Вы тут

Падмурак для сувязі пакаленняў


Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску — не проста ўнікальны і прыцягальны аб’ект архітэктуры, а вялікая скарбніца памяці як для беларускай, так і ўсёй постсавецкай прасторы. 22 кастрычніка найбуйнейшаму ў нашай краіне сховішчу падзей Вялікай Айчыннай споўнілася 75 гадоў. Дата знакавая і важная! З моманту прыняцця гістарычнага рашэння аб заснаванні гэтай установы праляцела шмат дзесяцігоддзяў, але музей-летапісец гісторыі вялікай бітвы і Вялікай Перамогі нашага народа пазіцый не здае, наадварот, толькі ўмацоўвае. Цяпер гэта прызнаны культурны, навуковы і адукацыйны цэнтр сусветнага ўзроўню. 18 кастрычніка музею ўпершыню была аб’яўлена падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.


Народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі знаёміць наведвальнікаў з серыяй сваіх карцін «Лічбы на сэрцы» ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. 1980 год.

Урачыстае адкрыццё музея ў Мінску адбылося 22 кастрычніка 1944 года ў адным з ацалелых у гады вайны будынкаў — Доме прафсаюзаў на плошчы Свабоды. Наведвальнікам прадставілі зброю, сцягі, рукапісныя часопісы, парашуты, лыжы, чырвонаармейскія кніжкі, ваенныя білеты, лісты, у тым ліку нямецкія, ваенную тэхнічную літаратуру, асабістыя апазнавальныя знакі і іншыя экспанаты.

Калі толькі выйшаў загад аб стварэнні першай экспазіцыі музея, многія паняцця не мелі, што такое музей і як з ім працаваць. Адзін з заснавальнікаў установы Пётр Ганчароў да вайны не быў ні ў адным музеі, але за справу ўзяўся з асаблівай заўзятасцю, працэс закіпеў. Работа над стварэннем экспазіцыі пачыналася з экспедыцый на фронт. Яшчэ грымела вайна: супрацоўнікі ездзілі ў Польшчу, Германію і адтуль прывозілі экспанаты. Першакрыніцай будучых музейных аб’ектаў былі партызанскія лясы. Навуковыя супрацоўнікі адпраўляліся туды, каб шукаць экспанаты.

Першапачаткова ў музеі працавалі толькі дзве экспазіцыі: «Узбраенне беларускіх партызан» і «Бальшавіцкі друк Беларусі ў дні Вялікай Айчыннай вайны». Да іх стварэння быў прыцягнуты пазаштатны актыў: былыя партызаны, франтавікіінваліды, мастакі, архітэктары, скульптары, пісьменнікі, журналісты, фатографы.

Увесну 1964 года музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны пераехаў на вуліцу Карла Маркса, 12. Але экспазіцыя разрасталася, і месца не хапала. Пачалі шукаць варыянты: падыходзіў новы будынак на Цэнтральнай плошчы (сучасная Кастрычніцкая), у якім на той час знаходзіўся гісторыка-краязнаўчы музей (цяпер Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь). Пачалі разважаць, дзе каму працаваць. У выніку 15 студзеня 1966 года ўсе залы на Ленінскім праспекце аддалі музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а гісторыка-краязнаўчы перабраўся на Карла Маркса. Менавіта ў гэтым будынку музей працаваў амаль 50 гадоў.

На пачатку двухтысячных востра паўстала пытанне аб будаўніцтве новага сучаснага будынка музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Праектавалі яго архітэктары Віктар Крамарэнка і Віктар Нікіцін. Месца для будоўлі выбралі адпаведнае тэматыцы музея — на праспекце Пераможцаў, каля стэлы «Мінск — горад-герой!».

Сёння Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны звязвае розныя пакаленні — навукоўцаў-даследчыкаў, неабыякавых наведвальнікаў з тых, хто ваяваў, і тых, хто не ведае, што такое вайна. 75 гадоў праляцела, але жыццё музея працягваецца і віруе. Шматлікія праекты, выстаўкі, адукацыйныя праграмы — ўсё гэта сведчыць пра развіццё і ўпэўненыя крокі наперад.

У свой юбілей музей падрыхтаваў для наведвальнікаў шмат розных падарункаў. Першым з іх стала адкрыццё маштабнай выстаўкі «Вяртаючы час», у межах якой прадстаўлена каля пяцісот музейных прадметаў, што паступілі ў фонды сховішча за апошнія пяць гадоў. Два аўтаномныя інфармацыйныя блокі «Старонкі гісторыі» і «Музей сёння» наўпрост звязаныя са стварэннем музея ў 1944 годзе.

Своеасаблівы дыялог мінулага і сучаснасці дазваляе наведвальнікам параўнаць розныя часы і падзеі. Дзякуючы рарытэтным музейным прадметам раскрываюцца асобныя старонкі гісторыі ўстановы. Інтэр’ерная экспазіцыя пабудавана з выкарыстаннем фондавай мэблі ваеннага і пасляваеннага часу. Усё гэта стварае вобраз паўсядзённай рабочай музейнай абстаноўкі. Гэта своеасаблівая даніна памяці першым супрацоўнікам музея і яго ветэранам. На працягу месяца ў гонар свайго свята музей будзе праводзіць розныя мерапрыемствы і акцыі, даведацца пра якія можна на сайце ўстановы.

Фрагмент экспазіцыі «Вяртаючы час»

Тым не менш 75 гадоў — не толькі знакавая дата і працэс святкавання, але і нагода паразважаць над тым, як сёння наладжаны працэс функцыянавання музея і як адбываецца пошук новай формы падачы музейнага матэрыялу. Пра гэта і не толькі карэспандэнт «ЛіМа» пагутарыла з дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімірам ВАРАПАЕВЫМ.

— Уладзімір Сяргеевіч, віншуем вас і калектыў музея з 75-годдзем! Дарэчы, яшчэ да святкавання вы казалі, што музей да знакавай даты мае намер здзіўляць новымі праектамі і ідэямі. Раскажыце падрабязней пра тое, што чакае наведвальнікаў вашай установы?

— Дзякуй за віншаванні. Трэба заўважыць, што развіццё музея залежыць не толькі ад юбілейнай даты. Мы многа гадоў працуем над тым, каб нашы крокі наперад былі заўважныя. Сёння адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці музея — міжнароднае супрацоўніцтва. Мы ўжо падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве з ваенна-гістарычнымі музеямі Расійскай Федэрацыі, музеем Войска Польскага, двума музеямі Кітайскай Народнай Рэспублікі, Дзяржаўным музеем гісторыі і культуры Ферганскай вобласці (Рэспубліка Узбекістан). Дарэчы, за апошнія 5 гадоў музеем рэалізавана звыш 100 выставачных праектаў, створаных як на аснове ўласных фондавых матэрыялаў, так і сумесна з іншымі музеямі і арганізацыямі, у тым ліку замежнымі.

2020-ы азнаменаваны 75-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. І да гэтай даты мы плануем абмен выстаўкамі з Музеем-запаведнікам «Сталінградская бітва». Да святочных і памятных дат будзем праводзіць розныя тэматычныя мерапрыемствы, якія спалучаюць пазнавальныя, выхаваўчыя і забаўляльныя функцыі. Для наведвальнікаў арганізоўваюцца конкурсныя праграмы, інтэрактыўныя пляцоўкі, творчыя майстэрні, займальныя майстар-класы, канцэртныя праграмы. Заўважаем, што поспехам у наведвальнікаў карыстаюцца тэматычныя фотазоны, а прасоўванню музея ў інтэрнэце спрыяюць арыгінальныя фота з хэштэгам музея #warmuseumby, якія хутка распаўсюджваюцца па сацыяльных сетках.

Нашы супрацоўнікі аналізуюць сітуацыю, і мы ведаем, што наведвальнікамі запатрабаваныя шматлікія міжмузейныя акцыі, такія як «Героі глядзяць з фатаграфій», віртуальны альбом «Як нашы дзяды ваявалі», «Партызанская ліра», «Галасы з пажоўклых старонак», «Дзень музейнага сэлфі». Таму ад гэтага кірунку забаўляльна-адукацыйнай праграмы адмаўляцца не бузем. А пра ўсё астатняе пакуль казаць не хачу, бо сюрпрызу тады можа і не атрымацца.

Ладзім аглядныя, тэматычныя і індывідуальныя экскурсіі, у тым ліку на замежных мовах. Акрамя таго, наведвальнікам прадастаўляюцца гіды на рускай, беларускай, кітайскай, іспанскай, нямецкай і англійскай мовах. Адной з асаблівасцей музея стаў новы віртуальны тур. Любы яго наведвальнік зможа прайсціся па залах і азнаёміцца з напаўненнем вітрын з дапамогай спецыяльнай тэхнічнай сістэмы.

— Ці ёсць сёння ў музея пэўны план развіцця ўнутранага патэнцыялу? Калі ёсць, то ў чым ён заключаецца?

— Будучыню нашага музея мы бачым у развіцці пастаяннай экспазіцыі. Нам трэба будзе мадэрнізаваць экспазіцыю адной з самых складаных залаў — № 2. Яна ахоплівае міжваенны перыяд з 1919 па чэрвень 1941 года. Таксама плануем развіваць інфраструктуру філіяла «Мінскі ўмацраён», удасканальваючы не толькі яго экспазіцыі, але і экскурсійнае абслугоўванне. Натуральна, будзем працягваць укамплектоўваць нашы фонды, весці навуковую і асветніцкую дзейнасць.

 Сёння шмат размоў пра перапісванне гісторыі і скажэнне праўды аб вайне. У гэтым кантэксце праца Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны мае каласальнае значэнне для захавання гістарычнай памяці.

А што тычыцца патэнцыялу, то асноўныя і самыя важныя яго складнікі ў любой арганізацыі — людзі. Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны імкнецца ўсімі магчымымі сродкамі падтрымліваць сваіх супрацоўнікаў, развіваць іх асабісты патэнцыял, што ў сваю чаргу заўсёды станоўча ўплывае на прафесійную дзейнасць усяго калектыву. Дарэчы, музей таксама плануе набор маладых таленавітых спецыялістаў на вакантныя пасады што дазволіць рухацца ў актуальных кірунках.

— Якія глабальныя даследчыя праекты сёння рэалізоўваюць супрацоўнікі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны?

— Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, як і астатнія музеі гістарычнага профілю, вядзе сваю пастаянную навукова-даследчую дзейнасць праз вывучэнне і развіццё калекцый, а затым — распаўсюджванне атрыманых ведаў з дапамогай экспазіцый і выставак. Выкарыстоўваем калекцыі пры падрыхтоўцы экскурсій, лекцый, прэзентацый і музейна-педагагічных заняткаў. Фокус на музейных прадметах становіцца асноўным спецыфічным момантам музеязнаўчых даследаванняў. Напрыклад, літаральна нядаўна нашы супрацоўнікі скончылі маштабны даследчы праект па вывучэнні калекцыі «Рукапісныя партызанскія часопісы», вынікам якога стала выданне трох каталогаў.

— Калі казаць пра фонды музея, ці можна даведацца больш падрабязна пра іх напаўняльнасць?

Дырэктар Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Варапаеў

— Фонды нашага музея сёння налічваюць 30 калекцый, дзве з якіх — «Рукапісныя часопісы» і «Зброя самаробная» — маюць асаблівую каштоўнасць: у 2009 годзе ім быў прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці першай катэгорыі. У музеі захоўваецца 248 рукапісных партызанскіх часопісаў і 62 узоры розных відаў самаробнай зброі. Усяго наш музейны збор налічвае звыш 154 тысяч прадметаў і навуковадапаможных матэрыялаў.

Дарэчы, выстаўка, якая адкрылася ў музеі 22 кастрычніка, сведчыць пра наш багаты патэнцыял. Усе экспанаты дэманструюцца ўпершыню. Хтосьці скажа, што гэта звычайная экспазіцыя, ды яна цалкам захапляе гістарычнай фактурай. Наведвальнікі могуць убачыць баявыя ўзнагароды, асабістыя рэчы, дакументы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, зброю, аўтарскія фота ваенных фотакарэспандэнтаў Аляксандра Дзітлава і Яўгена Падшывалава, малюнкі і эцюды беларускіх і расійскіх мастакоў Сяргея Каткова, Дзмітрыя Красільнікава, Барыса Аракчэева, Георгія Паплаўскага, Сямёна Абрамава і Пятра Шарыпы. Акрамя таго, у нашых фондах шмат каштоўных падарункаў, зробленых музею ўрадавымі дэлегацыямі Расіі, Арменіі, Казахстана, Туркменістана, Таджыкістана, Егіпта, КНР, М’янмы і іншых краін.

 — Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў пэўным сэнсе вузкапрофільная ўстанова. Ці магчыма ў такіх умовах прадстаўленне сінтэзу мастацтва: як традыцыйнага, так і сучаснага?

— У экспазіцыі і фондах музея знаходзіцца мноства твораў выяўленчага, пісьмовага, музычнага і іншых мастацтваў. Бо мастацтва заўсёды мае сваё месца ў культуры і памяці людзей. Сёння Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны рэгулярна працуе над стварэннем новых экспазіцый, якія ўключаюць розныя выяўленчыя і дызайнерскія рашэнні. Таксама праводзяцца творчыя сустрэчы і музычныя мерапрыемствы.

Мы не адмаўляемся працаваць з сучаснымі відамі мастацтва, але ж ад тэматыкі ўсё-такі залежым і абавязаны рабіць так, каб нашы мерапрыемствы мелі адпаведны характар. Тым не менш наш музей народны, мы пра гэта памятаем і ведаем, таму заўсёды гатовыя разглядаць розныя кірункі супрацоўніцтва.

— Ваш музей — адзін з самых папулярных у Рэспубліцы Беларусь, і гэта сведчыць пра поспех. Ва ўмовах канкурэнцыі вельмі складана дамагчыся такога выніку. Раскажыце, у чым сакрэт прыцягнення аўдыторыі?

— Супрацоўнікі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны накіраваны на стварэнне камунікацыйнай і творчай абстаноўкі, бо сучасны музей — гэта не толькі збор музейных і народных рэліквій, а вельмі важная і буйная платформа для сувязі паміж пакаленнямі. Мы стараемся рэгулярна праводзіць розныя тэматычныя мерапрыемствы, накіраваныя на дыялог. Таксама музей арганізоўвае многія сеткавыя акцыі, якія дазваляюць наведвальнікам далучыцца да міжнародных падзей, бо для зацікаўленай аўдыторыі цяпер вельмі важна стаць літаральна часткай атрыманай інфармацыі і прыняць удзел у актыўнасцях.

Наш музей — візітка Беларусі. І гэта не проста гучныя словы. У праграму візітаў кіраўнікоў замежных дзяржаў, вышэйшых службовых асоб, грамадскіх дзеячаў, як правіла, уключаецца наведванне музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У зале Перамогі на працягу года ладзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы: прыняцце вайсковай прысягі, уручэнне пагонаў, ведамасных узнагарод, прыняцце ў піянеры. На нашай базе ладзяцца шматлікія міжнародныя навуковыя форумы. І гэта таксама з’яўляецца фактарам прыцягнення гледачоў. Людзі разумеюць, што гэта месца гісторыі не толькі ваеннай, а таксама і сучаснай.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.