Вы тут

Невычэрпная філасофія Рыгора Несцерава


Звычайна большасць людзей ідзе пракладзенымі шляхамі — так вада ў час дажджоў ці паводак імкнецца ва ўжо вымытыя, няхай цяпер і высахлыя рэчышчы.


«Алея».

Мастакі не выключэнне.

Авалодаўшы першапачатковым агульным майстэрствам — перадаваць натуру, — яны пачынаюць шукаць уласны твар, сваю манеру, «фішку» — гэта можна называць па-рознаму, але сэнс адзін: быць адметным, выбівацца з шэрага. І калі гэтыя манера, «фішка» мелі пэўны поспех, яны могуць замацавацца за мастаком назаўсёды, робячыся, магчыма, выратаваннем для слабых — усыпляльнай бухтай у бурлівым моры канкурэнцыі, з іншага ж боку — ланцугамі і праклёнам застою.

Рыгору Несцераву такое ніколі не пагражала.

Усур’ёз займацца жывапісам (пасля вучылішча, інстытута, працы манументалістам у мастацкім камбінаце, пасля калекцыі лакаў і манументальных работ) ён пачаў даволі позна, у сорак гадоў, калі ўжо сфарміраваўся як асоба.

Першыя гады пісаў на кардоне і шмат: нацюрморты, пейзажы... І не раскошныя, бліскучыя, багатыя нацюрморты паслядоўнікаў маленькіх галандцаў, а бедную гародніну з савецкіх крам: моркву, бульбу, капусту, цыбулю… Але яны былі напоўнены сваім унутраным святлом, па-свойму духоўным жыццём, нечым, што нагадвала жыццё савецкай інтэлігенцыі, беднае па форме, побыце, але глыбокае і адухоўленае па змесце. Невыпадкова амаль уся гэтая калекцыя была распрададзена і разышлася па ўсім свеце.

У пейзаж Несцерава перайшоў гэткі ж прынцып, тая ж аснова, той жа душэўны настрой. Яго прырода не сама па сабе, не адчужаная, не аб’ектыўная — яна поўная супрацьлегласць натуралізму і гіперрэалізму. Прырода на пейзажах Несцерава — нібы працяг усё той жа чалавечай душы з бясконцасцю і невычэрпнасцю яе палітры, яе сувязей са светам, яе пошукамі, зліццём і барацьбой.

Выстаўка пейзажа Несцерава ў Цэнтральным доме мастака на Крымскім Вале ў 1991 годзе мела неверагодны поспех: адгукнуліся журналісты многіх газет. Каб трапіць на яе, трэба было гадзіну прастаяць у чарзе. Усё супала: беспрытульная Масква першых гадоў перабудовы, тужлівая восень і зіхатлівы, таямнічы, заспакойвальны і ў той жа час аптымістычны пейзаж. Бажаство ёсць. Яно не пакіне нас. І гэтае бажаство — мастацтва.

Водгукі пісалі на асобных лістах паперы, напрыканцы выставы імі можна было напакаваць гаспадарчую сумку.

 Здавалася, вось ён, Поспех. Шлях знойдзены, ідзі па ім і здабудзеш тое, чаго жадае кожны. Узнагароду.

Але Несцераў адзін з нямногіх, хто, знайшоўшы Шлях, ужо занепакоена шукае іншы. Не, пейзаж ёсць і будзе ў яго жыцці, але з’явілася і захапіла іншае — відаць, манументальнае мінулае не давала спакою. Захацелася буйных вобразаў, маштабу, падтэкстаў. На гэтым шляху была свая небяспека: адхіліцца ў дыялектыку, у мастацкае рэзанёрства манументалізму. Рызыкаваць, дык рызыкаваць. Але і тут адбылося зліццё інтэлектуальнага вобраза з найвышэйшым мастацкім узроўнем, з падтэкстам, поўным моцы і глыбіні. Асаблівай моцы, нават калі работы «паветраныя». («Пыл стагоддзяў» — пастух гоніць статак бараноў каля руін Парфенону, «Сусвет» — натхнёны жаночы твар — яднанне свету душы са светам космасу, «Конь з жарабём» — бажаство азарае сабою ўсіх жывых істот.) А страты ў гэтым выпадку — жыццё. Мастака і чалавека.

Асобнае месца займае ў Несцерава калекцыя пастэлей «Адлюстраванні». Пастэль — матэрыял крохкі, далікатны. Больш крохкі, чым акварэль. Нібыта пылок на крыльцах матылька. Паралельны свет, залюстроўе, праламленне рэальнасцей… Святло і поцемкі… «Пастэль» Несцерава складана паказаць гледачу з-за чыста тэхнічных, афарміцельскіх цяжкасцей. Але гэты бок яго творчасці, гэты яшчэ адзін яго Шлях, чакае сваёй ацэнкі.

Знаёмячыся з творчасцю Рыгора Несцерава, не здзіўляешся яго шматгадоваму захапленню філасофіяй. З гэтага ракурсу ён разглядаў і гісторыю мастацтва — збіраў факты і сістэматызаваў іх.

У 2004 годзе па волі выпадку, а можа, і лёсу, ён, чалавек не надта грамадскі, хучэй паглыблены ў сябе, сабраў групу мастакоў, аб’яднаўшы іх простай назвай «Арцель», і пачаў рэгулярна, трацячы на гэта нямала сіл і ўласнага часу, арганізоўваць выстаўкі, разгарнуўшы як бы сцяг чыстага мастацтва. Для Мінска, хоць і сталічнага горада, гэта было нешта новае. Выстаўкі «Арцелі» карысталіся вялікім поспехам. Гэта быў своеасаблівы эстэтычны перформанс. Прайшло пятнаццаць гадоў — цэлае жыццё. У кожнага з мастакоў «Арцелі» — сваё жыццё, выстаўкі, праекты, дасягненні, але і цяпер яны, адгукаючыся на заклік Несцерава, гатовы прыйсці і падтрымаць яго задумы. І зноў «Арцель» ужо пятнаццаць гадоў з зададзенай ад самага пачатку чыстай нотай — усё ж такі мастацтва не на продаж, не на патрэбу, не ў маскультуру — а менавіта мастацтва! Яно было, ёсць і будзе.

За апошнія гады Рыгор Несцераў сабраў, канчаткова аформіў і выдаў у Канадзе работу свайго жыцця «Гадзіннік чалавецтва».

Дык хто ж такі Рыгор Несцераў? Мастак, гэта зразумела. Імпрэсіяніст, экспрэсіяніст, эксперыментатар, рамантык, класік? Філосаф, які аперыруе фарбамі? Якому стагоддзю ён належыць — ХХ ці ХХІ? І што ён будзе рабіць заўтра? Відаць, апошняе пытанне для яго самае цікавае, таму што адказ шукае і ён сам.

Паляўнічы як вобраз часта з’яўляецца ў яго карцінах. Паляўнічы, які бяжыць за невядомым. Магчыма, гэта галоўная філасофія яго мінулага, сучаснасці і будучага.

Алена СМІРНОВА

Загаловак у газеце: Вечны паляўнічы. Бег за невядомым

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.