Вы тут

Расследаванне наркатычных злачынстваў пачынаецца з iнтэрнэт-разведкi


Нягледзячы на актыўную i шматбаковую барацьбу з незаконным распаўсюджваннем i спажываннем псiхатропаў, гэтая праблема не трацiць сваёй вастрынi. Пра гэта iшла размова на нядаўняй нарадзе ў Прэзiдэнта. Кiраўнiк дзяржавы канстатаваў, што прынятыя ў Беларусi ў 2014 годзе сiстэмныя меры дазволiлi пераламiць сiтуацыю. Але казаць, што працiўнiк пераможаны канчаткова, пакуль рана. Таму зацiкаўленым ведамствам трэба думаць, што рабiць далей, якiя хады яшчэ здзейснiць, каб паставiць чарговыя заслоны на шляху наркатрафiку i распаўсюджвання дурману ўнутры краiны.

А аб'ём наркатрафiку праз Беларусь расце. Сёлета агульная вага канфiскаваных наркатычных i псiхатропных рэчываў ужо перасягнула тону. I гэта толькi за 9 месяцаў! З iх 500 кiлаграмаў знайшлi мiлiцыянеры, а астатнiя 600 — пагранiчнiкi i мытнiкi. Гэтыя лiчбы агучыў начальнiк галоўнага ўпраўлення па наркакантролi i супрацьдзеяннi гандлю людзьмi Мiнiстэрства ўнутраных спраў Беларусi Генадзь КАЗАКЕВIЧ.


— Ад 2014 года колькасць нарказлачынстваў iстотна зменшылася — у паўтара раза. Сёлета iх за першыя дзевяць месяцаў года зафiксавана 3579. Ад 2014 года, калi пачаў дзейнiчаць Дэкрэт № 6, рэзка ўпала колькасць непаўналетнiх фiгурантаў спраў, якiя датычацца забароненых рэчываў, — у шэсць разоў.

Што да перадазiровак са смяротным вынiкам, то летась iх у краiне было зарэгiстравана 30. У пералiку на 1 мiльён чалавек ва ўзросце 15—64 гадоў гэты паказчык складае 4,6. Па звестках Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый, ён у 14 разоў меншы за лiтоўскi, у 17 — за расiйскi i ў 72 — за амерыканскi. Апошнi выпадак, калi ад перадазiроўкi наркотыкаў памёр непаўналетнi, быў i наогул у 2014 годзе.

Але тым, што Беларусь — краіна транзiтная, актыўна карыстаюцца i наркагандляры.

— Колькасць канфiскаваных наркотыкаў i псiхатропаў павялiчваецца паступальна з 2014 года, — працягвае Генадзь Казакевiч. — Гэта як «транзiтныя» рэчывы, так i тыя, што распаўсюджваюцца ўнутры краiны. Прычым да названых вышэй лiчбаў трэба дадаць яшчэ 1800 кiлаграмаў, якiя канфiскавалi нашы калегi ў Лiтве, Латвii, Польшчы на знешнiх межах нашай дзяржавы. Усё гэта прызначалася альбо для Беларусi, альбо для перавалкi ў напрамку Расii.

Iстотна змянiлася i характарыстыка наркарынку. Калi ў 2014 годзе баль правiлi сiнтэтычныя наркотыкi, то цяпер 80 % рынку прыходзiцца на долю марыхуаны i гашышу. Лагiстычны ланцужок выбудаваны наступным чынам: Заходняя Афрыка — Еўрасаюз — транзiтам праз Беларусь у Расiю.

Найбуйнейшая партыя наркотыкаў, якую канфiскавалi супрацоўнiкi мiлiцыi сёлета, была адлоўлена на гранiцы Беларусi i Латвii. Там знайшлi 10 кiлаграмаў MDMA, 5 кiлаграмаў мефедрону, 112 кiлаграмаў гашышу i 4 кiлаграмы какаiну. Усё гэта накiроўвалася ў Расiю.

Рухаюцца наркотыкi i ў адваротным напрамку. Злачынныя групоўкi, у якiя ўваходзяць выхадцы з Таджыкiстана, Турцыi i Iрана, спрабуюць аднавiць пастаўкi афганскага гераiну па так званым паўночным маршруце транзiтам праз Расiю i Беларусь у Заходнюю Еўропу. Наркотыкi з-за мяжы паступаюць па наладжаных каналах. Яны ўключаюць у сябе прадуманую лагiстыку i арганiзаваныя злачынныя групы, якiя i перамяшчаюць смяротныя рэчывы. Сёлета беларускiя праваахоўнiкi спынiлi дзейнасць 20 такiх каналаў.

Разам з тым МУС адзначае пэўныя негатыўныя тэндэнцыi ўнутры самой Беларусi.

— Па-першае, 95 % наркотыкаў i псiхатропаў распаўсюджваецца закладкамi праз iнтэрнэт, — кажа Генадзь Казакевiч. — У тэхнiчным плане выявiць такiя злачынствы вельмi складана. Але работа гэтая неабходная, iнакш наркатычны вiр будзе зацягваць у сябе ўсё больш i больш людзей. Таму была створана цэлая сiстэма iнтэрнэт-разведкi. Сотнi сайтаў, якiя мелi дачыненне да наркарынку, трапiлi пад блакiроўку. Закрывалiся i iнтэрнэт-крамы...

Яшчэ адна пагроза ў тым, што павялiчваецца латэнтнасць наркаманii. Афiцыйная колькасць нарказалежных, якiя стаяць на ўлiку, складае каля 13 тысяч чалавек. Рэальная iх колькасць, па ацэнках ведамства, — гэта 88 з паловай тысяч. Сацыялагiчныя даследаваннi паказваюць, што пераважная большасць з iх — эканамiчна актыўныя грамадзяне. Чаму ж iснуе такая вялiкая вiлка? Ёсць шэраг абмежаванняў, звязаных з працаўладкаваннем наркаспажыўцоў. I сама сiстэма дзяржаўнай наркалогii, на погляд мiнiстэрства, мае патрэбу ва ўдасканаленнi.

— МУС выступiла з шэрагам iнiцыятыў, — кажа суразмоўца. — Першая звязана са стварэннем новага рэсурсу pomogut.by, дзе змешчана ўся неабходная iнфармацыя для дзяцей, бацькоў i настаўнiкаў. Мiнiстэрства адукацыi падтрымала прапанову сiлавога ведамства зрабiць гэты рэсурс часткай навучальнага працэсу. Другая датычылася стварэння спецыяльнага цэнтра, дзе нарказалежныя будуць праходзiць праз працяглую рэабiлiтацыю.

Прадстаўнiк МУС таксама пракаментаваў адзiн з самых масавых працэсаў за апошнi час, звязаных з распаўсюджваннем наркотыкаў. Больш за тры гады гэтай справай займалiся мiлiцыя i Следчы камiтэт. Сярод яе фiгурантаў былi ажно 37 чалавек, якiя атрымалi вялiкiя тэрмiны.

— Гэта была вельмi працаёмкая рэч. Але мушу зазначыць, што ўсё пачынаецца з работы падраздзяленняў iнтэрнэт-разведкi. Першае, што мы робiм, — выяўляем дзейнасць так званых крам. Затым збiраем па iх iнфармацыю, праводзiм аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы ў iнтэрнэце. Мы выяўляем не проста спажыўцоў i закладчыкаў, наша задача — злавiць арганiзатараў.

Самiх жа закладчыкаў — як правiла, маладых людзей — дылеры клiчуць «мясам». Фактычна для арганiзатараў злачыннага гандлю гэта жывы расходны матэрыял. Пры гэтым яны цудоўна разумеюць, на што iдуць, — усё-такi апошнiя шэсць гадоў пра жорсткую адказнасць за незаконны гандаль наркотыкамi расказваюць, як той казаў, дзе толькi магчыма. Але прага вялiкiх грошай пры абяцанай лёгкасцi работы засцiлае вочы. Ды i самi дылеры расказваюць пра тое, што могуць забяспечыць ананiмнасць. Клiент гэтаму верыць. Пачынае раскладваць наркотыкi — i ў нейкi момант «работа» перапыняецца нечаканым, але заслужаным адпраўленнем за краты.

— I ў нас узнiкае простае пытанне: а дзе ж бацькi? — працягвае Генадзь Казакевiч. — Чаму яны функцыi выхавання дзяцей перакладваюць на МУС? Гэта ўсё роўна, што, напрыклад, у тым, што дзiця дрэнна вучыцца, абвiнавачваць Мiнiстэрства адукацыi. Але гэта ж бязглуздзiца.

Разам з тым пад сёлетнюю амнiстыю трапiць каля 1600 асуджаных па частках 1, 2, 3 артыкула 328 Крымiнальнага кодэкса. Iм скароцяць тэрмiн на год. А непаўналетнiм — на два.

Валяр'ян ШКЛЕННIК

Загаловак у газеце: Спынiць небяспечны вiр

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».