Вы тут

Імёны якіх славутых жыхароў Гродна трапілі ў першы спіс гісторыка-культурнай спадчыны?


Усе яны пахаваны на могілках, якія лічацца самымі старымі ў Беларусі. Тут ёсць помнікі, якія датуюцца нават ХVІІІ стагоддзем. Але ўнесці гарадскі некропаль у спіс гістарычных каштоўнасцяў немагчыма, бо ён яшчэ дзеючы. Таму абласны савет па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны прыняў беспрэцэдэнтнае рашэнне — надаць такі статус не ўсяму аб'екту, а толькі некаторым помнікам. І вось хто апынуўся ў гэтым спісе...


На скрыжаванні вуліц Антонава і Прыгараднай

Менавіта тут знаходзіцца самы стары некропаль у краіне. Як расказаў супрацоўнік Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй ВАШКЕВІЧ, у старых могілак нават ёсць дакладная дата заснавання — 1792 год. Праўда, гэта датычыцца каталіцкай часткі, якую ад праваслаўнай аддзяляе вузкі праезд. Але ўвогуле старыя могілкі лічацца адзіным комплексам. Самыя старыя пахаванні датуюцца канцом ХVІІІ — пачаткам ХІХ стагоддзя.

— Да гэтага людзей хавалі каля манастыроў, касцёлаў, цэркваў, гэта былі прыхадскія могілкі, пра што сведчаць і раскопкі каля той жа Каложы, — расказвае Андрэй Вашкевіч. — Сойм Рэчы Паспалітай, які засядаў у 1788—1792 гадах, прыняў рашэнне стварыць камунальныя могілкі за межамі гарадоў. Тады і былі заснаваны самыя каштоўныя на сённяшні дзень некропалі ў Варшаве, Львове, а таксама ў Гродне.

Цяпер фармальна стары некропаль не дзейнічае, ён быў закрыты ў 1970-х гадах. Але фактычна пахаванні ўсё ж адбываюцца. Згодна з законам, родных можна хаваць каля магіл сваякоў ці ў саміх гэтых магілах. Да таго ж тут дзейнічаюць прыходскія храмы.

«Ажыўшая» гісторыя

Старыя помнікі можна пазнаць па іх незвычайным выглядзе.

Можна ўбачыць надмагіллі з самых розных матэрыялаў: пясчаніку, мармуру, чыгуну, жалеза, граніту. Па стылі тут і рамантыка, і міжваенны канструктывізм, і эклектыка. Даволі шмат сімвалічных элементаў, якія раскажуць пра гісторыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва хрысціянства.

— Напрыклад, вянок з сухацветаў. Гэтыя кветкі, згодна з антычным паданнем, звязвалі свет жывых і памерлых. Можна заўважыць плюшч, які сімвалізуе веру, — ён расце паўсюдна, і тут акамянеў. Даволі часта можна ўбачыць выяву якара — сімвала надзеі, — расказвае Андрэй Вашкевіч.

Як правіла, такія дэкаратыўныя помнікі ставілі славутым гараджанам. Напрыклад, вядомаму інжынеру Васілю Небальсіну ўстаноўлена пліта з выявай лапаты і сякеры — сімвалаў інжынернай службы. Дарэчы, ён аўтар праекта будынка жаночай Марыінскай гімназіі, дзе цяпер месціцца галоўны корпус ГрДУ імя Я. Купалы. Скульптурная кампазіцыя з жаночай постаццю і стараславянскім тэкстам на пліце ўпрыгожвае магілу сям'і Кемарскіх. Канстанцін Кемарскі — гродзенскі ўрач-акушэр, які ў 80-х гадах
ХІХ стагоддзя арганізаваў акушэрска-фельчарскую школу. Непадалёк знаходзіцца магіла купца Мураўёва, дом якога на Савецкай плошчы вядомы кожнаму гродзенцу. Манументальна выглядае помнік з дзвюма калонамі генералу Сяргею Ланскому, герою вайны 1812 года. Шэф Беларускага гусарскага палка быў смяротна паранены ў Францыі, але яго прывезлі, каб пахаваць у Гродне. У Гродзенскім некропалі знайшлі вечны прытулак пісьменніца Эліза Ажэшка, заснавальнік заапарка Ян Каханоўскі, прыдворны архітэктар Джузэпе Сака, а таксама чыноўнікі, мэры горада, вядомыя асобы.

Многія старажытныя помнікі нагадваюць каменныя сады. Іх рабіў вядомы на той час скульптар Браніслаў Шышкевіч. Але пражыў ён нядоўга, усяго 29 гадоў, і на яго магіле таксама стаіць каменнае дрэва, якое ён сам сабе і зрабіў. На жаль, многія помнікі з цягам часу і пры «дапамозе» вандалаў страчваюць свой велічны выгляд. І ўсё ж некропаль не застаўся без увагі. Гродзенскія ўлады прынялі кампраміснае рашэнне па выратаванні гістарычнага аб'екта.

Пад ахоўным статусам

Паколькі аб'ект усё ж такі дзеючы, хоць і лічыцца закрытым, яго немагчыма ўключыць у спіс гісторыка-культурнай спадчыны, паведаміла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена КЛІМОВІЧ. Таму было прапанавана ў гэты спіс заносіць адзінкавыя помнікі.

— Мы вырашылі рухацца крок за крокам па шляху надання некропалю ахоўнага статусу і ўносіць у спіс па некалькі надмагілляў, — патлумачыла сітуацыю суразмоўніца. — Чым мы кіраваліся? Гэта вядомыя людзі і па-мастацку аформленыя помнікі, якія нядрэнна захаваліся. Некаторыя прывялі ў добры стан валанцёры пры дапамозе сучасных тэхналогій. Гэта даволі важны аспект, бо аднаўляць помнікі ў ахоўным статусе вельмі складана, таму добра, што работу правялі раней.

Такім чынам, у спіс увайшлі 10 помнікаў. У іх ліку магілы Кемарскіх, Мураўёвых, Шумавых (бацькоў вядомага парыжскага фотамастака Пятра Шумава), камандзіра Петразаводскага палка Івана Верчыка, Элізы Ажэшкі з мужам, галоўнага мытніка пачатку ХХ стагоддзя Аляксандра Шырмы і іншых. У гэтым спісе і помнік маці паэта Максіма Багдановіча, якая пражыла ўсяго 27 гадоў. На яе магіле ўстаноўлены гранітны помнік-валун. Вось толькі надпіс на ім ужо не разабраць — літары поўнасцю сцёрліся...

— Гэты спіс будзе папаўняцца, — кажа Алёна Клімовіч. — Мы паступова бяром яшчэ некалькі помнікаў, якія па сваёй захаванасці, гістарычнай значнасці могуць прэтэндаваць на ўключэнне ў спіс гістарычных каштоўнасцяў, затым будзем дапаўняць. Таму што сёння могілкі — такое месца, якое ва ўсім свеце з'яўляецца і захавальнікам гісторыі, і ўражвае мастацкімі асаблівасцямі. Гэта таксама выклікае інтарэс у турыстаў.

Патрэбны каталог і відэакамеры

Каб надмагілле трапіла ў ахоўны спіс, яно павінна мець «пашпарт». Таму напачатку была праведзена частковая інвентарызацыя некропаля. Штосьці было зроблена яшчэ ў 90-х гадах, калі аб'ект знаходзіўся ў спісе помнікаў абласнога значэння (пазней гэты статус быў ліквідаваны). У рэспубліканскім рэестры гродзенскага некропаля ўжо не аказалася. А за некалькі дзесяцігоддзяў многія напрацоўкі па могілках страчаны, не маюць сістэмнага апісання, электронных версій.

Але справа не стаіць на месцы. У хуткім часе пачнецца рэалізацыя трансгранічнага праекта з польскім бокам, падчас якога мяркуецца зрабіць грунтоўную інвентарызацыю некропаля.

— Работы плануем распачаць налета. Па заканчэнні праекта мы зробім поўную інвентарызацыю могілак да 1970-х гадоў, а гэта каля тысячы помнікаў, з фотафіксацыяй, апісаннем і кароткай біяграфіяй людзей, якія там пахаваны. У рамках праекта мяркуецца выданне пуцяводніка па могілках на некалькіх мовах. Затым будуць шукацца сродкі на рэстаўрацыю найбольш старажытных пахаванняў. Тут значныя спадзяванні ўскладаюцца на спонсараў, — кажа Андрэй Вашкевіч.

Зразумела, што ўсе гэтыя намаганні паўплываюць на рост турыстычнай прывабнасці аб'екта. Між іншым, ён і зараз цікавы для турыстаў, але яго трэба рэгулярна чысціць, рабіць вырубку зелля і кустарнікаў, праз якія нельга падысці да некаторых старажытных помнікаў. Другая праблема — ахова могілак. Андрэй Вашкевіч лічыць, што іх неабходна абсталяваць сістэмай відэаназірання. Ён згадвае, як некалькі гадоў таму былі выпадкі вандальскага крадзяжу чыгунных элементаў. Ніхто не гарантуе, што гэтыя факты не паўторацца.

Маргарыта Ушкевіч

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Эліза Ажэшка, Міхась Васілёк ці Ян Каханоўскі?

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Усё, што трэба ведаць пра змены ў Жыллёвым кодэксе

Мы паспрабавалі адшукаць самыя вострыя вуглы новаўвядзенняў і ўявіць, як будзе працаваць гэты дакумент пачынаючы з 2020 года.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Як запрасіць чалавека, каб ён не прыйшоў, і знойдзены кашалёк.

Грамадства

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Як пенсіянерка з Гомеля купіла набор каструль па цане патрыманай іншамаркі

Усё, як у казцы: прыгожая зала, музыка, пачастункі. Абаяльныя людзі распавядаюць аб правільным харчаванні і рэкламуюць свой тавар...

Грамадства

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

714 тысяч тон адходаў для перапрацоўкі сабралі летась беларусы

Гэта адходы шкла, паперы, пластыку, шын, батарэек, машыннага масла...