Вы тут

На сталічнай вуліцы Кастрычніцкай зрабілі прыпынак «Тупік»


Рэтра-аўтобус, даверху напампаваны 20 тысячамі пэт-бутэлек, прастаіць на прыпынку дзесяць дзён, каб людзі маглі на свае вочы пабачыць, колькі пластыкавых адходаў за тыдзень утвараецца барамі, рэстаранамі і офісамі толькі адной сталічнай вуліцы. Арганізатары экалагічнай арт-інсталяцыі прадпрыемства «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» і рух «Мэта-99» плануюць за два тыдні зрабіць вуліцу вольнай ад пластыку.


Назва прыпынку, які знаходзіцца ў канцы вуліцы, сімвалічная. Яна азначае не проста завяршэнне праезду, а і тупіковы напрамак бясконцага выкарыстання аднаразовага пластыку ў бяздумных памерах. Каля аўтобуса дзяжурылі дзве смерці з косамі, якія алегарычна нагадвалі, што чакае ўсіх нас, калі мы працягнем выкарыстоўваць шмат пластыку.

— Мы хочам прыцягнуць увагу людзей да аднаразовых пластыкавых рэчаў, у прыватнасці да ПЭТ-бутэлек. Уявіце, што смецце, якога хапае, каб напоўніць цэлы аўтобус, за тыдзень стварае толькі адна вуліца, а што адбываецца ў сталіцы, краіне, усім свеце. Многія аднаразовыя рэчы служаць літаральна пару хвілін, — кажа Наталля ГРЫНЦЭВІЧ, дырэктар ДУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў». — Сусветны эканамічны форум падлічыў, што калі тэндэнцыя па выкарыстанні пластыкавых рэчаў працягнецца, то ў 2050 годзе пятая частка сусветнай здабычы нафты будзе расходавацца на тое, каб забяспечваць нас пластыкавымі рэчамі.

Адзін з варыянтаў ужываць менш пластыку — насіць з сабой свой кубак, у які можна наліваць напоі. Некаторыя ўстановы нават даюць за гэта зніжкі, як напрыклад кафэ MonkeyFood, дзе ў межах ініцыятывы My cup, please («Мой кубак, калі ласка») за любы напой, наліты ў тару спажыўца, плаціш на 10 % менш. Тут таксама існуе веладастаўка заказаў.

— Трэба пераасэнсоўваць сваё паўсядзённае жыццё, рабіць адзін аднаму экалагічныя падарункі, — упэўнена Марта СКУГАРАВА, спецыялістка па камунікацыі веган-фаст-фуду MonkeyFood. — Збіраючыся працаваць адразу ў экакірунку, мы думалі, якая ў нас будзе ўпакоўка, пастаўшчыкі, ежа, напоі, каб усё гэта адпавядала задуманай намі місіі. Любы бізнес, калі ён хоча развівацца, павінен разважаць не канцэптам тут і цяпер, а думаць, як ён будзе развівацца, да чаго ён ідзе.

Яшчэ нядаўна экалагічная ўпакоўка была рэдкасцю, а праз гэта была досыць дарагой. Аднак чым больш устаноў яе выкарыстоўваюць, тым больш з'яўляецца пастаўшчыкоў і спажыўцоў такой тары і тым таннейшая яна робіцца, мяркуе Марта:

— Разважаць над тым, наколькі дарагая экаўпакоўка, не варта, калі ты думаеш не толькі пра сёння. Выкарыстоўваць танную пластыкавую тару дорага для нашай планеты.

Аператар плануе падарыць офісам, якія знаходзяцца на вуліцы Кастрычніцкай і пажадаюць далучыцца да акцыі, што мае на мэце зрабіць тусовачнае месца вольным ад пластыку, спецыяльныя ёмістасці для збору адходаў шкла, паперы і пластыку.

У найбліжэйшыя дні каля ўстаноў на Кастрычніцкай паставяць кантэйнеры для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў. А бары, якія далучацца да экаакцыі, будуць прапаноўваць гасцям піць за здароўе планеты, матывуючы іх заказваць напоі ў шкляным посудзе.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Піць за здароўе... планеты

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».