Вы тут

Настаўнік і вучань


Калісьці, даследуючы творчасць народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, прафесар Іван Штэйнер згадаў даўнюю легенду пра Анёла Смерці, які спрэс пакрыты вачыма. Здараецца, што нябесны пасланец спускаецца па чалавека зарана, калі яшчэ не прыйшоў час развітвацца душы з целам, і тады ён адлятае назад, перад гэтым пакідаючы агаломшанаму нябозе «кампенсацыю» — адну сваю пару вачэй, і робіцца той чалавек незвычайна відушчым, пачынае бачыць тое, што непадуладна зроку іншых. Стагоддзе таму гэтую ж прыўкрасную легенду выкарыстаў філосафэкзістэнцыяліст Леў Шастоў, аналізуючы постаць Фёдара Дастаеўскага ў сваім знакамітым творы «На шалях Іова». Два вялікія прарокі двух стагоддзяў пабывалі на мяжы быцця і небыцця і вярнуліся, каб у сваю чаргу таксама падараваць чалавецтву дадатковы зрок — толькі ці хопіць бачання, неабходна ж яшчэ разуменне і ўсведамленне памылак папярэднікаў…


 У падобным глабальным ключы, ва ўласным «фірмовым» стылі, дэманструючы выключнае валоданне фактурай, высноўваючы адну за адной гісторыка-літаратурныя паралелі, Іван Штэйнер звяртаецца і да творчасці свайго былога студэнта Анатоля Сыса. Сёлета пабачыла свет кніга «FECI QUOD POTUI… (Спадчына Анатоля Сыса і паэзія XX стагоддзя)», (Гомель, ГДУ імя Ф. Скарыны), дзе змешчана эсэ пра выбітнага беларускага паэта, з асобай якога ў пэўнай меры суадносіцца і вышэйзгаданая легенда: напрыклад, у вершы «Неапаленая Купіна» прысутнічае відавочны матыў памежнага стану і абранасці звыш: «…I была я цяжарная табою, сынок мой, і ўсе казалі, гэта я даведалася потым, што ці я памру, ці дзіця народзіцца мёртвым. Аж нарадзіла я цябе, сынок мой, жывенькага…».

Але цяпер даследчык рушыў іншым шляхам: ён змясціў на вокладку карціну Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Падзенне Ікара». Гэты твор мастацтва адметны тым, што нават пільнае вока не адразу знойдзе на палатне цэнтральную фігуру. Араты, пастух, рыбак робяць сваю справу, карабель плыве, жыццё ідзе сваёй звычайнай хадою і ніхто не заўважае, што адбываецца, бадай, самае трагічнае і дзівоснае дзейства ў свеце: у моры патанае хлопец, які кінуў выклік нябёсам; нікому няма да яго справы: «…Велічны палёт Ікара не мог зварушыць абыякавасці людзей, звыклых глядзець толькі пад ногі».

Для тых, хто сочыць за літаратурна-навуковай перыёдыкай, эсэ Івана Штэйнера, безумоўна, не стане адкрыццём, бо часткова яно ўжо друкавалася раней. Сёлетняе выданне адметнае і тым, што своеасаблівымі «ўводзінамі» тут служыць прадмова паэта і крытыка Леаніда Галубовіча, які ўжо на самым пачатку прызнаецца, што яны з Іванам Штэйнерам «аднаго культурнага абсягу», а стыль даследчыка яму «вельмі блізкі і зразумелы…». Хаця двух творцаў раздзяляе не так адлегласць паміж Мінскам і Гомелем, як рознасць жыццёвых шляхоў: адзін — кніжнік і навуковец-эрудыт, другі — паэт-філосаф ад зямлі, ад «таемнасці агню». Іх яднае падобнае стыхійна-хаатычнае абвостранае вычуванне рэчаіснасці, што дазваляе незвычайна глыбока і пранізліва тонка разумець паэзію. Але ў адрозненне ад Штэйнера, які апрыёры лічыць Сыса класікам, не толькі роўным Купалу і Багдановічу, але і амаль што геніем сусветнага маштабу, ЛеГал больш стрыманы ў ацэнках: прызнаючы адметнасць і значнасць таленту Сыса, ён адзначае, што ўсё-ткі самы справядлівы суддзя — Час, якому вырашаць, хто пакліканы, а хто абраны.

Лейтматывам праз усё эсэ праходзіць думка: «па сутнасці жыццё і творчасць паэта — гэта своеасаблівы эксперымент, праведзены нейкай сілай з адпаведнай мэтай — вызначыць змест, сутнасць, перспектывы беларускага прыгожага пісьменства мінулага стагоддзя».

Падаецца, што даследаванне Івана Штэйнера — гэта ў нейкім сэнсе і «пакаянне» настаўніка перад вучнем. Невядома, як складваліся ў іх адносіны ва ўніверсітэцкія часы, але ў тэксце ёсць намёкі, што яны былі даволі няпростымі: «пішучы гэтыя радкі… меў надзею, што ён зразумеў бы колішняга настаўніка, а калі не, то прабачыў бы за жорсткасць у непаразуменні ягонай творчай сутнасці, ягонага жыццёвага прызначэння». Нават назва кнігі, якая перакладаецца з лацінскай як «я зрабіў усё, што мог…», больш дапасуецца да самога даследчыка, чым да аб’екта. І ў звязку з метафарычнасцю брэйгелеўскага шэдэўра гэта стварае магутны аўтарскі мэсэдж: людзі, спыніцеся, заўважце, не будзьце глухімі... «Беларускія Ікары» побач, бо, як пісаў Сыс, «а сканаю — паэт прыйдзе».

Дзякуючы кнізе Івана Штэйнера ўвесь наш сучасны свет можна ўявіць як гіганцкую карціну Брэйгеля, дзе ўсё адбываецца тут і цяпер: Ікар патанае, а абыякавыя людзі корпаюцца ў зямлі. Паўсюдна квітнее цынічны лозунг: «Ратунак тапельца — справа рук самога тапельца», грамадства працягвае забіваць раўнадушшам сваіх паэтаў, каб пасля ставіць ім помнікі. Дык няўжо нашай цывілізацыі, каб стаць відушчай, патрэбен новы візіт Анёла Смерці? Ці будзем мы ў такім выпадку вартыя яшчэ адной пары вачэй?

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.