Вы тут

Віцебск. Горад, усё больш прывабны для турыстаў


Віцебск нядаўна адсвяткаваў 1045-годдзе. У абласным цэнтры з кожным годам усё больш турыстаў, якім паказваюць горад 65 прафесійных экскурсаводаў і тры гіды-перакладчыкі, у тым ліку з кітайскай мовы. Прывабнасць Віцебска з пункту гледжання развіцця турызму пацвярджае той факт, што экскурсійныя туры арганізоўваюць фірмы з іншых гарадоў краіны і блізкага замежжа.


А на ліхтарах — чалавечак

У горадзе над Заходняй Дзвіной, канешне, абавязкова трэба ўбачыць усё, што нагадвае пра самага славутага віцябляніна. Марк Шагал праславіў горад, дзе нарадзіўся, на ўвесь свет. Дарэчы, адзін з экскурсійных маршрутаў мае назву «Віцебск — горад Марка Шагала».

У абласным цэнтры найбольшае развіццё атрымаў культурна-пазнавальны турызм. Рэсурсам для яго развіцця з'яўляюцца 107 гісторыка-культурных каштоўнасцяў, сем аб'ектаў археалагічнай спадчыны, пяць музейных устаноў з філіяламі.

Як паведаміў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын, з мэтай далейшага развіцця турызму ў горадзе праводзіцца работа па добраўпарадкаванні і развіцці турыстычнай інфраструктуры. За апошнія некалькі гадоў з'явіліся новыя скульптуры: «Стары Хатабыч», «Залатая Рыбка», «Віцебскі волат» (самаму высокаму чалавеку ў свеце Фёдару Махнову), «Лучоса», помнік дэсантніку...

Каля ратушы, якая з'яўляецца сімвалам горада, на вуліцы Крылова можна адпачыць на ўнікальнай арт-лаве «Сядзейка». Рэалізаваны арт-праект «Дзядзька Віця» (размяшчэнне на ліхтарах выявы чалавечка).

Летась у дарэвалюцыйным асабняку на вуліцы Марка Шагала ўрачыста адкрыўся музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча.

Ажыццяўляецца работа над новымі праектамі: «Над горадам» (калі скрыпачка выступае на балконе ратушы) і «Васільковы гід» (па ўсталяванні інфармацыйных знакаў з QR-кодамі).

Сёлета распрацаваны і тыражаваны новыя карты, якія спалучаюць у сабе і даведнік па горадзе. Плануецца размяшчэнне гэтых карт з магчымасцю запампоўкі на афіцыйным сайце Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта ў раздзеле «Віцебск турыстычны».

У горадзе функцыянуе больш за 50 прадпрыемстваў туріндустрыі, якія прапануюць праграмы як унутранага, так і міжнароднага турызму.

Прыязджаюць па падзеі

Штогод экскурсаводамі, турыстычнымі прадпрыемствамі, музеямі, студэнтамі ВДУ імя П. М. Машэрава распрацоўваюцца аўтарскія экскурсіі.

Значнае развіццё ў Віцебску атрымаў падзейны фестывальны турызм. Сярод найбольш значных міжнародных культурных форумаў — «Славянскі базар у Віцебску», фестываль імя І. І. Салярцінскага, сучаснай харэаграфіі ІFMC. Вельмі папулярны таксама міжнародны турнір па спартыўных бальных танцах «Віцебская Сняжынка» і іншыя культурныя і спартыўныя падзеі.

Адна з віцебскіх турыстычных фірмаў сумесна з супрацоўнікамі музея-сядзібы мастака Ільі Рэпіна «Здраўнёва», гарадскім цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама каледжам культуры і мастацтва праводзіць вялікую работу па прыцягненні дзяцей і моладзі з розных краін на фестываль дзіцячай і маладзёжнай творчасці «Вясёлка над Віцебскам». Падчас яго арганізуюцца выстаўкі-конкурсы, майстар-класы, пленэры. Толькі сёлета ў гэтым фестывалі ўдзельнічала больш за 1100 чалавек з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы і іншых краін.

Для размяшчэння турыстаў у горадзе працуюць 11 гасцініц, у тым ліку два буйныя турысцка-гасцінічныя комплексы, і столькі ж хостэлаў. Пазалетась у гістарычным цэнтры адкрыўся новы гатэль.

Работнікі турыстычных кампаній і гасцініц бяруць актыўны ўдзел у турыстычных выстаўках і семінарах. У красавіку мінулага года быў арганізаваны рэкламны тур для прадстаўнікоў вядучых польскіх тураператараў.

Дарэчы, на працягу апошніх гадоў у Віцебску назіраецца станоўчая дынаміка экспарту турыстычных паслуг. У прыватнасці, у студзені — маі ён перавысіў 1,1 мільёна долараў ЗША з тэмпам росту 104,6 % да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года.

Шмат інвестуецца ў культуру

У Віцебску нямала грошай укладваецца ў развіццё культуры. На высокім арганізацыйным і мастацкім узроўні штогод праводзіцца каля 2000 мерапрыемстваў. Самай значнай культурнай падзеяй года па-ранейшаму застаецца Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Сёлета ён прайшоў 28-ы раз і сабраў прадстаўнікоў 42 краін свету і больш за 5000 удзельнікаў. У рамках фестывалю адбылося больш за 20 спадарожных мерапрыемстваў.

Пэўная ўвага была ўдзелена ўдасканаленню і ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры. У адпаведнасці з інвестыцыйнай праграмай летась завершаны работы па рэканструкцыі будынка «Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча». Таксама былі выкананы работы па рэканструкцыі будынка па вуліцы Сярэдненабярэжнай, 7, які з'яўляецца помнікам архітэктуры канца XІX — пачатку XX стагоддзя. У ім адкрыты аддзел загс адміністрацыі Чыгуначнага раёна. Акрамя таго, былі завершаны работы па рэканструкцыі тэнісных кортаў і ніжняга ўзроўню культурна-спартыўнага комплексу летняга амфітэатра, дзе ўжо абсталяваны гарадок экстрэмальных відаў спорту.

У рамках рэалізацыі міжнароднага праекта пры падтрымцы Еўрапейскага саюза ствараецца інтэрактыўны цэнтр так званай жывой гісторыі «Варгентон». У ліку іншага там можна будзе наведаць рамесныя майстэрні.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».