Вы тут

У красавiку ўводзяцца новыя правiлы выдачы мiкрапазык


Нядаўна Прэзiдэнт падпiсаў Указ «Аб прадастаўленнi i прыцягненнi пазык», якi ўводзiць некаторыя абмежаваннi для мiкрафiнансавых арганiзацый. Дакумент увойдзе ў сiлу 27 красавiка 2020 года. У прыватнасцi, памеры пеняў i штрафаў па мiкрапазыках абмяжуюць, а ўвядзенне камiсiй i навязванне дадатковых паслуг — забароняць, паведамiў начальнiк Галоўнага ўпраўлення рэгулявання некрэдытных фiнансавых арганiзацый Нацыянальнага банка Дзмiтрый Набздораў, каментуючы дакумент.


Без дадатковых плацяжоў i камiсiй

Пасля ўваходжання ўказа ў сiлу яго палажэннi будуць распаўсюджвацца не толькi на новыя дагаворы мiкрафiнансавання, але i на тыя, якiя дзейнiчаюць. У мiкрафiнансавых арганiзацый будзе яшчэ два месяцы на тое, каб прывесцi гэтыя дамовы ў адпаведнасць з новымi патрабаваннямi.

У новым указе выразна прапiсаны аб'ём абавязацельстваў пазычальнiкаў перад мiкрафiнансавымi арганiзацыямi. Калi чалавек узяў грошы ў пазыку, ён павiнен вярнуць асноўную суму, налiчаныя працэнты i, калi ёсць пратэрмiноўка, могуць быць штраф, пеня, няўстойка. Iншых дадатковых плацяжоў, камiсiй, павышаных працэнтаў быць ужо не можа.

Абмежаваннi не толькi па стаўках, але i па штрафах

Акрамя таго, дадаткова абмежаваны памер працэнтаў i няўстойкi. Гэта зроблена для знiжэння пазыковай нагрузкi на спажыўцоў паслуг мiкрафiнансавых арганiзацый.

Яшчэ ў пачатку мiнулага года Нацбанк устанавiў максiмальныя стаўкi па мiкрапазыках: для фондаў — стаўка рэфiнансавання (цяпер гэта 9,5 %), для спажывецкiх кааператываў фiнансавай узаемадапамогi — дзве стаўкi рэфiнансавання (19 %). Цяпер у памерах выплат з'явяцца новыя абмежаваннi.

Калi тэрмiн пазыкi будзе доўгi, з пастаяннымi пралангацыямi, на гэты выпадак указам прадугледжаны агульныя абмежаваннi аб'ёму працэнтаў, якiя могуць быць налiчаны за ўвесь перыяд карыстання пазыкай. Указам устаноўлена, што за ўвесь тэрмiн карыстання пазыкай сума працэнтаў не можа перавысiць двухразовага памеру сумы пазыкi. Таксама абмежаваны i памер штрафаў, пенi i няўстоек. Iх сукупны памер за ўвесь перыяд карыстання пазыкай, незалежна ад таго, якiя парушэннi дапусцiў пазычальнiк, не можа перавысiць паловы памеру пазыкi. Гэта адпавядае перадавому мiжнароднаму вопыту, у тым лiку i краiн-суседзяў.

Прадстаўнiк Нацыянальнага банка таксама адзначае, што раней асобныя арганiзацыi спрабавалi нарасцiць сваю прыбытковасць шляхам навязвання дадатковых сэрвiсаў i паслуг. Гэта мог быць, напрыклад, платны дагавор паручыцельства або платны разгляд заяўкi. Новы ўказ такую практыку забаронiць.

Ва ўказе прадугледжана права пазычальнiка адмовiцца ад падпiсання любога iншага дагавора з мiкрафiнансавай арганiзацыяй альбо iншага дагавора з трэцяй асобай, калi гэты дагавор абумоўлiвае выдачу пазыкi. У гэтым выпадку арганiзацыя абавязаная ўсё роўна прапанаваць клiенту пазыку на такi ж тэрмiн у такой жа суме, але памер працэнтаў можа быць iншы, напрыклад, трохi большы. Але не вышэйшы за тыя памеры, якiя ўстаноўлены Нацбанкам.

Схаваны лiзiнг моцна абмяжуюць

Яшчэ адзiн вiд пазык, якi ўрэгулюе дакумент, — гэта так званы зваротны лiзiнг. Некаторыя кампанii прапануюць такi прадукт: вам патрэбны грошы, вы звяртаецеся па аб'яве «Даём пазыку», а на самай справе за гэтай канторай хаваецца лiзiнгавая кампанiя, якая да класiчнага лiзiнгу мае мала дачынення. Там фармальна купляюць ваш тэлефон i аддаюць яго назад у карыстанне па дагаворы лiзiнгу. Вынiк гэтай здзелкi: у вас на руках грошы — ваша пазыка, якую трэба вяртаць, — а таксама тэлефон, за карыстанне якiм вы павiнны плацiць, бо ён цяпер не ваш. Грамадзяне, падпiсваючы такi дагавор, не заўсёды ўсведамляюць наступствы. Тэлефон належыць лiзiнгавай кампанii, i ў выпадку нявыплаты доўгу яго могуць забраць. Памеры штрафных санкцый у некаторых кампанiй, на погляд Нацбанка, устанаўлiвалiся ў завышаным памеры. Пры гэтым усе меры па абароне правоў спажыўцоў мiкрафiнансавання да дагавораў лiзiнгу фармальна дачынення не маюць.

Каб не дапусцiць такiх сiтуацый, указ абмяжоўвае пералiк прадметаў лiзiнгу. Ён будзе магчымы толькi ў дачыненнi да маёмасцi, якая рэгiструецца, — напрыклад, машыны або нерухомасцi.

У гэтым выпадку патрэбныя дадатковыя дзеяннi фiзiчных асоб. Калi чалавек прыедзе ў ДАI перарэгiстраваць аўтамабiль, ён дакладна зразумее, што прадае свой аўтамабiль, а не бярэ грошы ў пазыку пад заклад чагосьцi неiстотнага.

Як паказала практыка, пад выглядам дагавораў зваротнага лiзiнгу тэлефонаў, смартфонаў i iншай бытавой тэхнiкi грамадзянам фактычна давалiся грошы ў пазыку пад завышаныя працэнтныя стаўкi без належнага iнфармавання аб сутнасцi заключаных дагавораў. Такiя нядобрасумленныя практыкi, мяркуюць у Нацбанку, павiнны быць выключаныя.

Фонды ўжо не тыя

У мiжнароднай практыцы фонды прыцягваюць сродкi ад мiжнародных арганiзацый i фактычна даюць грошы на развiццё рэгiёнаў, выпуск нейкiх вiдаў сельскагаспадарчай прадукцыi, закупку тэхнiкi для малога i сярэдняга бiзнесу па стаўках рынкавых альбо нiжэйшых за рынкавыя.

Але, на жаль, у нас фонды, заяўляючы асноўным вiдам сваёй дзейнасцi падтрымку культурных каштоўнасцяў альбо павышэнне фiнансавай адукаванасцi насельнiцтва, спрабавалi займацца камерцыйным фiнансаваннем па завышаных стаўках. З прычыны гэтага было прынята рашэнне, што некамерцыйнае мiкрафiнансаванне будзе прадстаўлена выключна такiм вiдам арганiзацый, як спажывецкiя кааператывы фiнансавай узаемадапамогi. Фонды з гэтага спiсу выкраслены.

Ламбарды хочуць ператварыць у камiсiёнкi

Змены закрануць i дзейнасць ламбардаў. Яны, тлумачаць эксперты, стануць больш падобныя на камiсiйныя крамы, а не на класiчныя ламбарды. У прыватнасцi, гэты дакумент пашырае спiс дазволеных вiдаў дзейнасцi для ламбардаў. Апошнiя атрымаюць права ажыццяўляць камiсiйны гандаль, захоўванне рэчаў, скупку рухомай маёмасцi для яе далейшай рэалiзацыi. Усё гэта павiнна дабратворна паўплываць на эканамiчны складнiк дзейнасцi ламбардаў, бо гэтыя вiды дзейнасцi можна ажыццяўляць пры супастаўных або нiжэйшых аперацыйных выдатках.

Старшыня праўлення Рэспублiканскай асацыяцыi мiкрафiнансавых арганiзацый Iван Радзюкевiч адзначае, што неабходнасць трансфармацыi ламбардаў наспела досыць даўно.

Маючы на цяперашнi момант масу магчымасцяў атрымаць авердрафт, дзiўна звяртацца ў ламбард па кароткiя пазыкi. «Але яшчэ з савецкiх часоў у ламбарда ёсць сацыяльная функцыя. Ён патрэбны для таго, каб здымаць сацыяльную напружанасць. Калiсьцi ламбарды былi ў абавязковым пералiку бытавых паслуг, каб чалавек, у якога больш няма магчымасцi ўзяць дзесьцi грошай, не пайшоў займацца супрацьпраўнай дзейнасцю, а мог прынесцi ў ламбард сваю маёмасць i атрымаць грошы», — тлумачыць Iван Радзюкевiч.

На жаль, у нас пакуль ёсць людзi, якiм недаступныя банкаўскiя прадукты. Iх становiцца ўсё менш, але, пакуль яны ёсць, ламбарды ў сваiм самым прымiтыўным выглядзе павiнны заставацца. Аднак пасля ўказа гэта будуць ужо хутчэй камiсiйныя крамы i крамы тавараў, якiя былi ва ўжываннi.

Iван Радзюкевiч пералiчвае некалькi опцый, якiя будуць даступныя ў абноўленых ламбардах. Гэта традыцыйная магчымасць атрымаць пазыку пад заклад сваёй маёмасцi, а таксама магчымасць прадаць сваю маёмасць або пакiнуць яе на камiсiйны продаж.

Гэта вельмi добра, таму што ў чалавека з'яўляецца выбар. Яшчэ адно важнае змяненне закране аўталамбарды. Цяпер машынай, здадзенай у ламбард, можна будзе працягваць карыстацца. Гэты аўтамабiль можа не заставацца на стаянцы, якая належыць ламбарду, а карыстальнiк можа працягваць ездзiць на сваiм аўтамабiлi i выконваць абавязацельствы па пазыцы. Эксперты адзначаюць, што дзякуючы такой навiне паслугi ламбардаў могуць патаннець, бо iм не давядзецца аплачваць стаянку.

«Шэрыя» крэдыторы знiкнуць?

Прадстаўнiк Нацбанка Дзмiтрый Набздораў заявiў, што дзяржрэгулятар выдатна разумее: будуць спробы стварыць схемы абыходу Указа № 394. Напрыклад, хтосьцi можа прыдумаць ланцужок грамадзянска-прававых дагавораў, каб па факце даваць пазыкi пад больш чым 350 % гадавых. Могуць быць i спробы абыходу абмежаванняў зваротнага лiзiнгу для фiзiчных асоб.

«Але мы будзем за гэтым сачыць. Спыняць, калi ў кагосьцi атрымаецца зрабiць гэта эфектыўна», — адзначыў спецыялiст.

Мы пацiкавiлiся: няўжо цяпер перастануць ляпiць аб'явы «грошы ў доўг» на слупах i прыпынках? Нам адказалi: неабавязкова.

— Як правiла, гэтыя людзi не з'яўляюцца мiкрафiнансавымi арганiзацыямi, гэта прыватныя асобы альбо iндывiдуальныя прадпрымальнiкi. Падлiчыць iх колькасць складана, таму што яны не ўключалiся ў наш рэестр. Але мы не пакiдаем без увагi такiя аб'явы i накiроўваем у адпаведнае мiнiстэрства iнфармацыю, з тым каб гэтую незаконную рэкламную дзейнасць спынiць, — тлумачыць Аляксандр Дзядкоў, начальнiк упраўлення метадалогii нябанкаўскiх аперацый Нацбанка.

Новы ўказ наўрад цi зможа спынiць такiх хiтруноў, але Нацбанк будзе старацца iх кантраляваць. А найлепшы кантроль зыходзiць ад самiх спажыўцоў, якiм пра крэдыты i пазыкi варта памятаць адну iсцiну: бярэш чужыя, аддаеш — свае.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.