Вы тут

Дзеці, якія гушкаюцца на арэлях у адным з гомельскіх сквераў, цяпер уяўляюць, як выглядае звяно палімера


Вы ўяўляеце, як выглядае звяно палімера? А дзеці, якія гушкаюцца на арэлях у скверы каля Інстытута механікі металапалімерных сістэм у Гомелі, цяпер уяўляюць. Зараз іх не выцягнуць з гэтага незвычайнага прыстасавання, якое да таго ж свеціцца рознымі колерамі ўвечары.


Святлодыёдныя арэлі — не адзіная «фішка», якую прыдумала група студэнтаў кафедры «Архітэктура і будаўніцтва» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту на чале з кіраўніком творчай лабараторыі Алай Пацкевіч. Ідэі маладых людзей былі прызнаны найлепшымі па выніках конкурсу праектаў па добраўпарадкаванні Цэнтральнага раёна Гомеля. Ну а спецыялісты інстытута «Гомельпраект» прафесійна агранілі і дапрацавалі знаходкі маладых.

Юнакі і дарослыя адразу ж ацанілі свабодную зону wі-fі, наяўнасць якой можна вызначыць па адпаведных сімвалах на лаўках. Яны ж абсталяваны сонечнымі батарэямі. На працягу дня гэтыя прылады назапашваюць энергію, што дазваляе падзарадзіць гаджэт. Ёсць тут і лаўка, якая «спявае». Слухаць музыку можна, калі падключыцца да яе з дапамогай Bluetooth-гарнітуры. Яшчэ ў скверы з'явіліся незвычайныя кветнікі і вулічныя ліхтары з рэжымамі падсвятлення, якія пастаянна мяняюцца. Цяпер тут нават кадкі з туямі выпраменьваюць святло.

Пры гэтым ніводнае дрэва пры рэканструкцыі не было знішчана. Захаванне зялёнай зоны ў поўным аб'ёме было адной з умоў рэканструкцыі.

Дарэчы, у арыгінальнай канцэпцыі аўтарамі закладзена філасофія: цяпер праз сквер, які знаходзіцца якраз насупраць Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, быццам праходзіць дарога-рака — па ёй маладыя людзі ўваходзяць у жыццё, атрымліваючы найлепшае ад папярэдніх пакаленняў. Тут захавана трасіроўка пешаходных сцяжынак: яны пратаптаны людзьмі за многа гадоў і сталі звыклыя для руху. Пры гэтым адноўленыя пешаходныя дарожкі выбрукавалі прыгожай рознакаляровай пліткай.

Шматлікія элементы добраўпарадкавання ўжыты ўпершыню. Іх рэалізоўвалі адміністрацыя Цэнтральнага раёна і прадпрыемствы абласнога цэнтра, у тым ліку «Гомельгарсвятло» і «Чырвоны гваздзік». Сквер, які яшчэ нядаўна быў змрочны, адразу ж ажывіўся і напоўніўся гоманам дзяцей і падлеткаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота Андрэя Феакцістава

Загаловак у газеце: Тэхналогіі пераўтварылі сквер

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.