Вы тут

Святар храма вёскі Міханавічы на мове маладых расказвае пра вечнае


«Звязда» тры гады таму ўжо пісала пра бацюшку, які здымае ролікі і шукае кантакт з моладдзю дзеля крушэння стэрэатыпаў аб праваслаўі, якія моцна замацаваліся ў савецкі, постсавецкі час і цяпер працягваюць жыццё ў форме мемаў. Змест пастаянны, форма ж залежыць ад часу. Мова маладога пакалення значна адрозніваецца ад мовы іх бацькоў. Таму, каб дасканала растлумачыць чалавеку тыя ці іншыя ўстойлівыя рэчы, трэба знаходзіцца ў адной плоскасці з суб'ектам. Айцец Аляксандр Кухта знайшоў новы ракурс на праваслаўе, абраўшы форму падачы кантэнту цераз YouTube.


Бацюшка адкажа#А праграмістыка пачакае

Вырас Аляксандр у звычайнай сям'і. І вучыўся ў ліцэі БДУ, рыхтуючы сябе да прафесіі праграміста. Але паралельна з гэтым малады чалавек адчуваў, што «ягонае, сапраўднае» дзесьці побач... З 16 гадоў Аляксандр прыслужваў у храме. З гэтага ўзросту юнак пачаў сурьёзна задумвацца пра веру.

— Не так страшна, калі бацькі не водзяць дзіця ў храм. Дрэнна, калі яны самі, дарослыя, не імкнуцца да духоўнага жыцця. Дзіця не асэнсоўвае таго, што адбываецца навокал, і калі бацькі самі сур'ёзна не ставяцца да Царквы, прыходзяць на службу, бо так ім сказалі бабулі, то які сэнс? Крута, калі сям'я ходзіць у храм, вядома ж і дзіця бяруць з сабой, а тое, тым часам, звыкаецца з абстаноўкай. Але сапраўднае асэнсаванне прысутнасці Бога прыходзіць у больш дарослым узросце. Чалавек сам знаходзіць веру, цераз свае памылкі, прайшоўшы па-свойму няпросты шлях. У мяне ёсць маленькі сын, спадзяюся, што ў будучым ён таксама захоча пайсці па маіх слядах. Але — выбар за ім.

— Сям'я дапамагае здымаць ролікі?

— Мая сям'я мяне трывае, і за гэта ім вялікі дзякуй.

Хто «не ў тэме», падумае: ну як гэта? Няўжо ў бацюшкі часу не хапае на сям'ю? Здымаць ролікі — адна справа. Падтрымліваць свой YouTube-канал — ужо іншая, і гэта не забава, а карпатлівая праца, якая з'ядае час імкліва. Даводзіцца траціць на стварэнне аднаго толькі выпуску больш за 30 рабочых гадзін. Зразумела, што, калі ты праводзіш так шмат часу на студыі, а цябе чакаюць дома жонка і сын, то гэта не зусім нармальна. Тут варта падумаць, што важней. Цяпер наш бацюшка-блогер «збавіў
хуткасць»: скараціў час на падрыхтоўку ролікаў і нават адмовіўся ад некаторых праектаў. YouTube — цудоўна, але ж побач бяжыць сапраўднае жыццё...

Ламаем хэйтарскія стэрэатыпы

Перш чым здымаць, айцец Аляксандр пачаў думаць, на якую аўдыторыю будзе працаваць і якім чынам да яе звяртацца. Для таго каб быць зразуметым у пэўным асяроддзі, варта ведаць яго культурны код, адчуваць пакаленне. Да падлеткаў усталяваць культурны код не атрымалася, у полі зроку аказаліся равеснікі бацюшкі. Справа ў тым, што людзі 25—30 гадоў па статыстыцы найбольш актыўна наведваюць YouTube. Гэта аблегчыла работу, але не зменшыла яе аб'ёму. Назву абыгралі: «Batushka адкажа», а фармат выпускаў нагадвае відэа-дзённік інтэлектуальнага характару. Асноўная задача: пакрокава, максімальна проста і з прыкладамі паказаць чалавеку, што сабой уяўляе праваслаўная вера. Што яна зусім не такая, як яе сёння звыклі прадстаўляць у мемах. За што спалілі на вогнішчы Бруна і кананізавалі апошняга цара Расійскай імперыі? Што агульнага ёсць паміж навукай і рэлігіяй? Што насамрэч такое пост? Тэмы ролікаў самыя розныя, але ў аснове кожнай ляжыць грунтоўнае і сістэмнае тлумачэнне законаў і правілаў, якімі могуць напужаць «усёведныя» бабулькі і тыя, хто любіць шукаць ва ўсім палітычныя і карыслівыя матывы.

Мова блогера адпавядае аўдыторыі — сучасныя модныя словы, адпаведна падрыхтаваныя жарты, іронія, метафары, добрыя мемы. Айцец Аляксандр абраў рускую мову, таму што яго канал праглядаюць не толькі ў Беларусі.

— Прыходзіцца бачыць паведамленні з іранічным адценнем. Калі трапляюцца складаныя пытанні, і я не ведаю, што адказаць, то напраўляю чалавека на праект «Бацюшка Анлайн». Часцей гучаць тэмы асабістага, інтымнага характару. Я не вырашаю сямейныя канфлікты праз інтэрнэт, не стаўлю «дыягназ» той ці іншай сітуацыі такім чынам. Кожная гісторыя — суб'ектыўная і патрабуе індывідуальнага падыходу да чалавека. Дыстанцыйна, у паведамленні, складана змясціць неабходную параду. У інтэрнэце мая справа, у першую чаргу, гаварыць пра Бога.

Даводзілася атрымліваць паведамленні ад няверуючых людзей з пазітыўнай ацэнкай роліка. Дзесьці класна абыграна, цікава растлумачана і без лішняга пафасу. Прыемна чытаць такія каментарыі, бо, хто ведае, чалавек праглядзіць адзін-два ролікі, затым палезе гугліць факты (хоць бы дзеля пацвярджэння таго, аб чым кажа бацюшка-блогер), тым самым паглыбляючыся ў тэму. Мэта ў гэтым і заключаецца.

Праглядаючы відэа маладога бацюшкі-блогера, адчуваеш свежы погляд на хрысціянства. Многія дзівяцца з такога стылю, хтосьці проста цікавіцца, ёсць і тыя, хто не прымае такі радыкальны ход.

— Усім падабацца немагчыма. Калі ёсць якія непаразуменні між людзьмі, то гэта залежыць ад таго, у якім ракурсе яны глядзяць на адну і тую ж рэч. Дзецям тлумачаць фізіку на простых прыкладах, якія, у сваю чаргу, не ўспрымаюцца ўсур'ёз на вучоным узроўні.

...Выключыць YouTube і паехаць у Міханавічы

Вёска Міханавічы невялікая, таму прыход храма Дзімітрыя Растоўскага, у якім айцец Аляксандр служыць у якасці памочніка настаяцеля, досыць сціплы. Бацюшка прызнаецца, што непаразуменняў з прыхаджанамі няма, вельмі хутка ўсталяваліся добрыя, даверлівыя адносіны, нягледзячы на тое, што бацюшка малады. Айцец Аляксандр — іерэй, скончыў Мінскую духоўную семінарыю і магістратуру Мінскай духоўнай акадэміі.

— Былі на Святой Зямлі?

— Не, у Іерусалім калі і давядзецца паехаць, то ў якасці звычайнага турыста: з фоцікам і без рызы.

Я ўстаю, каб развітацца, айцец Аляксандр сядае за ноўт: зноў вывучае праграмаванне, адно другому не перашкаджае, тым больш што блогеру без гэтага складана.

Кацярына Касцевіч

Фота Аляксандра Ружачкі

Загаловак у газеце: Ютуб пакажа — бацюшка адкажа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.