Вы тут

Уладзімір Краўцоў: Сумесна мы можам зрабіць больш


Група жанчын прыехала на прыём з аграгарадка Верцялішкі Гродзенскага раёна. Яны жывуць на вуліцы Працоўнай, частка якой не мае водаправода і каналізацыі. Да таго ж заяўніцы звярнулі ўвагу на дрэнны стан самой вуліцы — няма асфальту і тратуара. Але перш чым добраўпарадкаваць вуліцу, трэба вырашыць праблему водазабеспячэння. Бо інакш давядзецца зноў «падымаць» асфальт. У райвыканкаме падлічылі, што на тое, каб прывесці вуліцу ў парадак, трэба 650 тысяч рублёў.


Пытанне па вадзе вырашальнае, ёсць і праект, але не ўсе жыхары здольны ўзяць на сябе выдаткі па пракладцы водаправода. Як паведамілі жанчыны, большасць жыхароў вуліцы — пенсіянеры, і для іх гэта непад'ёмна. Падлічана, што на пракладку водаправода для 80 дамоў трэба 250 тысяч рублёў. Раённыя ўлады паведамілі, што частку выдаткаў па земляных работах можа ўзяць на сябе мясцовая гаспадарка «Прагрэс — Верцялішкі». А вось падключэнне — за свой кошт. На думку Уладзіміра Краўцова, трэба шукаць кампрамісныя варыянты, у якіх задзейнічаны і дзяржава, і самі жыхары. Тым больш што ім даецца растэрміноўка выплат на год.

— Канешне, людзі хочуць жыць камфортна, і задача ўлады — рэалізоўваць гэтыя пажаданні. На ўсё, вядома, грошай не хапае, але дзяржава ідзе насустрач, знаходзіць такія нормы, каб сумесна з насельніцтвам вырашаць надзённыя пытанні, — падкрэсліў Уладзімір Краўцоў. — Як паведамілі жыхаркі аграгарадка, многія гатовы паўдзельнічаць у фінансаванні работ. Адзінокім, безумоўна, гэта складана зрабіць. Але ім могуць дапамагчы, напрыклад, сацыяльныя службы альбо прадпрыемства, дзе яны працавалі. Сумесна мы значна больш і хутчэй зможам зрабіць — і водаправод правесці, і каналізацыю, і газ. Дарэчы, па газе такі вопыт напрацаваны, удзел жыхароў у фінансаванні работ прадугледжаны адпаведным указам. Менавіта па такой схеме газіфікавана большая частка нашых аграгарадкоў.

Яшчэ адно набалелае пытанне агучылі прадстаўнікі садовага таварыства «Хімік Азот». Дарэчы, улады добра ведаюць гэтую праблему, якая востра паўстала некалькі месяцаў таму. Справа датычыцца зносу ўчасткаў, якія рашэннем гарвыканкама прызнаны самавольна занятымі і знаходзяцца ў паласе інжынерных камунікацый ААТ «Гродна Азот».

Між тым гісторыя бярэ пачатак яшчэ з 70-х гадоў, калі і было сфарміравана садовае таварыства завода-гіганта. Участкі для яго работнікаў выдзяляліся непадалёк ад самога прадпрыемства. Такім чынам з'явілася каля тысячы надзелаў. І мясцовыя ўлады, па словах заяўніка, замацавалі гэтыя землі за садовым таварыствам. Але замест агародніцтва вырас цэлы дачны пасёлак. З удасканальваннем зямельнага заканадаўства неабходна было гэтыя ўчасткі ўзаконіць. Больш за 350 дач такога дазволу не атрымалі, бо знаходзіліся ў ахоўнай зоне. Сітуацыя пагоршылася пасля прарыву цеплатрасы. Паўстала праблема бяспекі. І цяпер завод ставіць пытанне аб ліквідацыі амаль 100 участкаў, з якіх палова маюць будынкі.

— У гэтай праблемы свая гісторыя, якую трэба вырашаць, бо людзі не мелі мэты захапіць землі, ім выдзяляліся ўчасткі, каб яны маглі забяспечыць сябе агароднінай. Тым больш тут была пустка. Горад і траса былі за межамі прадпрыемства, а зараз гэта гарадская тэрыторыя, траса знаходзіцца побач. А хутка будзе яшчэ адна. Для гэтага пройдзе рэканструкцыя былога чыгуначнага моста пад аўтамабільны, каб звязаць мікрараёны горада з трасай М6 і «Гродна Азотам». І пад гэта трэба вызваліць тэрыторыю, — патлумачыў старшыня аблвыканкама.

Разам з тым кіраўнік рэгіёна не здымае адказнасці з самога прадпрыемства. Не ўсё было зроблена правільна з юрыдычнага пункту гледжання пры раздачы ўчасткаў. Таму цяпер трэба разбірацца з кожным індывідуальна. Існуе пэўны крытэрый канфіскацыі маёмасці пад дзяржаўныя патрэбы. Напрыклад, пры будаўніцтве трасы ўласнікам будзе выплачана адпаведная кампенсацыя. Калі тэрыторыя адводзіцца пад патрэбы завода, прадпрыемства павінна паклапаціцца аб вырашэнні гэтай праблемы. Тым больш што справа датычыцца замены існуючых інжынерных сетак пад будаўніцтва новага комплексу завода.

— Прынята рашэнне будаваць новы азотны комплекс, інвестыцыі ў які складуць мільярд долараў. Сёлета павінны вызначыць генеральнага падрадчыка, а ў канцы будучага года плануецца распачаць работы, — паведаміў Уладзімір Краўцоў. — Па папярэднім разліку, неабходна пабудаваць новыя сеткі з заборам вады з Нёмана, і яны праходзяць таксама па дачных участках. Таму трэба будзе разабрацца з дачамі, якія знаходзяцца ў гэтай зоне. Гісторыя няпростая, таму мяркуем падключыць рэспубліканскія ведамствы, архівы, атрымаць кансультацыю і рэкамендацыі з такім разлікам, каб рабіць па справядлівасці і не крыўдзіць людзей.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.