Вы тут

Кніга «Міфы і легенды Беларусі» з'явілася на беларускай мове дзякуючы ініцыятыве школьнікаў


«Добры дзень, паважаныя супрацоўнікі кампаніі. Я, Некраш Юлія Іванаўна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры мінскай СШ № 54, хачу выказаць вам сваю ўдзячнасць за папулярызацыю беларускіх традыцый і міфалогіі з дапамогай апошняй калекцыі бонсцікаў «Міфы і легенды Беларусі».

Тэма, закранутая вамі, з'яўляецца вядучай праграмнай тэмай у вывучэнні беларускай літаратуры ў шостым класе. Улічваючы папулярнасць бонсцікаў, цікавасць гэтай узроставай групы да прапанаванай прадукцыі, я максімальна выкарыстоўвала яе на сваіх уроках як навучальны дапаможнік. Мы шмат малявалі, прыдумлялі, ляпілі і гулялі з вучнямі, а галоўнае — дзеці ВЕЛЬМІ палюбілі зусім новы прадукт — КНІГУ.

За апошнія 13 гадоў працы ў школе я не памятаю падручніка, з якім навучэнцы так захоплена працавалі б. Яны перачыталі яго ўздоўж і ўпоперак, практычна кожны мой вучань пажадаў набыць гэтую кнігу. А яна, паверце, дала ім больш ведаў, чым школьны падручнік. Педагогам, настаўнікам-метадыстам, аўтарам-складальнікам школьных падручнікаў ёсць чаму ў вас павучыцца.

Але ёсць і адзін недахоп. Дзеці самі звярнулі на яго ўвагу, а яны, як вы добра ведаеце, з'яўляюцца самымі шчырымі вашымі спажыўцамі. Малыя палічылі, што кніга была б нашмат цікавейшай на роднай мове. Адпаведна, мы выдатна папрацавалі і стварылі пераклад. Будзем рады прапанаваць вам беларускамоўны варыянт кнігі. Гэта дасць магчымасць стварыць сапраўды ўнікальны прадукт на тэрыторыі краіны, аналага якому на сённяшні дзень не існуе. Не кажучы ўжо пра тое, якую істотную ролю вы адыграеце ў папулярызацыі беларускай мовы і культуры. Упэўнена, што ў чалавека, які чытае гэты ліст, ёсць (альбо былі) дзеці-школьнікі. Успомніце, як складана даваліся ім урокі беларускай мовы і літаратуры! У нас ёсць магчымасць ім дапамагчы.

Я, як настаўнік беларускай мовы і літаратуры, адкрыта для супрацоўніцтва і палічу за гонар папрацаваць з такой знакавай і аўтарытэтнай кампаніяй».

Прыкладна год таму такі ліст атрымала ад школьнай настаўніцы кампанія «Еўрагандаль», якая выдала ілюстраваную энцыклапедыю з элементамі дадатковай рэальнасці, прысвечаную беларускай міфалогіі.


Пяцёрка адважных

Хут, Хатнік, Вазіла, Баган, Агнявік, Гуменнік, Пуннік, Еўнік, Дамася, Паднор, Баламуцень, Жэўжык, Жыж, Ваструха... Ці ведаеце вы, пра каго ідзе гаворка?

— Прызнаюся, што я хоць і вывучала міфалогію беларусаў як асобны прадмет, многія са згаданых герояў нават мне былі незнаёмыя, — расказвае аўтар ліста Юлія НЕКРАШ. — Пачала шукаць інфармацыю і пераканалася, што ў многіх даследчыкаў гэтыя героі згадваюцца. Таму выданне мае добры навуковы падмурак. Але ўсе звесткі ў ім настолькі цікава і па-сучаснаму пададзены, што мае вучні былі проста ў захапленні.

Урокі перакладу з рускай на беларускую мову — традыцыйна самыя сумныя і складаныя ў школьнай праграме. Тэксты, якія прапануюцца, нецікавыя дзецям. І гэта вечная праблема: як зрабіць заняткі больш жывымі? І тут раптам такі падарунак лёсу! Я дала на ўроку сваім шасцікласнікам некалькі пробных тэкстаў з энцыклапедыі «Героі міфаў і легенд Беларусі». У сярэднім вучню, каб знайсці пераклад слова ў папяровым слоўніку, патрабуецца 1,5—2 хвіліны, а лексічны запас у сучасных дзяцей, на жаль, вельмі абмежаваны. Таму за ўрок школьнік паспявае якасна перакласці толькі некалькі сказаў. На дапамогу нам прыходзіць руска-беларускі анлайн-перакладчык «Белазар», мы свядома прыбягаем да сучасных інфармацыйных тэхналогій, бо час — самы каштоўны рэсурс, якім трэба ўмець рацыянальна карыстацца. Канешне, мы ведаем усе хібы электронных перакладчыкаў і старанна іх выпраўляем. Ідэя перакласці ўсю энцыклапедыю (90 старонак) узнікла неяк спантанна: так наш урок нечакана перайшоў на канікулярны час.

Падчас восеньскіх вакацый пяць дзяўчат — на той момант вучаніцы 6 класа Ксенія ГНІЛЕЎСКАЯ, Анастасія КАНАПЛІЦКАЯ, Ксенія ПАКУСАЕВА, Вікторыя СІНІЦКАЯ і Станіслава ХАРЫТОНАВА — працавалі ў школьнай бібліятэцы па восем-дзевяць гадзін. Плюс займаліся яшчэ і мастацкім афармленнем перакладу. Дзяўчат нават даводзілася прымушаць пайсці дамоў, каб штосьці там перакусіць, бо сталовая на канікулах не працавала.

— Яны настолькі самааддана ўключыліся ў гэту работу, і створаная імі рукапісная кніга, якую мы затым адсканавалі, атрымалася настолькі ўдалая і дарагая асабіста мне, бо за кожнай старонкай з малюнкамі бачны характар, стыль і тэмперамент кожнай з іх, — што я рашылася, так бы мовіць, на авантуру — склала ліст у кампанію «Еўрагандаль», — прызнаецца настаўніца. — Адказ на яго прыйшоў вельмі хутка. Нам падзякавалі за пахвальны водгук пра кнігу і паведамілі, што мы закранулі вельмі важную тэму — родную мову ў камунікацыі кампаніі. Першапачткова быў намер друкаваць тыраж і на беларускай, аднак даследаванні паказалі стрымана негатыўнае стаўленне да яе ў рэгіёнах. Калі казаць простымі словамі, то ў буйных гарадах мова перажывае рэнесанс — яе падтрымлівае маладая і прагрэсіўная частка грамадства. А вось у рэгіёнах, у сельскай мясцовасці, ёсць «комплекс беларускай мовы». А паколькі кампанія працуе на ўсёй тэрыторыі краіны, а не толькі ў гарадах, было прынятае важнае для бізнесу рашэнне — друкаваць тыраж толькі па-руску. Ці было расчараванне? Літаральна праз пару дзён прыйшло паведамленне наступнага зместу: «Юлія Іванаўна! Нас вельмі крануў ваш ліст. Сёння яго абмяркоўвалі з кіраўніцтвам кампаніі. У выніку мы прынялі рашэнне выдаць дадатковы тыраж на беларускай мове. Мы хацелі б таксама прыцягнуць вас і вашых вучняў да падрыхтоўкі гэтай кнігі. Калі ваша прапанова па перакладзе ўсё яшчэ ў сіле, то мы з задавальненнем ёй скарыстаемся і абавязкова згадаем вас у выхадных даных. Калі ласка, напішыце пра сваё рашэнне і фармат, у якім вам было б зручна супрацоўнічаць».

Напэўна, усё ж такі для таго, каб дзверы адчыніліся, трэба паспрабаваць у іх пастукаць. У настаўніцы і яе вучаніц гэта атрымалася. Праўда, ім давялося тэрмінова набіраць увесь тэкст яшчэ і на камп'ютары. Але намаганні не былі дарэмныя: напярэдадні каталіцкіх Калядаў энцыклапедыя «Героі міфаў і легенд Беларусі» выйшла 10-тысячным тыражом на роднай мове. І сваё абяцанне ў кампаніі стрымалі: усе прозвішчы юных перакладчыкаў у кнізе згадваюцца.

«Для нас усіх гэта быў каласальны вопыт, — прызнаецца Юлія Некраш. — Па-першае, дзеці ўзбагаціліся ў плане міфалогіі, па-другое, набылі вопыт мастацкага перакладу, па-трэцяе, навучыліся каманднай рабоце. Паверце, гэта было праблемай для класа, у якім усе «зоркі», усе лідары, кожны — яркая індывідуальнасць. Прымусіць іх працаваць разам у камандзе — вельмі праблематычна. А ў кнізе, якую падрыхтавалі дзяўчаты, ёсць старонкі, работу над якімі распачынала адна, а падхоплівала іншая. Быў і яшчэ адзін важны жыццёвы ўрок: дзеці звычайна не вераць, што яны могуць змяніць свет, а кніга дала ім веру ў тое, што гэта магчыма. Але я вымушана ім цяпер казаць, што двойчы ў адну ваду ўвайсці немагчыма, таму трэба далей шукаць новыя спосабы для сваёй самарэалізацыі... Але яны ўжо сталі кумірамі для маіх пяціклашак».

Зачапіць патрэбную струнку

Ёсць у настаўніцы з 54-й сталічнай школы яшчэ адна пакуль не ўвасобленая ў жыццё ідэя — выпусціць каляндар з коміксамі ў падтрымку роднай мовы, якія намалявала яе выпускніца.

— У папярэднім навучальным годзе ў 11 класе ў мяне была вучаніца Паліна БУЯК, якой беларуская мова была ну абсалютна не блізкая. Яна абуралася, навошта прадмет увогуле ўключылі ў праграму? Казала, лепш бы адмянілі гэтыя ўрокі, бо ўсё роўна на ёй ніхто не размаўляе. Стала я думаць, як знайсці падыход. Заўважыла выдатныя мастацкія здольнасці ў дзяўчыны і прапанавала намаляваць у жанры коміксаў тое, што яе хвалюе. Кажу: «Давай мы разам знойдзем моманты, калі б ты магла зрабіць свой выбар на карысць роднай мовы, ад чаго-небудзь адштурхнёмся». І яна пачала шукаць. Напрыклад, якую мову мы выбіраем у банкамаце? Як устанавіць беларускую клавіятуру на смартфоне? Дзе адшукаць «ў» на камп'ютарнай клавіятуры? Затым прыдумала персанажа Юрасіка і яго сям'ю. З чаго пачаць размаўляць на роднай мове? З такіх слоў, як «добрай раніцы», «дабранач», «смачна есці»... А што азначае слова «коцікі», якое ёсць толькі ў беларускай мове? Паліну вельмі ўзрушыў верш Алеся Разанава «На заінелым трамвайным акне хтосьці напісаў: «Я кахаю». Усе пазіраюць на свет праз гэтыя словы...» І яна таксама яго адлюстравала. Дванаццаць выдатных малюнкаў былі створаны ўсяго за два тыдні чацвёртай чвэрці.

У школе арганізавалі выстаўку яе работ з QR-кодамі, яна стала вельмі папулярнай дзяўчынай. Сітуацыя поспеху, напэўна, стала пераломным момантам і Паліна... пачала размаўляць на роднай мове. Краіна набыла яшчэ адну беларускамоўную дзяўчыну. Сёння яна вучыцца кіраваць інавацыйнымі праектамі ў БНТУ і, напэўна, побач аказаліся людзі, якія былі з ёй на адной хвалі, але факт застаецца фактам — беларуская мова стала для яе сродкам штодзённых стасункаў. А я мару, каб знайшоўся зацікаўлены чалавек, які паклаў бы яе работы на паліграфічную аснову.

Смартфон — сябра ці вораг?

— А ці патрэбны на ўроку план В? — пацікавіліся мы ў настаўніцы.

— Калі ў цябе сядзіць у класе 30 чалавек, павінен быць не толькі план В, але і план С, — усміхаецца Юлія Іванаўна. — Трэба мець на ўвазе ўсё: пасля якога ўрока да цябе прыходзяць дзеці, які гэта клас, ці ёсць там унутраныя канфлікты і супярэчнасці, і толькі настаўніцкі вопыт дае мне магчымасць кантраляваць і рэгуляваць усе гэтыя працэсы. На жаль, але ў школьнай праграме вельмі мала сучаснай беларускай літаратуры, якая магла б зачапіць дзяцей. Напрыклад, навелу Уладзіміра Сцяпана «Адна капейка» праходзяць толькі ў 11 класе, а яна цікавая больш сямікласнікам, чым старшакласнікам. У сёмым-восьмым класе для вучняў вельмі важныя маральна-этычныя аспекты. Гэта пераходны ўзрост, калі яны шукаюць адказы на многія пытанні і знаходзяць іх не заўсёды там, дзе трэба. Між іншым, у нас ёсць цудоўная літаратура... Падлеткі заўсёды вельмі добра ўспрымалі «Бацьку» Рыгора Барадуліна, настолькі кранаў іх гэты твор, настолькі ён быў ім зразумелы, але яго знялі са школьнай праграмы. Увогуле, дзеці вельмі здзіўляюцца, калі ім кажаш, што ты знаёмы з кімсьці з пісьменнікаў. «Як гэта? Юлія Іванаўна, а колькі ж вам гадоў? Вы быццам бы яшчэ маладая?» Для іх беларуская літаратура, на жаль, не асацыюецца з сённяшнім днём. Гэта штосьці з іншай рэчаіснасці...

Для мяне, як для настаўніка, які выкарыстоўвае на ўроку інфармацыйныя тэхналогіі, вучыць карыстацца «Белазарам», рабіць тэксты ў Гугле, алічбоўваць іх, проста катастрофа — забараніць на ўроку гаджэты. Ну давайце яшчэ лямпачкі павыкручваем і свечкі запалім...

На 1200 вучняў у школе закуплена 20 планшэтаў. У нас ва ўсіх кабінетах ёсць інтэрнэт, але да яго падключаны толькі камп'ютар настаўніка. Мяркую, што забарона мабільных тэлефонаў — гэта панацэя для педагогаў, якія не могуць утрымаць увагу дзіцяці на ўроку. А я лічу, што трэба павярнуць сітуацыю ў свой бок, і зрабіць так, каб тое, што перашкаджала, дапамагло. Я тлумачу калегам, як можна выкарыстоўваць разнастайныя вэб-інструменты, трэба толькі крышачку пасядзець і разабрацца ў іх. І дзеці гэта вельмі любяць. QR-коды для маіх вучняў — добра знаёмы элемент. Раней я хатнія заданні хавала за QR-кодамі...

На жаль, заданні створаныя для выкарыстання праз вэб-інструменты, вельмі спрошчаныя і разлічаны на рэпрадуктыўны ўзровень. Калі ты жадаеш стварыць нешта больш якаснае, трэба садзіцца і ствараць заданні да ўроку асабіста. Настаўнікі, прадметы якіх супадаюць з праграмай Расіі ці Украіны, знаходзяцца ў больш выгадным становішчы. Для іх зроблена ўжо вельмі шмат — толькі бяры і прымяняй...

Я шмат сваёй энергіі растрачваю на размовы з бацькамі і тлумачэнні, чаму сёння дзяцей трэба вучыць інакш? Спрабую пераконваць і сваіх калег. Кажу: «Уявіце сабе, што трэба тэрмінова зрабіць аперацыю. Што вы выбераце: поласцевую ці лапараскапічную? Чаму медыкі з лёгкасцю пагаджаюцца на новыя тэхналогіі і рухаюцца наперад, а настаўнікі застаюцца кансерватарамі?»

Каб застрахавацца ад прафесійнага самавыгарання, прымушаю сябе раз на паўгода распрацаваць нейкі вельмі цікавы ўрок для дзяцей, майстар-клас ці ўрок для дарослых. Калі бачу вочы дзяцей, гэта мне вельмі дапамагае. На сваіх уроках я часта стаўлю відэакамеру, каб паглядзець на сябе збоку. Настаўнік, як правіла, уяўляе сябе Богам у класе (мяркую па сабе, нікога не хачу пакрыўдзіць). Ты самы разумны, усё ведаеш, а дзеці становяцца проста матэрыялам. А калі праглядаеш відэа, то бачыш іх душы і сэрцы, бачыш, што тут некага пакрыўдзіў, хтосьці цэлы ўрок трымаў руку, а ты яго не заўважаў. Гэта дае каласальны эфект, атрымліваецца проста суперрэфлексія.

Прафесійна «не згарэць» мне дапамагаюць таксама метадычны летнік у Альхоўцы і ЕdСаmр Bеlаrus, дзе збіраюцца самыя неабыякавыя і творчыя педагогі. Я вучуся ў іх і маю гонар быць з імі знаёмая...

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Міфы, бонсцікі і беларуская мова


Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.