Вы тут

Урок літаратуры на Бацькаўшчыне


Вядомы беларускі паэт з Латвіі Станіслаў Валодзька правёў цікавы ўрок у адной са школ Астраўца


Падарунак Станіславу ўручае Ірына Шляхтун

Спатканне даўніх і новых сяброў са слынным земляком адбылося з добрае нагоды: у выдавецтвах Латвіі ды Беларусі апошнім часам выйшла некалькі новых кніг Станіслава Валодзькі. Кніжкі адрасаваны як дарослым, так і дзецям. Да таго ж запісана ўжо некалькі кампакт-дыскаў песень на словы Станіслава Віктаравіча. Таму натуральна, што сваімі творчымі здабыткамі за апошні час таленавіты ўраджэнец Астравеччыны захацеў падзяліцца з землякамі, а таксама перадаць кнігі, кампакт-дыскі цэнтральнай раённай бібліятэцы. А бібліятэкары Ірына Чаркіна ды Наталля Ачарэтава тым часам вырашылі яшчэ раз пазнаёміць астраўчан, і найперш моладзь, з творчасцю паэта. Бо, пагадзіцеся, адна справа — прачытаць верш у кнізе, і зусім іншая — пачуць яго з вуснаў аўтара. Тое ж тычыцца й песень: жывое выкананне даносіць закладзеную ў іх энергетыку да слухачоў так, нібыта сам аўтар дзеліцца з імі патаемным.

Сустрэчу зладзілі ў актавай зале астравецкай СШ № 2. На імпрэзе гучалі вершы ў выкананні аўтара й вучняў школы. А песні на вершы Станіслава Валодзькі выконвалі астравецкі кампазітар і спявак Аляксандр Якіменка ды сябры паэта па славянскіх суполках з Латвіі: муж і жонка Яўген Пашкевіч і Лідзія Знотыня. У цёплай, сяброўскай атмасферы ўзгадвалі не толькі біяграфію паэта, але й дарагія сэрцу яго мясціны, людзей з Астравеччыны. “Сёння ў нас атрымаўся цудоўны ўрок роднай мовы й патрыятызму”, — сказала на заканчэнне імпрэзы старшыня райсавета ветэранаў Ірына Шляхтун. То будзем спадзявацца, што гэты ўрок засвоілі найперш тыя, каму ён прызначаўся — школьнікі. Што будзе ўзгарацца ў іх сэрцах з гадамі ўсё мацней тая любоў да роднага краю, роднага слова, якая працінае ўсю творчасць Станіслава Валодзькі.

Ніна Рыбік, супрацоўніца рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда”

Фота аўтара

Даведка ГР. Беларускі паэт Станіслаў Віктаравіч Валодзька нарадзіўся ў вёсцы Падольцы Астравецкага раёна Гродзеншчыны ў 1956 годзе. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржуніверсітэта. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар шэрагу кніг. Жыве й працуе ў Даўгаўпілсе (Латвія). Сябар Беларускай культурна-асветніцкай суполкі “Уздым”.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?