Вы тут

У Мінску правялі балетны майстар-клас у падтрымку ВІЧ-пазітыўных людзей


Народная артыстка Беларусі, прыма-балерына Вялікага тэатра Вольга Гайко правяла адкрыты майстар-клас «Балетнае мастацтва для ўсіх». Гэты адкрыты ўрок танцаў — частка маштабнай інфармацыйнай кампаніі #АRTfоrHеаlth, якую праводзяць сумесна тэатр, Фонд Рудольфа Нурэева і Аб’яднаная праграма ААН па ВІЧ/СНІДзе (ЮНЭЙДС) у Беларусі ў падтрымку людзей з ВІЧ-пазітыўным статусам.


— Чаму менавіта тэатр? Бо дзеячы мастацтва маюць вялізны крэдыт даверу, да іх голасу прыслухоўваецца вялікая частка грамадства. Нам важна данесці на ўсіх узроўнях, што ВІЧ-інфекцыя — не смяротны прысуд, а хранічнае захворванне, супраць якога ўжо існуе лячэнне, і што тэатр — прастора, свабодная ад дыскрымінацыі, звязанай са СНІДам, — кажа старшыня Экспертнай рады інфармацыйнай стратэгіі па ВІЧ/СНІДзе ў Беларусі Сяргей Кручынін. — Таксама важна нагадаць, што прафілактыка ВІЧ-інфекцыі датычыцца асабіста кожнага. Не ўпэўнены на сто адсоткаў — прайдзі тэст, высветлі свой ВІЧ-статус, каб атрымаць неабходную тэрапію і працягваць жыць далей. Не страх, а веды дапамогуць перамагчы эпідэмію.

Удзел у майстар-класе, увялі нас у курс спраў арганізатары, бяруць прадстаўнікі агенцтваў ААН і бізнесу, медыйныя асобы, а таксама людзі, якія жывуць з вірусам імунадэфіцыту, — усяго каля двух дзясяткаў чалавек, незалежна ад узроўню падрыхтоўкі. Зрэшты, ужо праз некалькі хвілін заняткаў становіцца зразумела, што дылетанты тут — толькі мы з калегамі. Удзельнікі ж уважліва слухаюць тлумачэнні педагога і паўтараюць за Вольгай Гайко ўсе гэтыя гранд-пліе (глыбокі прысед), батман тэндзю жэтэ (выкід нагі пад вуглом 45 градусаў) і «простыя адажыа» (звязка з некалькіх рухаў і поз, якія плаўна перацякаюць адна ў адну), не губляючыся ў тэрмінах.

Майстар-клас, дарэчы, праходзіць пад жывую музыку, і акампаніятар падбірае тэмп і мелодыі, якія дапамагаюць і падбадзёрваюць удзельнікаў — як, скажам, амаль джазавая версія савецкага хіта пра добры настрой («И улыбка, без сомненья...») альбо «В траве сидел кузнечик», якім па-хуліганску суправаджаецца прапанова балерыны вучням «крыху паскакаць». Не дзіўна, што сорак пяць хвілін урока пралятаюць як адно імгненне, а ўдзельнікі выглядаюць хоць і стомленымі, але задаволенымі.

— Канешне, за адзін майстар-клас навучыцца балету нельга, — прымае наш скепсіс Вольга Гайко, — тым больш я бачыла вучняў упершыню і не ведала іх узровень падрыхтоўкі. Але тут і не стаяла задача развучыць тыя ці іншыя рухі — гэта хутчэй сацыяльная акцыя, што дазваляе дакрануцца да цудоўнага свету мастацтва і дае людзям, якія жывуць з ВІЧ, адчуць нашу падтрымку і разуменне. Гэта не толькі папулярызацыя здаровага ладу жыцця, фізічнае ўмацаванне цела, але і своеасаблівае лекаванне мастацтвам, шанс раскрыць у сабе новыя эмацыянальныя і духоўныя ўласцівасці.

Заўважаем сярод вучняў — дакладней, амаль на 100% вучаніц — заслужаную артыстку краіны, спявачку Наталлю Тамелу. «Я ўсё жыццё займаюся танцамі, таму нават не сумнявалася, калі прапанавалі падтрымаць праект. Тым больш, на маю думку, гэта сапраўды добрая магчымасць для ВІЧ-хворых выйсці з ценю, адчуць сябе часткай грамадства, а не ізгоямі».

Прадстаўніцы Нацыянальнай школы прыгажосці расказваюць, што іх прывяло на майстар-клас жаданне папулярызаваць актыўны і здаровы лад жыцця: «Калі гаварыць пра ВІЧ/СНІД, то не сакрэт, што мадэлінг, дызайн, наогул творчыя сферы — скажам так, у зоне рызыкі. Таму неабходна часцей гаварыць аб праблеме, нагадваць пра адказнае стаўленне да свайго здароўя і жыцця, яшчэ раз акцэнтаваць, што хваробу можна і трэба прадухіліць».

— Я да апошняга сумняваўся, ці варта ўдзельнічаць, але не змог упусціць шанс займацца ў такой зоркі балету, як Вольга Гайко. Хоць з непрывычкі нагрузка здалася вялікай, і адзенне падабраў не самае зручнае, — прызнаецца Анатоль Лешанок, намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Людзі плюс», якое аб’ядноўвае беларусаў, закранутых праблемай ВІЧ, — ВІЧ-пазітыўных людзей, членаў іх сем’яў, спецыялістаў, якія працуюць у гэтай сферы. — Пераканаўся на ўласным вопыце, што звычайнай зарадкі малавата для таго, каб вучыць балетныя рухі. Але затое і ўбачыў і натхніўся, як многа людзей гавораць аб праблеме ВІЧ, аб тым, што жыццё на гэтым не заканчваецца. Мяне прыемна ўразіла, што на дапамогу дзяржаўным структурам прыйшлі і бізнес, і грамадскія дзеячы, і людзі мастацтва...

Вучні і настаўніца робяць агульны памятны здымак і разыходзяцца па сваіх справах. А інфармацыйная кампанія #АRTfоrHеаlth працягваецца — ужо на наступным тыдні ў Мінску пакажуць фільм Рэйфа Файнса «Нурэеў. Белы воран», прысвечаны легендарнаму танцоўшчыку Рудольфу Нурэеву (ён памёр ад СНІДу ўсяго за пару гадоў да таго, як было вынайдзена лячэнне), прычым стужку прадставіць выканаўца галоўнай ролі — колішні выпускнік Беларускага харэаграфічнага вучылішча Алег Івенка. Нарэшце, 1 снежня, у Сусветны дзень барацьбы са СНІДам, праект фінішуе дабрачынным балетным спектаклем «Ор і Ора» на музыку Міхаіла Крылова — частка сродкаў ад продажу на яго білетаў праз kvіtkі.bу будзе перададзена Міністэрству аховы здароўя для суправаджэння людзей, якія жывуць з ВІЧ.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

«Звязда» дапамагла ліквідаваць стыхійную паркоўку ў Магілёве

Увагу на праблеме завастрыў старшыня вулічнага камітэта гэтай мікразоны Аляксандр Пікуля. 

Грамадства

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

Прамянёвая тэрапія: новыя магчымасці і рызыкі

 Прамянёвая тэрапія можа выкарыстоўвацца як у спалучэнні з хірургіяй і хіміятэрапіяй, так і як самастойны метад лячэння.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Старэнькі «Запарожац» (цяпер такіх машын і не відаць ужо) старанна пыліў па дарозе...

Грамадства

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Антарктыда чакае беларусак. Але яны пакуль туды не імкнуцца

Дванаццатая беларуская антарктычная экспедыцыя адправілася на ледзяны кантынент.