Вы тут

Наталля Качанава: Усе рэгiёны павiнны развiвацца дынамiчна


Каля трыццацi грамадзян запiсалiся на асабiсты прыём да кiраўнiка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Наталлi Качанавай, якi адбыўся ў Расонах.


Па традыцыi сярод наведвальнiкаў былi жыхары iншых абласцей i нават сталiцы. А месца правядзення прыёму было абрана не выпадкова. Наталля Качанава адзначыла, што мясцовы жыхар iнфармаваў пра неабходнасць развiваць рэгiён, дзе жыве каля дзевяці тысяч чалавек. Сiгнал зацiкавiў абгрунтаванасцю i пералiчэннем канкрэтных фактаў.

Фота БЕЛТА

Наталля Качанава нагадала, што кiраўнiк краіны ў Пасланнi да парламента i беларускага народа акцэнтаваў увагу на тым, што ўсе рэгiёны краiны, незалежна ад колькасцi насельнiцтва i iншых фактараў, павiнны развiвацца дынамiчна. Мясцовай уладзе трэба зрабiць так, каб была добрая перспектыва, людзi не пакiдалi родны край, каб сюды вярталася моладзь.

Падчас прыёму звярнулiся па дапамогу бацькi чацвярых дзяцей з Асiповiч Магiлёўскай вобласцi. Жывуць яны ў невялiкай кватэры ў доме барачнага тыпу, пабудаваным у 1958 годзе. Шматдзетная сям'я мае права на паляпшэнне жыллёвых умоў i спадзяецца справiць наваселле з мiнiмумам выдаткаў: хочуць купiць жыллё на другасным рынку i атрымаць iльготны крэдыт. Але сродкаў дзяржаўнай падтрымкi не хапае. Наталля Качанава нагадала, што дапамога шматдзетным — адзiн з дзяржаўных прыярытэтаў. Мясцовая ўлада падбярэ заяўнікам аптымальны варыянт.

Мiнчанка таксама прасiла вырашыць жыллёвае пытанне. Яна жыве ў кватэры з сынам каля чвэрцi стагоддзя. Афiцыйна жыллё лiчыцца ў iнтэрнаце, якi быў пабудаваны як жылы дом на сродкi Чырвонага Крыжа, таму ёсць праблема з доказам прававога статусу пражывання. Вярхоўны суд, дарэчы, пацвердзiў, што заяўнiца мае рацыю. Але, па яе словах, у чыноўнiкаў Мiнскага гарвыканкама iншы погляд на праблему. Муж меў намер пабудаваць жыллё, але памёр... Кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта даручыла адказным асобам разабрацца ў даволi нестандартнай сiтуацыi.

Пасля звароту дырэктара школы мастацтваў будзе зроблены рамонт участка дарогi Расоны — Гарбачы. Заяўнiца хвалюецца за бяспеку пры перавозцы дзяцей. Дадзена заданне ўжо да канца лета наступнага года вырашыць праблемнае пытанне.

Яшчэ адна заяўнiца з Гродзенскай вобласцi расказала пра праблемы, звязаныя з налiчэннем пенсii памерлага мужа-ліквідатара на сына, iнвалiда другой групы. Сiтуацыя вельмi заблытаная.

А жыхары Салiгорска паскардзiлiся на тое, што недалёка ад iндывiдуальнага жылля, лiтаральна за дваццаць метраў, плануюць пабудаваць завод металаканструкцый. Ужо пачалi работы, усталявалi агароджу. Людзям паабяцалi, што сiтуацыя будзе ўважлiва вывучана. Калi месца размяшчэння будучага прадпрыемства насамрэч не адпавядае нормам, вiнаватых пакараюць, будаўнiцтва забароняць. Таму абавязкова трэба своечасова разабрацца ў тэме.

Жыхар Смалявiч хацеў пабудаваць жыллё ў Мiнску. Заплацiў каля 43 тысяч долараў, а фiрма не выканала сваiх абавязацельстваў. Наваселле павiнна было адбыцца ў 2017-м... Наталля Качанава распарадзiлася даць адпаведнае даручэнне Генеральнай пракуратуры, бо такiя паводзiны забудоўшчыка нагадваюць махлярства.

Усе звароты вывучаць вельмi ўважлiва, i ўсiм пастараюцца дапамагчы.

Цiкава, што сярод заяўнiкаў былi некалькi прадстаўнiкоў бiзнесу, якiя спадзявалiся на дапамогу ў рэалiзацыi праектаў у сталiцы. Карыстаючыся выпадкам, Наталля Качанава прапанавала iнвеставаць грошы ў Расонскi раён. Ён экалагiчна чысты, тут каля двухсот азёр. А недалёка Полацк i Наваполацк, да таго ж раён мяжуе з Расiяй. Цiкава, што перспектывы супрацоўнiцтва з прадстаўнікамі бізнесу адразу ж абмеркавалi кiраўнiкi мясцовай улады. Гаварылi наконт праектаў забудовы ў прывабных з пункту гледжання экалогii месцах раёна.

Наталля Качанава, каментуючы прадстаўнiкам СМI вынiкi праведзенага прыёму грамадзян, падкрэслiла, што i надалей звароты ў Адмiнiстрацыю Прэзiдэнта i на iмя кiраўнiка дзяржавы будуць пiльна вывучацца.

Манiторынг падкажа наступнае месца правядзення такога прыёму. Улада ведае, што трэба рабiць. Старшынi аблвыканкама будзе даручана правесцi пасяджэнне наконт развiцця Расонскага раёна.

Аляксандр ПУКШАНСКI

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.