Вы тут

Мае Асяніны


На мінулыя выхадныя на нашых вясковых могілках было нібы ўвесну перад Радаўніцай — процьма машын, яшчэ больш людзей. Парадкавалі на магілах, зграбалі апалае лісце і сухую траву. Шчыравалі і камунальнікі — прыбіралі вакол агульнай агароджы, высякалі хмызнякі ў старой закінутай частцы, дзе паўрасталі ў зямлю пакрытыя мохам камяні з ледзь бачнымі літарамі. Паспяшаліся да родных магіл і мы — 1 лістапада ў каталікоў Усе святыя, будзе хадзіць ксёндз, будзе шмат людзей, таму павінна быць чыста, бы ў хаце. Так у нашай мясцовасці было спрадвеку, нават у самыя атэістычныя часы. Адзін з самых містычных успамінаў далёкага ўжо дзяцінства — дрыготкія агеньчыкі на могілках у маўклівай восеньскай цемры. У пачатковых класах мы вучыліся ў другую змену, вярталіся дадому вечарам, і дарога ішла міма могілак. Свечкі, запаленыя на Усе святыя на магілах, калі надвор'е было марозна-ціхае, павольна дагаралі дацямна, і нам малым здавалася з дарогі, што яны яшчэ і перамяшчаюцца ў цемры. Мы прыгаломшанай чародкай збіваліся каля нашай Ганны Еўдакімаўны і разам з ёй прыспешвалі хаду, ніводным гукам не парушаючы гэту цішыню...


У старэйшых класах, адвучыўшыся ўжо ў першую змену, 1 лістапада забягалі з дзяўчатамі на могілкі самі. Ва ўсіх там быў нехта свой — у вёсцы, дзе жыве не адно пакаленне роду, дзеці з маленства «багацейшыя» на пахаваных побач сваякоў... Не асабліва задумваліся аб сэнсе, аб сутнасці — проста рабілі так, як бацькі, як суседзі, якія і самі ў той час, пэўна, толкам не маглі растлумачыць, навошта і чаму менавіта ў гэты дзень. Як не разбіраліся і не разважалі, хто дзе хрышчаны, і ці хрышчаны наогул...

Ужо апынуўшыся ў Мінску якраз тады, калі людзі пачалі хадзіць у зноў адчыненыя храмы, даведалася, што ў першыя два дні лістапада — на Усе святыя і ў Задушны дзень, каталікі моляцца за спачын сваіх памерлых. Што ёсць такі памінальны дзень і ў праваслаўных — бацькоўская Дзімітраўская субота — першая субота перад 8 лістапада, калі цэлы дзень моляцца за памерлых, а свечку за спачын можна паставіць у любым месцы храма. А ў народнай традыцыі гэтыя дні называюць Дзяды, Асяніны, і, сабраўшыся ўвечары за сталом усёй сям'ёй, згадваюць усіх памерлых продкаў і клічуць іх да сябе на вячэру, просячы аб заступніцтве...

Напэўна, няма больш у свеце такога пачатку лістапада, як у Беларусі. Тры традыцыі — дзвюх асноўных канфесій і народная — настолькі шчыльна перапляліся ў нашай свядомасці, што адну ад другой ужо не аддзяляеш. Дый ці не кожны з дзяцей гэтай зямлі, калі спытаеш у яго, чаму гэтага не робіш, здзіўлена спытае: «А навошта?» Амаль ва ўсіх ёсць у радні і праваслаўныя, і каталікі, многія памятаюць ад бабуль традыцыю паклікаць Дзядоў на вячэру, а хтосьці свядома адраджае яе нанова ў сваёй сям'і. Пакуль у «цывілізаваным свеце» народ рыхтуецца да Хэлоўіна, робячы пачварныя маскі і касцюмы монстраў, у нас іншыя клопаты: прыбрацца на могілках, запаліць у касцёле лампадку, падаць запіскі ў царкву, арганізаваць дамашніх на вячэру. Мо таму і той жа модны Хэлоўін у нас не прыжыўся і не прыжывецца, пэўна, ніколі — за трыццаць гадоў ён так і не выйшаў за межы некалькіх начных клубаў ды яшчэ, можа, некаторых студэнцкіх інтэрнатаў. Дый там вяленька, без энтузіязму. Чужое. Не наша. І галоўнае — ёсць сваё. Нашмат больш важнае. Чаму — можа, і не зусім зразумела. Але на падсвядомым узроўні адчуваеш: не адмовішся, не выкінеш з жыцця. Проста не зможаш гэтага зрабіць.

...Сёння на нашых вясковых могілках, дзе ляжаць і каталікі, і праваслаўныя, зноў будуць трымцець агеньчыкі. Калі не будзе ветру — дык і дацямна. Там ціха-ціха і чысценька, нібы ў хаце, і ад гэтага ведання спакойна на душы... А яшчэ сёння трэба зайсці ў царкву, падаць памінальную запіску, нават дзве. Праваслаўных сваякоў шмат — у мамы была вялікая радня, на адзін лісток усе імёны не напішаш. А заўтра, у суботу з раніцы — у Дзімітраўскую суботу, зноў зайсці туды, паставіць свечкі, памаліцца за іх спачын... Адтуль — у касцёл, купіць лампадку, запаліць яе на вуліцы перад храмам — у Задушны дзень робяць і так: шмат людзей. Памаліцца за каталікоў — бацькаву радню... Пасля ўвечары накрыць стол, запаліць свечку, паклікаць іх усіх: «Святыя дзяды, клічам вас, хадзіце, ляціце да нас!»

Заўтрашні дзень пройдзе менавіта так, і ніяк інакш. Гэта як падмурак. Як апора, якую не ты прыдумаў, але якая цябе надзейна трымае. Прынамсі на гэтай зямлі. А на іншай... А ці патрэбна яна, іншая?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв'ю: kraj.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.