Вы тут

Канал «Культура» знаёмiць маленькiх слухачоў з казкай «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй»


Канал «Культура» Беларускага радыё ў праграме «Дасцiпныя. Нястомныя. Кемлiвыя» пачаў знаёмiць маленькiх слухачоў з творам Наталлi Бучынскай «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй».


Рубрыка «Чароўны куфэрак» iснуе ў радыёклубе для дзяцей i падлеткаў шмат гадоў. За мiнулы сезон слухачы пачулi тут беларускiя народныя казкi, аповесцi Паўла Мiсько «Прыгоды Бульбобаў» i «Як на нашы iмянiны...», казкi Алены Масла «Як панi Чаротная ў Палангу на госцi бегала» i «Пацучок Фелек», творы Наталлi Бучынскай «Атракцыёны для вадзянiкоў», «Прыгоды маленькай машынкi», «Як бабры прытулак шукалi», аповесць Пятра Васючэнкi «Каляровая затока» i iншае.

— Сучасныя бацькi маюць два арыенцiры — уласнае дзяцiнства i рэкламу навiнак. А што ж з кнiгамi, якiя выйшлi «паўпакалення» таму? Iх ужо няма ў кнiгарнях, але дзецi, што iх чыталi, пакуль самi не сталi бацькамi. Такiм чынам, наш «Чароўны куфэрак» вяртае ў поле зроку чытачоў цiкавыя творы нашых аўтараў», — кажа кiраўнiк праектаў Наталля Сiротка.

Аўдыяверсiя казкi «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй» прагучыць на хвалях канала «Культура» ў выкананнi артысткi Лiкi Пташук. «Гэта выдатны тэкст, лёгкi, выразны. Працаваць з iм — адно задавальненне. Я ўжо не ўпершыню сустракаюся з дзiцячымi творамi Наталлi Бучынскай i буду рада асабiстаму знаёмству», — падзялiлася ўражаннямi ад работы актрыса.

Кнiга «Незабыўныя сустрэчы з авечкай Адэляй» убачыла свет у 2013 годзе. Пiсьменнiца зарэгiстравала электронны адрас для сваёй гераiнi, i цяпер авечка Адэля прымае лiсты ад маленькiх чытачоў.

— Вобраз упартай, кемлiвай i гламурнай авечкi Адэлi паўстаў перада мной так жыва, што аповеды пра яе прыгоды проста пацяклi ракой. Спрэчкi аўтара з гераiняй — авечкай, якая марыць стаць сусветна вядомай зоркай, — даюць дзецям адчуванне, быццам i яны таксама могуць паўдзельнiчаць у развiццi гiсторыi. Дарэчы, многiя чытачы далучылiся да абмеркавання пытанняў, якiя iм прапаноўвала Адэля на старонках часопiса «Бярозка». Iншыя дасылаюць на яе паштовую скрыню малюнкi. Ёсць i такiя, якiя лiстуюцца з ёю, расказваюць пра сваiх сяброў, пра школу i сям'ю, пра хатнiх гадаванцаў. Бывае, дзеляцца перажываннямi пра стасункi з блiзкiмi цi нават просяць парады. I Адэля нiколi не забывае адказваць сваiм чытачам, — расказала пiсьменнiца Наталля Бучынская.

Дарэчы, у новым сезоне аб'ём лiтаратурна-драматычнага вяшчання для дзяцей на канале «Культура» пашырыўся. Рубрыка «Чароўны куфэрак» цяпер гучыць чатыры разы на тыдзень — з аўторка да пятнiцы. А праект «Дасцiпныя. Нястомныя. Кемлiвыя» выходзiць у 16.05 i паўтараецца зранку ў 10.05. I што важна, на сайце radiokultura.by захоўваюцца выпускi праграмы за апошнi месяц, таму ўсе зацiкаўленыя могуць паслухаць пачатак гiсторыi.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.