Вы тут

Як будзе развівацца аграрны сектар Аршаншчыны


Сучасны стан i перспектывы развiцця аграрнага сектара Аршаншчыны абмеркавалi на выязным пасяджэннi Вiцебскага аблвыканкама

Удзельнiкi дэталёва абмеркавалi, як выконваецца падпраграма «Аграпрамысловы комплекс i лясная гаспадарка» праграмы развiцця Аршанскага раёна на перыяд да 2023 года.


Малочныя рэкi новых фермаў

Перад грунтоўным дыялогам удзельнiкi пасяджэння наведалi некалькi сельгасаб'ектаў: першымi сталi малочнатаварныя фермы фiлiяла «Цяплiчны» РУП «Вiцебскэнерга», якiя стаяць непадалёк ад вескi Стайкi. МТФ на 400 кароў пачала працаваць летам мiнулага года, маштабны праект рэканструкцыi рэалiзавалi лiтаральна за год, стварылi 17 рабочых месцаў. Сёння сутачны надой на жывёлу складае крыху больш за 20 кiлаграмаў.

Другi аб'ект — новы малочнатаварны комплекс на 1200 жывёл, пабудаваны згодна з Указам Прэзiдэнта № 506 «Аб развiццi Аршанскага раёна». Рэалiзацыя праекта ўключана ў комплексны план мерапрыемстваў па развiццi гэтага рэгiёна. Кошт рэалiзацыi праекта склаў 20,5 мiльёна рублёў.

— Аб'ект уяўляе сабой малочнатаварную ферму з замкнёным цыклам аднаўлення статка, — паведамiў дырэктар фiлiяла «Цяплiчны» Павел ФАМIНОЎ.

Тут прадугледжана выкарыстанне сучасных тэхналогiй у малочнай жывёлагадоўлi: бяспрывязнае ўтрыманне кароў, даенне на рабатызаваных даiльных устаноўках з забеспячэннем камп'ютарызацыi працэсаў дойкi, iндывiдуальнае кармленне кароў i iншыя навiнкi.

Увод у эксплуатацыю аб'екта дазволiць павялiчыць пагалоўе жывёлы да 2464 галоў, у тым лiку дойнага статку — да 1040 галоў, створыць 33 новыя рабочыя месцы. Аб'ём вырабу малака складзе 7900 тон.

Яшчэ адзiн станоўчы прыклад таго, як сельгаспрадпрыемства задумваецца пра будучыню, — гэта рэканструкцыя гаспадарчым спосабам старых фермаў былога саўгаса «Днепр». У двух кароўнiках атрымалi прапiску маладыя рагулi, побач месцiцца «дзiцячы садок» для цялятак. А яшчэ ў некалькiх старых будынках свiнакомплексу цяпер актыўна вядуцца будаўнiчыя работы. У перспектыве тут таксама будзе знаходзiцца буйная рагатая жывёла.

Як адзначыў старшыня Вiцебскага аблвыканкама Мiкалай ШАРСНЁЎ, сельгасарганiзацыi вобласцi маюць зношаную матэрыяльна-тэхнiчную базу, таму прынята цвёрдае рашэнне абнавiць яе за кошт будаўнiцтва новых малочнатаварных комплексаў i свiнакомплексаў i аднавiць тое, што калiсьцi было кiнута.

— I гэта работа ўжо паказала вынiкi на прыкладзе Аршанскага раёна, — падкрэслiў губернатар. — Акрамя таго, прынята рашэнне частку новых тэхналогiй, якiя датычацца гадавання жывёлы: ад маладняка да атрымання цялушак, рэалiзаваць у старых памяшканнях, што рэканструююцца i аднаўляюцца, а на новых комплексах стварыць умовы для дойнага статка. Гэта дазволiць паменшыць кошт МТК на 30—40 працэнтаў.

Акрамя таго, у Вiцебскай вобласцi ўжо налета плануецца грунтоўна абнавiць матэрыяльна-тэхнiчную базу сельгаспрадпрыемстваў.

— Мы ставiм дастаткова амбiцыйную задачу. На гэта арыентуем кiраўнiкоў прадпрыемстваў i старшынь райвыканкамаў, — падкрэслiў Мiкалай Шарснёў.

Працаваць над рэзервамi

Сур'ёзная размова па сутнасцi справы адбылася ўжо ў райвыканкаме. Старшыня аблвыканкама канстатаваў, што патрэбныя вынiкi за мiнулыя месяцы не дасягнуты. Паказчыкi растуць у параўнаннi з леташнiмi, але гэтага недастаткова для паўнавартаснага росту эканомiкi i ўзроўню жыцця людзей. У Аршанскага раёна яшчэ шмат пунктаў росту i канцэнтрацыi намаганняў. Старшыня камiтэта па сельскай гаспадарцы i харчаваннi аблвыканкама Мiхаiл Прыдыбайла адзначыў, што ў аграрным сектары Аршанскага рэгiёна дынамiка праглядаецца, але па многiх паказчыках трэба сур'ёзна дапрацоўваць.

— У раёне пры заданнi валавога збору збожжавых i зернебабовых культур у аб'ёме 155,3 тысячы тон у амбарнай вазе пры ўраджайнасцi 49,7 цэнтнера з гектара сёлета з плошчы 29,9 тысячы гектараў фактычна намалочана 118,1 тысячы тон збожжа ў бункернай вазе. Сярэдняя ўраджайнасць склала 39,5 цэнтнера з гектара, — паведамiў ён.

Што датычыцца валавой вытворчасцi малака за студзень—верасень, то яна склала 46 903 тоны, цi 108,5 % да леташняга ўзроўню. Вытворчасць прадукцыi буйной рагатай жывёлы за гэты перыяд складае 5146,4 тоны, цi 103,7 % да ўзроўню 2018-га. На пасяджэннi былi агучаны пытаннi павелiчэння колькасцi пагалоўя, тэмпаў росту валавой прадукцыi, выручкi ад яе рэалiзацыi, рэнтабельнасцi продажу, прыбытку, аб'ёмаў фiнансавання.

На рэзервах акцэнтаваў увагу кiраўнiцтва раёна i старшыня аблвыканкама Мiкалай Шарснёў. Ён вызначыў кола праблемных пытанняў у сельскай гаспадарцы Аршаншчыны, якiя неабходна аператыўна вырашыць. Па-першае, вызначыцца з сяўбой тых культур, якiя дазволяць атрымаць добры ўраджай, па-другое, рэканструяваць усе старыя памяшканнi, па-трэцяе, вырашыць праблему з забеспячэннем кадрамi.

— Напружаная праца i кансалiдацыя — складнiкi поспеху. Задачы — не на адзiн год, а на пяцiгодку. Вось формула, па якой трэба працаваць, — падкрэслiў у iнтэрв'ю журналiстам памочнiк Прэзiдэнта — iнспектар па Вiцебскай вобласцi Анатоль ЛIНЕВIЧ.

У сваю чаргу, старшыня Аршанскага райвыканкама Iгар IСАЧАНКА адзначыў:

— Тая дынамiка, якая сёння ёсць у сферы аграпрамысловага комплексу, недастатковая для развiцця раёна. Першачарговая задача — 118,8 % валавая вытворчасць прадукцыi. Сёлета, на жаль, мы не дасягнулi валавой вытворчасцi збожжавых 155 тысяч тон. Атрымалi амаль 119 тысяч тон. Можна было за кошт тэхналогiй, культуры вытворчасцi мець ураджайнасць значна вышэйшую. Што датычыцца жывёлагадоўлi, асаблiвую ўвагу трэба звярнуць на прыбаўленне буйной рагатай жывёлы ў вазе, папрацаваць над якасцю малака. Неабходна зрабiць зачын на наступны год. Рэзервы ёсць, трэба над гэтым працаваць.

Па матэрыялах «Аршанскай газеты».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».