Вы тут

Як становяцца паэтамі, або на што творцу можа натхніць бульба


«Калі аўтар кажа, што піша толькі для сябе, — не верце. Творчаму чалавеку патрэбен глядач ці слухач», — сцвярджае паэтка Ганна Сабалевіч. Дзяўчына скончыла эканамічны факультэт БДУ, працуе маркетолагам, а ў вольны час... піша вершы пад псеўданімам SANN. Летась яна выпусціла аднайменны зборнік. Дзе ўзяць рашучасці, каб падзяліцца сваёй творчасцю? Як прыцягнуць аўдыторыю? А знайсці ўласны стыль? Пра ўсё гэта Ганна расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».


Першы «сур'ёзны» верш Ганна напісала ў школе і прысвяціла яго старшакласніку, у якога была закаханая. Сапраўдны паэтычны шлях дзяўчына пачала на другім курсе ўніверсітэта, калі паступова пачаў афармляцца яе індывідуальны стыль.

— Я перастала рыфмаваць дзеясловы. Мне нецікава чытаць вершы класічнага плана. У іх нельга дадумаць чагосьці свайго, — лічыць паэтка. — На мяне моцна паўплываў раман «Мы» Яўгена Замяціна. Хоць твор і напісаны ў прозе, многія фразы, знакі прыпынку чытач можа расшыфраваць так, як ён сам таго хоча. Падобнага эфекту я дабіваюся ў сваіх вершах.

Дзяўчына натхняецца творчасцю Уладзіміра Маякоўскага, Веры Палазковай, Яўгена Соя. Ганна не ўтойвае: некаторыя мастацкія прыёмы яна падгледзела ў любімых паэтаў. Аднак выкарыстоўвае іх ва ўласнай інтэрпрэтацыі.

—  Напрыклад, ёсць выраз «as you wіsh» (ад англ. «як пажадаеш». — Аўт.), а ў рускай мове бясконцая колькасць дзеясловаў з канчаткам «ишь». Атрымліваецца небанальная рыфма, якую я вельмі люблю. З дапамогай англійскай мовы ўзнікае цікавая гульня слоў. Аднойчы мне ў галаву прыйшоў выраз «больш, чым more». Гэта пра маштабы — можна перавесці як «больш, чым больш». І адначасова прачытаць як «больш, чым мора», — тлумачыць Ганна.

Дзяўчына прызнаецца, што ў яе добра развіта асацыятыўнае мысленне і зрокавая памяць. Ёй пастаянна візуальна ўяўляюцца розныя словы і варыяцыі іх пастаноўкі. Паэтка нават стварае неалагізмы.

—  Нядаўна прыдумала слова «суботнічаць». Гэта азначае — паводзіць сябе ў рабочы дзень так, быццам у цябе выхадны, — тлумачыць Ганна. — Я ўдзячная маме за тое, што ў дзяцінстве яна чытала мне шмат кніжак. Карані майго ўнутранага філолага ідуць адтуль.

* * *

З 2013 года свае вершы Ганна выкладвае ў групе ва «УКантакце». Доўгі час дзяўчына пра гэта нікому не расказвала. На «паблік» было падпісана ўсяго пяць чалавек, якіх паэтка нават не ведала.

—  Вершы можна захоўваць рознымі спосабамі: у сшытку, у нататках на тэлефоне, ды хоць у выглядзе запісак на халадзільніку. Мне ж зручна было размяшчаць іх у сацыяльнай сетцы. Так я бачыла храналогію сваёй творчасці. Часта прагортвала «сцяну» групы і глядзела, як змяняецца мой стыль, настрой, — кажа суразмоўніца.

Пасля публікацыі зборніка колькасць удзельнікаў «пабліка» ўзрасла да сямісот чалавек. Паэтка актыўна спрабуе прыцягнуць аўдыторыю.

—  Я адначасова і паэт, і SMM-спецыяліст, — жартуе Ганна. — Цяпер вершы ў групу выкладваю толькі ў пэўны час, суправаджаю іх прыгожымі малюнкамі. Рэкламую свой «паблік» праз іншыя старонкі ў сацыяльнай сетцы.

* * *

Галоўную прычыну, па якой Ганна вырашыла апублікаваць зборнік, яна тлумачыць так:

—  Мастак можа памацаць сваю карціну, а вось паэту ў гэтым плане больш складана. Для мяне важна літаральна дакранацца да вершаў. Праводзіць рукамі па надрукаваных радках — асаблівае задавальненне.

Калі нарадзілася ідэя зборніка, у дзяўчыны было толькі 30 вершаў. Яна вырашыла: «Напішу 50 — займуся публікацыяй». Праз тры месяцы мэта была дасягнута. Ганна падзяліла ўсе свае вершы на тры групы.

—  Першая частка зборніка — пра закаханасць, другая — пра любоўныя пакуты кахання, а трэцяя — філасофская. Усё як у жыцці: ты ўлюбляешся; калі пачуцці праходзяць, табе балюча; потым боль слабее, і ты паварочваешся тварам да сябе, разважаеш пра тое, хто ты ў гэтым свеце. Ёсць яшчэ чацвёртая частка, у якой усяго адзін верш. Ён даносіць думку, што, колькі б ты ні праводзіў часу са сваім асяроддзем, унутры ты ўсё роўна адзін, — кажа паэтка.

Ганна вызначыла паслядоўнасць вершаў, прыдумала загаловак для кожнай часткі, падабрала ілюстрацыі. Вокладку дзяўчына звярстала самастойна ў праграме Photoshop. Назва зборніка —«SANN» — зашыфраваныя імя і прозвішча паэткі. А побач з ім на вокладцы фраза-тлумачэнне — «чытаць як сонца».

І вось галоўны этап  — званок у выдавецтва. Зрабіць яго дзяўчына доўга не адважвалася.

— Было страшнавата паказваць чужому чалавеку свае вершы. Але мне пашанцавала, калі я нарэшце знайшла прыдатнае выдавецтва, — расказвае Ганна.

Для прэзентацыі зборніка паэтка арандавала памяшканне. Мерапрыемства не рэкламавала — запрасіла толькі тых, з кім была гатова падзяліцца асабістым.

— Перад чытаннем хвалявалася. Нават не чакала, што прыйдзе шмат людзей. Але калі ўсе погляды былі скіраваныя на мяне, раптам адчула, што гатова дарыць усім сваю станоўчую энергетыку. Гэта неверагодна!

* * *

— Мы з мамай шмат разоў спрабавалі гатаваць бульбу ў духоўцы, але яна чамусьці не запякалася. Мы не разумелі, у чым справа, пакуль аднойчы нашы знаёмыя не параілі паставіць духоўку на іншы рэжым. Пасля гэтага выпадку я напісала верш, у якім гаворыцца, што нельга рабіць адно і тое ж і спадзявацца на іншы вынік. Так, як сапраўдны беларускі паэт, я натхнілася бульбай, — смяецца Ганна.

Калі казаць сур'ёзна, дзяўчыну больш за ўсё натхняюць людзі.

— Я пішу вершы пра свае ўзаемаадносіны з грамадствам. Гучыць банальна. Аднак на тое і існуюць тысячы аўтараў, каб кожнаму чытачу штосьці прыйшлося даспадобы, — сцвярджае паэтка. — Творчасцю я хачу паказаць, што быць сентыментальным — нармальна, любыя душэўныя перажыванні — гэта прыгожа.

Ганна ніколі не прымушала сябе пісаць. Адзінае — яна імкнецца не ўпускаць імпульс. Жаданне тварыць прыходзіць і ў дзве гадзіны ночы, і за рулём аўтамабіля, і пры размове з сяброўкай.

— Я «страціла» некалькі вершаў проста таму, што своечасова не запісала думку, — прызнаецца дзяўчына. — Стараюся ў меншую колькасць слоў змясціць як мага больш сэнсу, бо цяпер у людзей няма часу чытаць паэмы.

* * *

Ганна ўсур'ёз задумваецца аб стварэнні другога зборніка. Аднак пакуль матэрыялу для яго недастаткова. Найбліжэйшая мэта —  сто вершаў.

— У мяне ёсць знаёмыя, якія таксама пішуць іх. Даведаўшыся пра мой вопыт, і яны плануюць апублікаваць зборнік. Гэта ідэя цяпер не здаецца нездзяйсняльнай. Тут няма нічога складанага, галоўнае — рашучасць і ўпэўненасць у тым, што твая творчасць будзе камусьці цікавая, — лічыць суразмоўніца. — Кажуць, паэзія памірае. Абсалютна не згодная. Яна відазмяняецца, эвалюцыянуе, але жыве. Зараз паэтам больш складана: усё ўжо створана да іх, застаецца толькі камбінаваць словы, гуляць з імі. Гэтым я і займаюся.

P.S. Паэтка прызналася, што па-беларуску вершы ніколі не пісала. Аднак інтэрв'ю натхніла Ганну на эксперымент.

З'явілася на маім парозе,

ззяеш вачыма.

Ты падобна

да словаў лепшых

у вершах і прозе.

Ці гэта магчыма:

быць самай прыгожай

істотай у прыродзе?..

Дзе ты цяпер?

не ведаю нічога,

як той самы Джон Сноў.

Пазбаў мяне

ад асцярогі

не ўбачыць твае вочы

зноў.

Ганна КОСАР

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.