Вы тут

На тыдзень раней, чым было запланавана, адкрылi новы мост цераз Сож


Гэты мост — частка аўтамагiстралi М8/Е95. Па пераправе рухаецца транспарт ад гранiцы Расii да Украiны. Прайшло крыху больш за год з моманту, калi была выяўлена небяспечная сiтуацыя з канструкцыямi старога моста, якi знаходзiцца побач i чакае дэмантажу. Тады, у жнiўнi мiнулага года, улады прынялi тэрмiновае рашэнне закрыць яго для руху. Велiкагрузны транспарт вымушана пайшоў праз абласны цэнтр, чым утвараў многа нязручнасцяў для гамяльчан.


I вось важная транспартная артэрыя зноў ажыла. Ва ўрачыстым адкрыццi моста ўзяў удзел прэм'ер-мiнiстр Рэспублiкi Беларусь Сяргей Румас. Ён заўважыў, што значнасць увядзення аб'екта складана пераацанiць:

— Дзякуючы напружанай працы маставiкоў i дарожнiкаў гэты аб'ект атрымалася пабудаваць раней за вызначаны тэрмiн. Работы, у якiх было задзейнiчана 130 чалавек, вялiся ў тры змены, паскоранымi тэмпамi пры строгiм выкананнi ўсiх тэхнiчных нарматываў. Падчас узвядзення аб'екта выкарыстоўвалiся самыя сучасныя тэхналогii, айчынныя будаўнiчыя матэрыялы.

Новы мост адпавядае патрабаванням бяспекi. Спецыялiсты запэўнiваюць: ён праслужыць не менш за 100 гадоў. Даўжыня новага моста складае 544 метры. Для яго збудавання спатрэбiлася звыш трох тысяч тон металу. Кошт будаўнiцтва з улiкам добраўпарадкавання склаў 58 мiльёнаў рублёў. Прапускная здольнасць — 12 тысяч машын у суткi. Канструкцыя моста лягчэйшая, чым у бетонных аналагаў, пры гэтым яна можа вытрымаць не меншую нагрузку.

Пакуль вялiся работы па будаўнiцтве новага моста пад Бабовiчамi, транспарт, у тым лiку цяжкiя фуры, рухаўся праз Гомель. Гэта прывяло да значнага павелiчэння нагрузкi на гарадскую вулiчную сетку. Цяпер прадугледжана аднаўленне тых дарог, па якiх быў арганiзаваны рух на перыяд закрыцця моста.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей падкрэслiў, што новы мост будзе таксама спрыяць развiццю iншых транспартных iнфраструктурных праектаў, якiя накiраваны на паступовы адток аўтамабiляў з цэнтра горада i, як вынiк, на паляпшэнне яго экалогii.

Iрына АСТАШКЕВIЧ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.