Вы тут

Чым небяспечныя прарослыя ў электралініях дрэвы


У зону абслугоўвання філіяла «Маладзечанскія электрычныя сеткі» ўваходзяць чатыры раёны: Маладзечанскі, Валожынскі, Вілейскі і Мядзельскі. Без пастаяннага ўзаемадзеяння супрацоўнікаў сетак з сельсаветамі наўрад ці ўдалося б ахапіць увагай вёскі гэтых раёнаў.


Старшыня Красненскага сельскага савета Маладзечанскага раёна Валянціна Кісель прызнаецца, што лепш за ўсё «драўляныя» пытанні вырашаць з электрычнымі сеткамі. І прыводзіць прыклад аператыўнага рэагавання прадстаўнікоў ведамства на заяўку сельсавета прывесці ў парадак каля аднаго з вясковых дамоў вялізнае дрэва. Яго прарослыя праз электралінію даволі тоўстыя галіны пагражалі абрывам правадоў. Літаральна на наступны дзень прыехалі спецыялісты электрычных сетак і зрабілі кароткую «прычоску» дрэву — яго кардынальна абрэзалі. Цяпер пры моцных парывах ветру галіны не дакранаюцца правадоў.

А вось адносіны з іншымі службамі ў Красненскага сельсавета складваюцца не так проста.

— Увогуле спілаваць аварыйнае дрэва — суцэльная праблема, — разважае Валянціна Мікалаеўна. — Складаней за ўсё дамаўляцца з дарожнікамі, камунальнікамі. У іх адна песня: няма адпаведнай тэхнікі і спецыялістаў. Таму нярэдка даводзіцца звяртацца да індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаюцца так званым прамысловым альпінізмам. У іх ёсць неабходныя прылады, тэхнічныя сродкі, экіпіроўка, навыкі. Але і цана пытання высокая, — кажа Валянціна Мікалаеўна.

Дзеля справядлівасці заўважым, што супрацоўнікам электрасетак прасцей ваяваць з аварыйнымі і занадта высокімі дрэвамі — яны ўзброены спецыяльнымі вышкамі. Аднак акрамя тэхнічных магчымасцяў трэба мець і жаданне трымаць пастаянны кантакт з сельскімі Саветамі.

— Па ўсіх пытаннях, якія датычацца электразабеспячэння сельскай мясцовасці, мы цесна супрацоўнічаем з мясцовымі ўладамі чатырох раёнаў. Гэта і абразанне крон высокіх дрэў, і выдаленне небяспечных дрэў, якія пагражаюць падзеннем на лініі электраперадачы. Нагадаю, для ліквідацыі аварыйнага дрэва абавязкова патрабуецца згода двух бакоў: сельсавета па арганізацыі работ і электрасетак. За намі стварэнне ўмоў для бяспечнага правядзення гэтых работ, — расказвае галоўны інжынер «Маладзечанскіх электрычных сетак» Юрый Рогач.

Раней у сельскай мясцовасці для падводу электрычнасці да дамоў ужываліся неізаляваныя правады. Так было значна танней. Цяпер для падводу электрычнасці выкарыстоўваюцца толькі ізаляваныя правады або кабелі. Іх прымяненне значна павышае ўзровень бяспекі, ускладняе крадзеж электраэнергіі. Але гэта не значыць, што такі падыход і абразанне крон высокіх дрэў адразу вырашаюць праблему «прарослых» правадоў. Аварыйнае дрэва лепш за ўсё па магчымасці спілаваць.

Старшыня Маладзечанскага райсавета Андрэй Паўкшта сцвярджае, што на сесіях раённага Савета рэгулярна разглядаюцца пытанні добраўпарадкавання тэрыторый населеных пунктаў. Зразумела, закранаецца і праблема аварыйных дрэў.

— На іх ліквідацыю сельсаветам выдаткоўваюцца бюджэтныя сродкі. Але грошай, вядома, не хапае. Тады дэпутаты райсавета арганізоўваюць суботнікі, заклікаюць на дапамогу арганізацыі і сельгаспрадпрыемствы раёна. Агульнымі намаганнямі ўдаецца зрабіць больш, чым дазваляюць магчымасці бюджэту, — кажа суразмоўнік.

Дарэчы, па правілах на нізкавольтных паветраных лініях (да 400 вольт) неізаляваныя правады павінны быць на вышыні не менш за шэсць метраў, а ізаляваныя — не менш за пяць метраў ад зямлі, адлегласць да крон дрэў павінна складаць не менш за адзін метр. Далёка не ўсе вяскоўцы ведаюць гэта. Дэпутат райсавета Віктар Невяровіч мяркуе, што сельскім саветам варта ўзмацніць тлумачальную работу на вёсцы, раскрываць небяспеку прарослых у электралініі высокіх дрэў.

— Тут трэба ўлічваць і псіхалогію сталых людзей. Некалі яны, гаспадары вясковых сядзіб, пасадзілі побач з домам тонкія, у палец, пруткі. А цяпер гэта ўжо вялікія і прыгожыя ліпы, ясені, таполі, каштаны, бярозы. Шкада псаваць іх прывабную крону дзеля нейкіх там правадоў. І далёка не ўсе вяскоўцы ўсведамляюць, што гэта небяспечна для іх саміх, — кажа дэпутат.

Набліжэнне зімы звычайна суправаджаецца непагаддзю, моцнымі вятрамі. І, як вынік, падзеннямі старых дрэў на дарогі, дахі жылых дамоў, прыпаркаваныя побач аўтамабілі, электралініі і гэтак далей. Акрамя таго, галінкі дрэў, якія сутыкаюцца з неізаляванымі правадамі ў дождж ці густы туман з расой, ператвараюцца ў своеасаблівы праваднік току. Адсюль і страты электраэнергіі (яна часткова «сыходзіць» у зямлю). Знаходжанне ў дождж каля такога дрэва нават пагражае жыццю чалавека. Між іншым, і ў сонечнае надвор'е таксама існуе схаваная пагроза: пры рэзкім дотыку сухой галінкі да неізаляванага провада ён можа заіскрыць і стаць прычынай запальвання, а затым нават і пажару, калі дах дома побач.

А ўвогуле з электрычным токам трэба быць заўсёды на «вы», бо ігнараванне патрабаванняў бяспекі прыводзіць да няшчасных выпадкаў. І прыкладаў гэтаму шмат.

Леанід Лахманенка

Маладзечанскі раён

Прэв'ю: 360tv.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

Магілёўская вобласць ушанавала лідараў уборачнай кампаніі

У Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».