Вы тут

Якія прэтэнзіі існуюць да прадпрымальнікаў, што працуюць у рытуальным сэрвісе?


Могiлкi — наша агульнае месца смутку, i якi там парадак, залежыць не столькi ад камунальнiкаў i дэпутатаў, колькi ад нас. Дагледжанае асобна ўзятае пахаванне — прыклад для пераймання iншым. Цяпер стала модным рабiць прыгожыя афармленнi, шыкоўныя помнiкi, нават зоны са сталамi i лаўкамi, каб можна было пасядзець у цiшынi, згадаць таго, каго ўжо няма на гэтым свеце. На памяцi, як той казаў, не эканомяць. Галоўнае пры гэтым — не забыцца, што за вашай агароджай таксама чыясьцi памяць. Павага да памерлых продкаў — гэта святое. Але, на жаль, чамусьцi не для ўсiх.


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА. Здымак носіць ілюстрацыйны характар

Чорны бiзнес

Асабiста ведаю чалавека, якi, нягледзячы на вельмi паважаны ўзрост, амаль штогод прыязджае з Амерыкi ў маленькi раённы цэнтр, каб навесцi на могiлках сваiх бацькоў парадак. Самому яму гэта рабiць цяжка, i ён звяртаецца да тых, хто аказвае такiя паслугi за грошы. Сёння iх нават у раёне, як у горадзе N з рамана Iльфа i Пятрова, колькi заўгодна. Вось амерыканец i звярнуўся ў адно такое бюро, аддаў грошы i спакойна паехаў у свае Штаты. Рытуальшчык спачатку абяцаў добраўпарадкаваць пахаванне восенню, цяпер адкладвае да вясны. Стары чалавек на тым канцы зямлi сабе месца не знаходзiць, шукае, як паўплываць на гэтага махляра. Пакуль, на жаль, безвынiкова.

Такiх выпадкаў, як высветлiлася, дастаткова. Апошнiм часам стала больш нядбайных прадпрымальнiкаў, якiя бяруць грошы за добраўпарадкаванне месцаў пахаванняў, а потым знiкаюць. Цi нешта робяць, але так, што нi сабе нi людзям. Дабiцца праўды бывае вельмi цяжка. Даводзiцца абiваць парогi юрыстаў, звяртацца ў суд, укладваць дадатковыя грошы.

У Магiлёўскiм гарадскiм таварыстве па абароне спажыўцоў могуць расказаць шмат такiх гiсторый. Прычым серыйных, накшталт вось гэтай. Адна магiляўчанка заказала афармленне пахавання ў прадпрымальнiка-рытуальшчыка. Ён нешта рабiў, але пасля яго ўмяшання пахаванне стала выглядаць яшчэ горш, чым было да гэтага: аднекуль замест яшчэ нармальнага столiка з’явiўся стары i ржавы, а лаўка наогул знiкла. У судзе высветлiлася, што прадпрымальнiк добраўпарадкаваў могiлкi сваiх клiентаў за конт iншых пахаванняў. Напрыклад, дзесьцi знiмаў агароджу i прывозiў на новы «аб’ект» — адным словам, перастаўляў могiльнiкавую маёмасць з аднаго месца на другое. Калi незадаволеных паслугамi рытуальшчыка стала шмат, ён закрыў свой гандлёвы пункт i перастаў адказваць на тэлефонныя званкi.

— Прэтэнзiй да якасцi работы прадпрымальнiкаў, занятых у рытуальным сэрвiсе, нямала, — адзначыла старшыня Магiлёўскай гарадской арганiзацыi абароны спажыўцоў Вольга Баранава. — Бывала, што фота чалавека на помнiку атрымлiвалася перавернутае або iмя нябожчыка блыталi з iмем заказчыка. Не рэдкасць, калi зацягваюць тэрмiны выканання дагавора, мяняюць дызайн надмагiлля, ненадзейна замацоўваюць элементы кампазiцыi. Здаралася, што чалавек заказваў помнiк з мармуру, а яго выраблялi з больш таннага матэрыялу. Усiх выпадкаў нават адразу i не ўспомнiш. Бывае, што за месяц звяртаецца болей за дзесяць чалавек. Прычым гiсторыi такiя, што становiцца страшна за людзей, якiя так абыходзяцца з чужой памяццю. Мы ж таксама не вечныя.

А прыбраць за сабой?

А цяпер замалёўка з Глушанскага сельсавета Бабруйскага раёна. Не памылюся, калi скажу, што яна тыповая. У якасцi пацярпелых выступаюць ужо не фiзiчныя асобы, а тыя, хто сочыць за парадкам на могiлках.

— На нашай тэрыторыi восем грамадзянскiх могiлак, — кажа старшыня Глушанскага сельсавета Марыя Сушчанка. — Усе магiлы на ўлiку, у кожнага пахавання свой парадкавы нумар, зафiксаваны ў спецыяльнай праграме — лакальнай аўтаматызаванай iнфармацыйнай сiстэме органаў мясцовага кiравання i самакiравання пярвiчнага тэрытарыяльнага ўзроўню. Самая вялiкая праблема, адпаведна, самая дарагая — знос аварыйных дрэў. Улiчваючы, як хутка сохнуць могiлкавыя бярозы i сосны, даводзiцца часта наймаць альпiнiстаў, каб iх выдаляць. Дзесьцi атрымлiваецца прыцягнуць да фiнансавання мясцовых жыхароў, але часцей за ўсё цяжар цалкам кладзецца на сельсавет. Пасля таго як папрацуюць альпiнiсты, запрашаем людзей на суботнiк. Больш сумленныя прыходзяць, а некаторыя толькi тэлефануюць i скардзяцца, што мы насмецiлi. Даводзiцца нагадваць, што клопат пра могiлкi — гэта агульная справа. Мы лiквiдавалi аварыйную сiтуацыю, а вы чым дапамаглi?

Апошнiм часам з’явiлася новая тэндэнцыя. Калi раней людзi прыходзiлi прыбрацца на могiлкi раз у год — перад Радаўнiцай, — то цяпер iдуць круглы год. I нясуць на сметнiк i траву, i пясок, i цэглу. Даводзiцца рэгулярна вывозiць горы смецця, а гэта таксама вялiкiя фiнансавыя затраты. Але ёсць i такiя, хто сваё смецце зусiм не выносiць, а проста адгортвае ўбок. На могiлках, вядома, не павесiш фотафiксатары, а значыць, за руку нiкога не схопiш. Некаторыя кiдаюць на тэрыторыi нават старыя дэмантаваныя помнiкi. Такое ўражанне, што чалавек, якi заказаў добраўпарадкаванне пахавання сваiх продкаў, не стаў абцяжарвацца тым, каб прыняць работу, якую для яго зрабiлi. Добра, калi атрымлiваецца знайсцi гаспадара, але часта помнiк абязлiчваецца — адбiваюцца таблiчкi, каму ён належаў. I тады вынас аб’ёмiстага прадмета робiцца ўжо праблемай сельсавета.

Хацелася б, каб грамадзянская пазiцыя людзей была не спажывецкая, а больш свядомая. Чыста там, дзе людзi наводзяць парадак, не абражаючы памяць тых, чые пахаваннi знаходзяцца побач.

Павага перш за ўсё

Старшы памочнiк пракурора Магiлёўскай вобласцi па прававым забеспячэннi, iнфармацыi i грамадскiх сувязях Алена Шумейка прыгадала, як адзiн з магiлёўскiх рытуальшчыкаў за махiнацыi на тэрыторыi Магiлёўскай i Вiцебскай абласцей атрымаў чатыры гады калонii строгага рэжыму. Чалавек панёс пакаранне, але ж гэта асобна ўзяты выпадак. Праблема, на жаль, засталася.

— Каб не стаць заложнiкам махляроў, трэба перад тым, як звярнуцца ў нейкую рытуальную фiрму, праманiторыць яе статус i паглядзець водгукi на якасць паслуг, — раiць Алена Шумейка. — Калi шмат негатыву, лепш устрымацца i даверыць свае грошы iншым. Нават калi вы ўпэўнены, што вас не абдураць, не варта ўносiць адразу ўсе грошы за паслугi. Дастаткова перадаплаты, прыняцце якой трэба абавязкова пацвердзiць адпаведным дакументам. Калi якасць работ нiзкая або тэрмiн выканання заказу зацягваецца, смела шлiце выканаўцу пiсьмовую прэтэнзiю. У крайнiм выпадку звяртайцеся ў мiлiцыю або суд.

А як быць у цэлым з могiлкамi? Як растлумачыць чалавеку, што парадак на iх залежыць не толькi ад суседа i так званага балансатрымальнiка, а i ад яго таксама? Тут, на жаль, з парадамi цяжэй, бо сумленне — яно або ёсць, або яго няма. Гэта як у вялiкiм шматпавярховiку, дзе жыве адразу вялiкая колькасць народу. Калi ёсць узаемаразуменне i павага да iншых, то i ў пад’ездзе чыста, i ў двары кветкi буяюць.

Нэлi ЗIГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».