Вы тут

Як трапіць у дзіцячы тэхнапарк?


Даследчы праект, тэст і гутарка.

Міністэрства адукацыі вызначыла парадак адбору навучэнцаў у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк для засваення праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі. Адпаведная пастанова размешчана на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала.


Адбор будзе весціся, як правіла, з ліку навучэнцаў 9—11-х класаў устаноў, якія рэалізуюць праграмы агульнай сярэдняй адукацыі і спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй. Тэрміны яго правядзення вызначаюцца дзіцячым тэхнапаркам і размяшчаюцца на сайце ўстановы не пазней чым за 20 каляндарных дзён да пачатку.

Адбор будзе праводзіцца экспертным саветам дзіцячага тэхнапарка ў тры этапы. Для ўдзелу ў першым з іх навучэнец накіроўвае на сайт дзіцячага тэхнапарка праект (работу) даследчага характару ў выглядзе файла ў фармаце PDF. Праекты, якія набралі найбольшую колькасць балаў, дапускаюцца да наступнага этапу. Да ўдзелу ў другім этапе без праходжання першага дапускаюцца таксама пераможцы, прызёры міжнародных і рэспубліканскіх адукацыйных мерапрыемстваў, удзельнікі заключнага этапу рэспубліканскіх адукацыйных мерапрыемстваў, пераможцы або прызёры абласных (мінскага гарадскога) этапаў такіх мерапрыемстваў. Падчас другога адборачнага этапу навучэнцы выконваюць тэставыя заданні на вызначэнне ўзроўню іх тэхнічнага, аналітычнага і прасторавага мыслення. На трэцім этапе прадугледжана субяседаванне, па выніках якога фарміруюцца групы для навучання па пэўных кірунках.

Школьнікі, якія набралі найбольшую суму балаў па выніках другога этапу, маюць першачарговае права на залічэнне для навучання па кірунку, названым імі пры падачы заяўкі. Астатнім навучэнцам можа быць дадзена магчымасць навучання па іншых кірунках пры наяўнасці вакантных месцаў.

Таксама пастановай Міністэрства адукацыі быў зацверджаны парадак рэалізацыі ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі. Яна скіравана на выяўленне і развіццё ў вучняў здольнасцяў да навукова-даследчай і вынаходніцкай дзейнасці, разлічана на вочную і завочную формы атрымання адукацыі. Пры гэтым адукацыйны працэс у вочнай (дзённай) форме атрымання адукацыі арганізуецца ў дзіцячым тэхнапарку па зменах у навучальных групах па 7—10 чалавек або індывідуальна. У завочнай (дыстанцыйнай) форме — толькі індывідуальна. Тэрмін атрымання дадатковай адукацыі ў вочнай форме складае ад 21 да 24 каляндарных дзён, у завочнай — 3 месяцы.

Пасля засваення навучэнцам зместу адукацыйнай праграмы дзённай формы ён на падставе заявы законных прадстаўнікоў можа быць залічаны на дыстанцыйную форму атрымання адукацыі.

Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк — гэта якасна новая ўстанова адукацыі, скіраваная на выхаванне нацыянальнай інтэлектуальнай эліты. Як мяркуецца, штогод у ім будзе вучыцца каля дзвюх тысяч найбольш адораных дзяцей. Галоўныя кірункі — робататэхніка, 3D-мадэляванне, інтэрнэт-праекты, інфармацыйныя тэхналогіі — усяго каля 10. Плануецца, што парк пачне працаваць у сталіцы да 1 студзеня 2021 года.

Надзея НІКАЛАЕВА

Прэв'ю: profirk.ru

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.