зямлі, вакол якой, паводле ўяўленняў продкаў, рухалася ўсё ў космасе. Менавіта Зямлю яны ўспрымалі цэнтрам Сусвету. Гэта пацвярджаюць і запісы беларускага этнографа й фалькларыста Аляксандра Сержпутоўскага, зробленыя з вуснаў сялян: “Зямля стаіць пасярод свету, а сонейка й месяц ходзяць кругом ды свецяць, як ім Бог вялеў”. Нездарма на Каляды над сталом заўсёды вешаўся “саламяны павук”, які ўвасабляў Сонца над зямлёй. Нават у гэтай акалічнасці можна заўважыць касмічную сувязь. Дарэчы, у звычайныя дні стол стаяў непакрытым, і толькі на святы на ім з’яўляўся абрус ці ручнік.

— Ці кожны госць мог лёгка патрапіць у чырвоны кут за стол?

— Раней хату на функцыянальныя зоны падзялялі, як ні дзіўна тое нам чуць, бэлькі на столі. Першая, што бліжэй да ўваходу, аддзяляла прастору “для чужых”. Нязваныя госці вымушаны былі, як кажуць, “таптацца ля дзвярэй”. Прастора між першай і другой бэлькамі прызначалася для гаспадароў, там стаялі кросны. За другой бэлькай, бліжэй да вокнаў, у чырвоным куце, дзе стаяў стол, было святое месца. У звычайныя дні чужых туды не пускалі. Толькі на свята за сталом збіраліся дарагія для гаспадара госці.

— Чаму беларуская хата настолькі цікавая сёння для дызайнераў?

У хаце беларускага селяніна

— Ужо неаднойчы ўздымалася пытанне наконт якасцяў сучаснага дызайну. Ёсць меркаванне, што ён можа атрымаць прызнанне ў свеце дзякуючы нацыянальным рысам, што й вылучае фінскі ды японскі дызайн. Беларускім дызайнерам таксама варта вывучаць народныя карані прадметнага свету, каб тварыць арыгінальна, самабытна.

— Як думаеце, ці магчыма нашым супляменнікам, жывучы за мяжой, будаваць беларускія хаты — як музейныя асяродкі, але па ўсіх правілах традыцыйнай забудовы?

— Я ведаю: многім беларусам за мяжой цікавыя традыцыі продкаў, яны цікавяцца сімволікай прадметнага свету — веды ж такія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Жывучы ў іншым нацыянальным асяродку, варта кожнаму імкнуцца далучыцца да роднай культуры, каб глыбей адчуць свае карані. То й хаты будаваць можна. Было б жаданне! Тады ўсё атрымаецца.

Ганна Лагун

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.