Вы тут

Як правільна абараняць дзіця ад рэспіраторных інфекцый?


Сезон рэспіраторных інфекцый адкрыты. І калі абараніцца ад грыпу можна з дапамогай прышчэпкі, то як супрацьстаяць астатнім сезонным захворванням, не зразумела. Згодна з даследаваннямі, гарадское дзіця за 13 гадоў жыцця хварэе ў сярэднім 36 разоў, а гэта прыкладна тры прастуды на год, прычым у асноўным восенню і зімой, радзей — вясной. Чаму і чым хварэюць дзеці ўвосень і якіх хвароб больш за ўсё апасаюцца педыятры, а таксама як паўнацэнны рацыён абараняе нас ад інфекцый і чаму дзецям катэгарычна забаронена «прывіваць» вегетарыянства і веганства, расказала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы 3-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі Мінска Вера Паяркова.


— Вера Мяфодзьеўна, чаму восенню дзеці часцей хварэюць?

— Наведваць установы адукацыі яны пачынаюць пераважна з верасня. І ў гэты час калектывы, у прыватнасці, у дзіцячых садках напаўняюцца новымі дзецьмі. І кожны з іх нясе свой набор вірусаў і мікраарганізмаў. У дзіцячых калектывах адбываецца абмен мікрафлорай. Натуральна, кожны арганізм, сутыкнуўшыся з новымі вірусамі і мікробамі, рэагуе. Пачынае нязначна пакутаваць імунная сістэма дзіцяці, прычым у кожнага свой імунны адказ на ўкараненне новых мікраарганізмаў. Таму павялічваецца частата вострых вірусных захворванняў, рэспіраторных захворванняў, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам праз верхнія дыхальныя шляхі. Што датычыцца дзяцей школьнага ўзросту, то ўсё лета іх арганізм быў вольны ад чужых вірусаў і мікраарганізмаў, а ў класным калектыве гэтак жа адбываецца абмен мікрафлорай, і мы атрымліваем нязначнае павелічэнне захваральнасці.

Да таго ж лета і патачак восені — гэта час, багаты на фрукты і агародніну. Калі бацькі забываюць памыць скурку кавуна, дыні ці іншых фруктаў, паверхні якіх населены мікраарганізмамі, гэта, як і нямытыя рукі, прыводзіць да павышанай колькасці энтэравірусных інфекцый. Таму летам і ў пачатку восені маюць месца як рэспіраторныя, так і энтэравірусныя інфекцыі. Гэтым тлумачыцца павышаная захваральнасць.

— Якія хваробы часцей за ўсё сустракаюцца ў гэту пару?

— Захворванні верхніх дыхальных шляхоў — адэнаідыты (запаленне адэноідаў, якое ўскладняе насавое дыханне), сінусіты, атыты, фарынгіты, бранхіты. Пнеўманія ў гэтым сезоне бывае вельмі рэдка. Бо яна — следства частых бранхітаў, і назіраецца звычайна глыбокай восенню і зімой, калі вядучую ролю адыгрывае пераахаладжэнне. Хоць трэба заўважыць, што пнеўманіі здараюцца і летам, калі падчас высокіх тэмператур прадзімае на скразняку. Таксама выклікаць хваробу могуць і кандыцыянеры ў аўтамабілях і памяшканнях, калі фільтры доўгі час не абслугоўваюцца належным чынам, вірусы назапашваюцца ў фільтровачных аўтаматах, і мы дыхаем пнеўмакокамі, якія распаўсюджваюцца аэразольным шляхам.

— Якога захворвання больш за ўсё апасаюцца педыятры?

— Самае грознае захворванне, канешне, пнеўманія. Таксама ў маленькіх дзяцей небяспечныя адэнаідыты, якія з-за няправільнага падыходу да лячэння насаглоткі перарастаюць у атыты. Бацькі актыўна карыстаюцца ўсемагчымымі спрэямі, фізіялагічнымі растворамі, якія пад ціскам упырскваюць у насавыя хады для прачысткі слізі ў насавых ракавінах. Няправільнае прымяненне такіх сродкаў пад высокім ціскам вядзе да таго, што слізь прасоўваецца глыбей і трапляе ў слыхавую трубу. Гэта выклікае атыты, якія цяжка лечацца.

Мы насцярожаны і ў адносінах менінгакокавай інфекцыі. Гэтым летам мы, напрыклад, апасаліся адру ў дзяцей. Але гэта вакцынакіруемая інфекцыя. І калі бацькі правільна адносяцца да вакцынацыі дзяцей, згодна з нацыянальным календаром робяць прышчэпкі, то дзеці абаронены ад многіх хвароб, у прыватнасці, ад адру, пнеўманіі, гемафільнай інфекцыі. Прышчэпка ад той жа гемафільнай інфекцыі аблягчае цячэнне ці ўвогуле пазбаўляе ад частых хвароб дыхальных шляхоў: рынітаў, адэнаідытаў, атытаў, бранхітаў. Правільная вакцынацыя стымулюе работу імуннай сістэмы, павышае ахоўныя сілы арганізма, выпрацоўвае ахоўныя імунаглабуліны класа А. Дзіця не так часта і не так цяжка хварэе.

— Што яшчэ, акрамя вакцынацыі, могуць зрабіць бацькі, каб абараніць дзіця ад захворвання?

— Важна весці здаровы лад жыцця, прытрымлівацца гігіенічных мерапрыемстваў. Тое ж мыццё рук і фруктаў абмяжоўвае паступленне як рэспіраторных, так і энтэравірусаў у арганізм. Пасля наведвання шматлюдных месцаў памыць рукі і прасаніраваць нос — гэта азбука гігіены. Варта знаходзіць час для прагулак на свежым паветры — для дзяцей гэта каля чатырох гадзін штодзень, таксама мець паўнацэнны сон і адпачынак, пазбавіць дзіця ад тытунёвага дыму, калі бацькі кураць, і забяспечыць паўнацэннае харчаванне. Калі ў дзіцяці збалансаваны рацыён, імунадэфіцыт яму не пагражае. Пры ўжыванні 100—200 грамаў натуральнага, а не паўфабрыкатнага мяса ў арганізме фарміруюцца правільныя бялкі, якія выпрацоўваюць імунаглабуліны. Яны садзейнічаюць стварэнню супрацьвіруснага імунітэту і гарманальнай сістэмы. Усе гармоны «падвязаны» на бялкі. Калі мы не будзем есці мяса, не будуць выпрацоўвацца бялкі, адпаведна, гармоны. Гармоны шчытападобнай залозы і наднырачнікаў таксама ўплываюць на імунную сістэму. Таму збалансаванае харчаванне садзейнічае мінімальнай рызыцы заражэння рэспіраторнымі інфекцыямі. Абавязкова трэба памятаць, асабліва тым, хто жыве ў мегаполісе, што важна ўжываць вітамін D3, ён уплывае на фарміраванне коснага шкілета ў маленькіх дзяцей і імуннай сістэмы, у прыватнасці.

— Ці варта дадаваць вітамінныя комплексы, імунамадулятары?

— Вітаміны летам і ўвосень мы атрымліваем з прадуктамі харчавання. А вось морапрадуктаў у нас не так шмат. Калі бацькі будуць дадаваць у рацыён морапрадукты, то на нейкі час мы можам адмовіцца ад вітамінных комплексаў. Калі морапрадуктаў у рацыёне мала, то альтэрнатыва — вітамін D3. Даказальнай базы карысці ад прыёму імунамадулятараў няма, таму калі ўрач-педыятар іх не прызначыў, у імунную сістэму лепш не ўмешвацца, а правільна арганізаваць рацыён. Катэгарычна нельга прывіваць дзецям веганства ці вегетарыянства — гэта стварае дэфіцыт бялку пры фарміраванні гарманальнага статусу дзіцяці. І адпаведна ад нястачы гармонаў будуць пакутаваць усе сістэмы арганізма. Дзіця будзе адставаць ад равеснікаў як у разумовым, так і ў фізіялагічным развіцці.

— Які сродак у абароне ад інфекцый найлепшы?

— Ад інфекцый, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, а таксама энтэравірусных — вакцынацыя. Супрацьпаказанняў для правядзення прафілактычных прышчэпак амаль няма. Іх нельга рабіць пры высокай тэмпературы і пры вельмі цяжкіх хваробах. Калі дзіця ў стане рэмісіі, яму можна і трэба рабіць прышчэпкі. Так ствараецца дастатковая імунная праслойка папуляцыі, тым самым мы папярэджваем частыя інфекцыі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?