Вы тут

Аўстрыйскі Тыроль. Чаму варта наведаць гэты рэгіён?


Якія першыя асацыяцыі ўзнікаюць, калі чуем пра Аўстрыю: Вена, Моцарт, Шуберт?... А ці бывалі вы ў Тыролі? Гэта федэратыўная зямля Аўстрыі. Яе называюць сэрцам Альпаў. Рэгіён з’яўляецца вельмі паспяховым у турыстычным бізнэсе. Прыгожыя краявіды, гісторыя, традыцыі і спорт — вось, на думку начальніка аддзела маркетынгу Савета па турызму Тыроля Флорыяна Кара, чым абумоўлена прыцягальнасць гэтай мясцовасці для гасцей.


Адпачынак на любы густ

Безумоўна, краю пашчасціла з геаграфіяй, але яго папулярнасць і запатрабаванасць у турыстаў — напрацоўвалася гадамі. І сёння Тыроль з’яўляецца свайго роду чэмпіёнам у Аўстрыі, калі гаворка ідзе пра турыстычны бізнес: яго доля ў УВП рэгіёну складае больш за 17 працэнтаў (у той час як па краіне гэты паказчык усяго 7 працэнтаў). Сюды едуць адпачываць з Германіі, Швейцарыі і многіх іншых краін свету. У турыстычнай сферы на сёння задзейнічана 55 тысяч супрацоўнікаў. Больш за палову ўсяго патоку гасцей сюды наведваецца ў зімні перыяд, калі можна катацца на лыжных трасах, глядзець на заснежаныя горныя схілы і грэцца ва ўтульных хіжынах-гатэлях, кавярнях адкрываючы для сябе мясцовыя кулінарныя рэцэпты альбо гуляць па пераднавагодніх кірмашах і натхняцца прыгажосцю пейзажаў.

Як варыянт, можна завітаць у Інсбрук — сталіцу Тыроля. Прыхільнікі спорту згадаюць, што тут праходзілі Зімовыя Алімпійскія гульні ў 1964 і 1976 гадах. Горад размяшчаецца на захадзе Аўстрыі, яго сімвалам лічыцца Залаты дах, які насамрэч толькі крыты балкон, дэкарыраваны 2500 медных пялёсткаў, пакрытых золатам. Кажуць, тут нават можна правесці вясельную цырымонію — чым не шанец адчуць сябе сапраўднай прынцэсай. У самім будынку размешчаны музей, дзе ўдасца даведацца і пра стварэнне залатога даху і пра значныя вехі ў гісторыі Тыроля. А ў музеі народнага мастацтва прадстаўлены культура, традыцыі і звычаі рэгіёну: нацыянальныя строі з розных гарадоў, калекцыя званочкаў для кароў, і нават звычайны пакой тырольскай хаты розных вякоў.

Гасціннасць па крытэрыях

Каб пранікнуцца атмасферай традыцый і стаць адным з удзельнікаў, то прыязджаць у Тыроль варта, напрыклад, восенню на свята перагону жывёлы. Кароў упрыгожваюць вянкамі, званочкамі, мясцовыя жыхары апранаюцца ў нацыянальныя строі і гоняць жывёлу з высакагорнай пашы ў нізіну. Такім вялікім святам адзначаецца завяршэнне сезону выпасу скаціны. На рынку можна пакаштаваць разнастайныя ласункі, паслухаць музыку і набыць у мясцовых майстроў сувеніры. Альбо іншы варыянт — зладзіць сабе адпачынак на ферме. Тут усё арганізоўваецца ў адпаведнасці з мноствам крытэрыяў, сярод якіх сістэма якасці, бяспека, таварны знак, наяўнасць у гападарцы пэўнага віду земляробства ці жывёлагадоўлі; дом павінен адпавядаць канонам тыповай сельскай архітэктуры і не менш важна, ці будзе ў гасцей магчымасць адчуць каларыт мясцовага жыцця і традыцый, у тым ліку і з дапамогай фальклору.

— У нас вельмі трапяткое стаўленне да традыцый, якія мы імкнемся зберагчы ў тым выглядзе, у якім яны былі шмат гадоў таму. Бо разумеем, насколькі гэта аўтэнтычна. Ёсць карнавал, фестывалі, калядны кірмаш. І кожнае свята мае вялікае значэнне для нас, саміх тырольцаў, магчыма, нават большае, чым для нашых гасцей, — расказаў падчас лекцыі-прэзентацыі Флорыян Кар.

Цікавы накірунак — даліна Эцталь. Тут здымалі кінафільм «Джэймс Бонд. Спектр», а зараз у Альпах ёсць музей 007 Elements, які размяшчаецца на вышыні 3048 метраў і спраектаваны такім чынам, што частка залаў знаходзіцца пад зямлёй, а з іншых адкрываецца маляўнічы від на горы. Увазе наведвальнікаў у дзевяці залах прапаноўваецца мультымедыйная экспазіцыя, прысвечаная гісторыі Джэймса Бонда і фільмам пра суперагента. Кінакамісія (гэта асобны аддзел Савета па турызму) тут актыўна займаецца прыцягваннем у гэтую мясцовасць вытворцаў кіно і рэкламы, што таксама дае сродкі для развіцця турызму.

Адданасць справе — гарант поспеху

Веліччу і зіхаценнем сустракае гасцей Музей крысталаў Свароўскі ў Ватэнсе. Унікальны парк мастацтваў і прыгод тут стварылі ў 1995 годзе, каб адзначыць 100-годдзе Свароўскі. На тэрыторыі плошчай у 7,5 га раскінуўся ландшафтны сад з мноствам славутасцяў: узяць хоць бы воблака з 800 000 крысталаў апрацаваных уручную! А башня з атракцыёнамі ў чатыры паверхі — сапраўдны свет цудаў для дзяцей.

А вось Кітцбюэль — з тых месцаў, дзе раздолле для прыхільнікаў горных схілаў, бо тут з кастрычніка па май уладарыць зіма. Гарналыжны Кітцбюэль прапаноўвае гасцям 170 кіламетраў лыжных трас, што зручна размясціліся на 60 схілах рознага ўзроўню складанасці.

Вышэйназваныя месцы — толькі кропкі на карце тых шматлікіх магчымасцей для адпачынку, якія вабяць сюды турыстаў з розных куточкаў свету. І на першы погляд можа здавацца, што проста ўсё ўдала склалася ў тых, хто тут жыве і зарабляе на турызме. Але ж ці было б гэта магчыма без адданасці сваёй справе і любові да таго, што маеш?

— Сакрэт поспеху — у тым ліку і ў нашай кампетэнцыі. Напрыклад, Савет па турызму існуе 130 гадоў. Столькі часу мы займаемся турыстычным маркетынгам. У нас турызм вельмі важная справа для кожнага, пачынаючы ад губернатара і заканчваючы самімі тырольцамі, — адзначае Флорыян Кар. — Мы ведаем і любім наш брэнд больш за саміх турыстаў. І ў кожнай сферы, будзе гэта гатэль, ферма ці горналыжны схіл — паўсюль заўважна, як прафесійна і з якой увагай да дэталяў кожны робіць свой унёсак у агульную справу.

Алена ДРАПКО

Фота з афіцыйнага сайта visittirol.ru

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».