Вы тут

Грузіны і беларусы ў фаворы: «Лістапад» назваў пераможцаў


Адразу тры ўзнагароды Мінскага міжнароднага кінафестывалю адышлі беларускаму дакументалісту Андрэю Куцілу, Кшыштаф Занусі атрымаў прыз Прэзідэнта «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве», а польская карціна «Цела Божае» стала найлепшым ігравым фільмам з пункту гледжання гледачоў.


Кадр з фільма «Атлантыда».

Учора ў кінатэатры «Масква» на ўрачыстай цырымоніі закрыцця былі падведзены вынікі кінафестывалю «Лістапад». Найлепшай ігравой работай Нацыянальнага конкурсу стала кароткаметражка «Пляж/лес/тамбур» Кірыла Галіцкага і Святланы Казлоўскай, у анімацыі перамагла карціна Алены Пяткевіч «Магістр вольных мастацтваў Францыск Скарына», а ў дакументалістыцы — фільм Summа Андрэя Куцілы.

Апошні ўганараваны таксама прызам Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў, а другая работа рэжысёра «Стрыптыз і вайна» атрымала Спецыяльны прыз журы ў Асноўным конкурсе дакументальнага кіно «Лістапада». Гран-пры за найлепшы дакументальны фільм у гэты час адышоў кітайскай карціне «Наша машына часу» Яна Суня і С. Леа Чыана.

Найлепшым у конкурсе «Маладосць на маршы» быў названы ўдзельнік з Аўстрыі «Ліліан» Андрэаса Хорвата. Гэты ж фільм сваёй узнагародай адзначыла і журы Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FІРRЕSСІ. Прыз глядацкіх сімпатый апроч «Цела Божага» атрымала дакументальная карціна «Эйфарыя быцця» Рэкі Саба з Венгрыі, а ў конкурсе фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» — нямецкая работа «Рока змяняе свет» Каці Бенрат.

Як прыз за найлепшую мужчынскую ролю, так і прыз за найлепшую жаночую ролю атрымалі акцёры грузінскіх фільмаў — адпаведна Леван Гелбахіані з «А потым мы танцавалі» і Саламе Дзямурыя з карціны «Удых-выдах». За найлепшую аператарскую работу ў Асноўным конкурсе ігравога кіно быў адзначаны Кім Хён Сок за кітайскі фільм «Бывай, сын мой», за найлепшы сцэнарый — стужка «Злачынны чалавек» Дзмітрыя Мамуліі (зноў Грузія), за найлепшую рэжысуру — польскае «Цела Божае» Яна Камасы, а таксама Спецыяльны прыз журы.

І нарэшце. Гран-пры «Золата Лістапада» за найлепшы фільм атрымала ўкраінская антыўтопія Валянціна Васяновіча «Атлантыда».

Поўны спіс пераможцаў можна знайсці на афіцыйным сайце кінафестывалю lіstараd.соm, некаторыя ўдзельнікі сёлетняга фестывалю будуць выходзіць у мінскі пракат.

Вольга МІЦКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

Яны з розных прычын засталіся без дому і сродкаў на пражыванне.

Грамадства

Што такое «ціхі» інфаркт, і каму ён пагражае

Што такое «ціхі» інфаркт, і каму ён пагражае

Расказала ўрач Наталля Карпук.

Грамадства

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Імя адбіралі: калі ў рэгістрацыйны барак уваходзіў чалавек, то ўжо з наступных дзвярэй выходзіў нумар.

Жыллё

Як даказаць, што сусед сочыць за вамі, а не за злодзеямі

Як даказаць, што сусед сочыць за вамі, а не за злодзеямі

Падобныя звароты ад фізічных асоб — не рэдкасць.