Вы тут

«Вы сядзіце, а я песні буду пяяць»


Уславім багаты стол і шчодрых гаспадароў


Навукоўцы даказалі: спевы станоўча ўплываюць на працу мозга і іншых органаў, аказваюць не толькі псіхалагічны эфект, але і аздараўляюць арганізм, паляпшаюць самаадчуванне, развіваюць памяць. Толькі ўявіце: у даўнія часы спявачкі ведалі па некалькі соцень песняў, іх тэксты нідзе не запісваліся, а спяваць ледзь не кожную з іх можна было толькі пры пэўных абставінах, у пэўны час года і падчас пэўнага свята.

Як арыентаваліся ў такім бясконцым моры і запаміналі? Дасведчаныя спявачкі кажуць: каб запомніць, песні паўтаралі шмат разоў. А ўспаміналі іх, калі рыхтаваліся да пэўнага свята, прыбіралі ў хаце, наводзілі парадак у гаспадарцы, разам з гэтым з «архіва памяці» паступова аднаўлялі тэксты і мелодыю.

Думаецца, невыпадкова ў нашы дні надзвычай папулярнымі становяцца заняткі тэрапіі голасам, а сустрэчы «Спеўнага сходу», падчас якіх усе гуртам спяваюць народныя песні, збіраюць усё больш удзельнікаў. Так, менавіта ўдзельнікаў, бо сцэны традыцыйная культура не прадугледжвае, тут кожны — непасрэдны ўдзельнік. Дзіўна, але сорам кудысьці знікае, і нават тыя, хто ніколі не спрабаваў спяваць, актыўна далучаюцца да грамады. Ды і спецыялісты кажуць: спяваць можа кожны.

Вялікі пласт спеўнай спадчыны беларусаў складаюць песні бяседныя, што спяваліся на святы, калі за адным сталом збіраліся сваякі, сябры і суседзі.

Ой, ды ў нашым сяле

Свадзьба будзе. Гэй! Гэй!

Камар муху сватаць будзе. Так!

Менавіта такім песням прысвечаны новы выпуск праекта Tradycyja. Тут сабраныя запісы з архіва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі і запісы з прыватных архіваў вядомых даследчыкаў традыцыйнай культуры беларусаў Таццяны Песнякевіч і Ірыны Мазюк. Ёсць і некалькі песень з архіва паэта Сяргея Панізніка. Аўтарам і кіраўніком праекта з’яўляецца музыка, лідар гурта Vuraj Сяржук Доўгушаў.

Перад намі — сапраўды комплекснае выданне, што змяшчае дыск з запісамі і паўнавартасную кнігу-альбом. Сюды ўвайшлі тэксты песень, расповед пра тое, дзе, калі і кім яны былі запісаныя, і — што надзвычай важна — названыя імёны выканаўцаў. Многіх з іх ужо няма на гэтым свеце, але галасы гучаць… А іх вочы пазіраюць на нас з архіўных фотаздымкаў, што аздобілі выданне.

Пра што спявалі нашы продкі пад чарачку? Мноства песень выконвалася на вяселлі і радзіны. Радаваліся нараджэнню дзіцяці, услаўлялі багаты стол і шчодрых гаспадароў. Пад чарачку апавядалі пра сямейныя адносіны, жыццё ў няроднай сям’і, жосткага мужа, злую свякроў, смутак па родным доме. Спявалі пра развітанне з бесклапотным жыццём, велічалі маладых, жартавалі з гасцей вяселля.

Важнай падзеяй у жыцці нашых продкаў быў кірмаш. Гэта не толькі месца, дзе можна прыдбаць-прадаць рэчы, жывёлу, лішкі ўраджаю, але і сапраўды павесяліцца, пазнаёміцца з будучым мужам / жонкай, трапіць у розныя нечаканыя прыгоды. Таму невыпадкова, што ў асобную групу бяседных песень вылучаюць кірмашовыя.

Як пайшоў я на базар

Люльку купаваці,

 Найшоў люлечку чырвону, —

Не з кім таргаваці.

Хочаце мець добрую памяць і ўстойлівую псіхіку? То спявайма разам!

Марына ВЕСЯЛУХА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».