Вы тут

Алесь Карлюкевіч: Подых сонца і пустыні…


Напярэдадні адкрыцця чарговай кніжнай выстаўкі ў Ашхабадзе, удзел у якой прымае і беларуская дэлегацыя, мы звярнуліся з пытаннямі да міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь, журналіста і пісьменніка Алеся КАРЛЮКЕВІЧА з просьбай адказаць на некалькі пытанняў у сувязі з выстаўкай. Зварот — невыпадковы. У сярэдзіне 1980-х гадоў Алесь Мікалаевіч жыў і працаваў у Туркменістане. А яшчэ неаднаразова наведваў Ашхабад ужо ў новым XXI стагоддзі. Дарэчы, наш суразмоўца — яшчэ і аўтар кнігі «Літаратурнае пабрацімства: Беларусь — Туркменістан».


— Алесь Мікалаевіч, чым так запомніўся Туркменістан, што і сёння пішаце пра туркменскіх пісьменнікаў, расказваеце пра беларуска-туркменскія гістарычныя і літаратурныя сувязі?..

— Трапіў я ў Ашхабад у жніўні 1985 года, калі меў за плячыма ўсяго 21 год. І мне вельмі пашчасціла на сустрэчы з добрымі людзьмі: і ўраджэнцамі Беларусі, якіх было ў Ашхабадзе процьма, і з туркменскімі пісьменнікамі і журналістамі, сяброўства з многімі з іх захаваў да сённяшніх дзён. І неяк так само сабой складвалася, што кожны дзень мне прыносіў нейкія дэталі, факты, пазнакі, якія звязвалі Беларусь з Туркменістанам. Канешне ж, быў і пэўны пошук, да якога падштурхоўвалі падказкі землякоў. Тады ліставаўся з Адамам Мальдзісам, Генадзем Каханоўскім, Анатолем Ярохіным… І ўсе яны ў адзін голас раілі шукаць беларускае, шукаць беларусаў. А з Масквы, пасля з Тбілісі пісаў Мікола Калінковіч, які сам за год да гэтага пакінуў Ашхабад. Ён выдаў у Туркменістане некалькі кніг, здаралася, што прыязджаў у камандзіроўкі, працаваў у мясцовым архіве.

Спакваля збіраўся архіў на тэму «Беларуска-туркменскія літаратурныя сувязі», з’яўляліся ў туркменскіх газетах і часопісах і мае публікацыі на гэтую тэму. Шмат мне дапамагалі такія туркменскія літаратары, як Какалы Бердыеў, Нарклыч Хаджагельдыеў, Каюм Тангрыкуліеў, Ашыр Назараў, Курбан Чаліеў, Агагельды Аланазараў, Касым Нурбадаў і шмат хто яшчэ.

Калі гаварыць, што засталося ў памяці з таго часу… Дык гэта хутчэй тая цеплыня, якую вылучалі самі туркмены, надзвычай цікавы і сімпатычны народ, прырода Каракумскага краю.

— Ці сочыце вы за развіццём туркменскай літаратуры зараз?

— У мяне ёсць некалькі карэспандэнтаў, з якімі часта лістуюся праз інтэрнэт. Гэта Агагельды Аланазараў, Бягуль Анабаева, Максат Бяшымаў, Атаджан Таган. Да іх звяртаюся з роспытамі, цікаўлюся, што новага з’явілася ў туркменскай паэзіі, прозе. Яны і пра сябе пішуць, і пра сваіх калег расказваюць. Спадарыня Бягуль працуе ў часопісе «Каракум», Максат Бяшымаў — у часопісе «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура»). Яны, між іншым, і самі цягнуцца да беларускай літаратуры, перакладаюць творы нашых пісьменнікаў, арганізоўваюць беларускія публікацыі ў туркменскіх газетах і часопісах. Дзякуючы найперш іх намаганням у апошнія гады ў Туркменістане надрукаваны пераклады твораў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Танка, Алеся Бадака, Юліі Алейчанкі, Алега Ждана, Міколы Мятліцкага…

А з Максатам Бяшымавым мы зараз складаем анталогію туркменскага апавядання. Ён падбірае для мяне падрадкоўнікі найлепшых твораў апошняй чвэрці стагоддзя. А я паступова перакладаю. Ужо ў «Маладосці», «Полымі», «Бярозцы», альманаху «Далягляды» надрукаваны апавяданні Атаджана Тагана, Камека Куліева, Джумы Худайгулыева, Какамурата Атаева.

— Мо з часам і анталогія туркменскага апавядання выйдзе ў Беларусі?

— Так. Быў жа некалі — у 1980 годзе — па-беларуску выдадзены зборнік туркменскага апавядання «Аксамітная ружа». Пад адной вокладкай знайшлося месца творам Ата Каўшутава, Бекі Сейтакава, Нарымана Джумаева, Ташлі Курбанава, Сеітніяза Атаева, Агултэч Аразбердыевай, Курбандурды Курбансахатава, Хаджанепеса Мяляева… Мне пашчасціла: некаторых са згаданых пісьменнікаў я ведаў асабіста.

— А ўвогуле, як вы лічыце, што з туркменскай літаратуры варта было б прадставіць па-беларуску асобнымі кнігамі?

— Некаторы час назад падзеяй стала выданне ў Мінску аднатомніка Вялікага Фрагі. Перакладчыкам большасці твораў выступіў наш вядомы паэт Казімір Камейша. А Віктар Гардзей пераклаў дзіцячую кнігу Агагельды Аланазарава. Выйшла на беларускай мове і кніжачка вершаў і апавяданняў Касыма Нурбадава. Канечне ж, мне хутчэй хацелася б пабачыць кнігу прозы Максата Бяшымава. У туркменскай літаратуры заўсёды вылучалася паэзія. Так павялося з даўніх часін. Ад Махтумкулі, Сеідзі, Зелілі… Аўтарытэт туркменскай паэзіі надала праца геніяльных творцаў XX стагоддзя Керыма Курбанняпесава, Курбаназара Эзізава, паэтаў, якія і зараз, на шчасце, працуюць у літаратуры, — Набаткулі Рэджэпава, Атамурада Атабаева, Газель Шагулыевай (Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў яе званнем Героя Туркменістана), Агагельды Аланазарава (ён выдатна працуе і ў прозе). Вось чые кнігі варта выдаць у перакладзе на беларускую мову. І па меры сваіх сціплых сіл, магчымасцей я, несумненна, буду спрыяць гэтаму.

— Што ж, цэлая праграма па стварэнні партрэта туркменскай літаратуры ў Беларусі!..

— Чаму б і не?!. Мастацкі свет туркменскага слова варты прадстаўлення ў еўрапейскай краіне. Думаю, што такая беларуская бібліятэка Туркменістана паступова сфарміруецца. У дадатак, зразумела, да тых кніг, што былі выдадзены ў ранейшыя дзесяцігоддзі, — Ягмура Піркуліева, Нуры Байрамава, Курбана Чаліева, Берды Кербабаева, Анна Кавусава, той самай «Аксамітавай ружы»…

— Вядома, па сённяшнім часе з выданнем перакладных кніг усё нашмат складаней…

— Не болей, чым само жыццё з’яўляецца таксама складаным. Важную ролю ў развіцці літаратурных сувязяў, перакладчыцкіх публікацый адыгрываюць асабістыя стасункі. І развіццю беларуска-туркменскіх літаратурных сувязяў, спадзяюся, паспрыяе і тое, што ў Ашхабадзе часта бываюць беларускія пісьменнікі. Толькі ў апошнія гады — Юлія Алейчанка, Алесь Бадак, Алена Масла… А ў Мінск прыязджалі Ісмаіл Таган, Агагельды Аланазараў, Абягуль Анабаева, Газель Шугалыева, Чэмен Анабердыева… Жывыя ўражанні, магчымасць усё асэнсаваць, убачыць на свае вочы, без чужога пераказу, — гэта ці не самы лепшы падмурак для развіцця, пашырэння літаратурнай дружбы?!.

Гутарыў Максім ВЕЯНІС


Цягне лес да гор

Шмат гадоў, дзесяцігоддзяў і нават ужо стагоддзяў злучаны паміж сабою дзве культуры, дзве літаратуры — беларуская і туркменская. Здавалася б, адлегласць паміж Беларуссю і Туркменістанам немалая — тысячы кіламетраў, мовы настолькі далёкія адна ад адной, што і вузельчыкаў ніякіх агульных няма зусім, але вось цягне лес да гор, азёры — да пустыні, пяску. Цягнуцца адзін да аднаго розныя менталітэты, розныя па рэлігіі людзі цягнуцца адзін да аднаго. І шмат якія факты — яркае таму пацвярджэнне. Згадаем хаця б некаторыя з іх…

Давайце спярша зазірнём у сярэдзіну ХІХ стагоддзя. Ураджэнец сучаснага Мядзельскага раёна на Міншчыне Аляксандр Ходзька, падарожнік па Туркменістане, запісаў паэтычныя тэксты туркменскага паэта Махтумкулі і надрукаваў іх у Англіі. Гэтая падзея стала пачаткам еўрапейскай славы класіка туркменскай літаратуры. Ураджэнец мядзельскіх Крывічоў расійскі дыпламат Аляксандр Ходзька таксама запісвае і туркменскі эпас «Кёр-аглы», вершы Кемінэ. Затым публікуе ў сваіх перакладах на англійскай мове. Праца нашага суайчынніка адкрывае Еўропе туркменскі фальклор, імёны невядомых дагэтуль пісьменнікаў, знаёміць з багатым на гісторыю народам. Паводле перакладу Ходзькі рыхтуюцца нямецкае, рускае і французскае выданні «Кёраглы». Перакладчыцай на французскую мову выступае Жорж Санд. Вось які цікавы ланцужок цягнецца: туркмен Махтумкулі — беларус Аляксандр Ходзька — францужанка Жорж Санд…

У ХХ стагоддзі да перакладаў Махтумкулі на беларускую мову звярталіся народны паэт Беларусі Максім Танк, Алесь Звонак, Уладзімір Караткевіч і іншыя вядомыя беларускія літаратары. У Мінску пабачыла свет асобная кніга паэзіі Махтумкулі «Салавей шукае ружу». Верш «Лёс туркмена» ў перакладзе У. Караткевіча на беларускую мову апублікаваны і ў кнізе аднаго верша Махтумкулі на мовах народаў свету, выдадзенай у Ашхабадзе. Вартая ўвагі мініяцюрная кніга пачатку 1990-х гг. аўтарам гэтых радкоў была перададзена ў Нацыянальны навуковаасветніцкі цэнтр імя Ф. Скарыны. А зусім нядаўна вялікі том твораў Махтумкулі выйшаў у Мінску да юбілею класіка туркменскай паэзіі. Перакладчык — выдатны беларускі паэт Казімір Камейша. Вялікую арганізатарскую працу па рэалізацыі ў Мінску гэтага праекта правёў паэт і перакладчык Ганад Чарказян. Пра гэта шмат пісалі ў беларускай літаратурнамастацкай перыёдыцы.

Пачатак знаёмства чытачоў Туркменістана з творчасцю беларускіх пісьменнікаў пакладзены публікацыяй апавядання Якуба Коласа на рускай мове ў газеце Закаспійскай вобласці «Асхабад». Першыя кнігі народных песняроў Беларусі Купалы і Коласа пабачылі свет на туркменскай мове ў 1941 г. Перакладчык — А. Ніязаў. Шырока былі адзначаны стагадовыя юбілеі Якуба Коласа і Янкі Купалы ў Туркменістане ў 1982 г. З’явіўся цэлы шэраг новых перакладаў, былі апублікаваныя артыкулы пра класікаў беларускай літаратуры ў газетах і часопісах «Совет эдебияты», «Совет Туркменистаны», «Эдебият ве сунгат». Вялікую працу па прапагандзе творчасці Янкі Купалы вёў вядомы туркменскі публіцыст, літаратурны крытык Какалы Бердыеў, які ўзначальваў у 1980-я гады рэдакцыю газеты «Эдебият ве сунгат». Невыпадкова К. Бердыеву прысвечаны асобны артыкул у беларускай энцыклапедыі «Янка Купала». Памятаю, з якім душэўным узрушэннем, з якім сардэчным хваляваннем трымаў у руках таўшчэзны зялёны том з артыкулам пра яго Какалы Бердыеў. Урачыстасць моманту надаваў і той факт, што кнігу ў Ашхабад даслаў сам Максім Танк.

Пачатак сувязям Беларусі і Туркменістана ў галіне выяўленчага мастацтва паклаў прафесійны туркменскі мастак Назар Іамудскі — сын поўнага Георгіеўскага кавалера, камандзіра ўланскага палка, героя Рускатурэцкай вайны, удзельніка штурму Шыпкі Анамухамеда Іамудскага. Разам з працамі Н. Іамудскага «Будаўніцтва Закаспійскай чыгункі», «У гарах Капетдага» ў гісторыі выяўленчага мастацтва засталіся карціны «Зіма ў Беларусі», «Белавежская пушча». Беларускі скульптар Віктар Папоў (1923— 1981) з’яўляецца аўтарам помніка Махтумкулі ў Ашхабадзе (1970) і шэрагу іншых скульптурных работ у Туркменістане (Ашхабад, НебітДаг). Ашхабадскі і небіт-дагскі Ленін у скульптуры — працы беларуса Віктара Папова. У Беларусі ваяваў (пад Віцебскам) народны мастак СССР і Туркменістана, Герой Сацыялістычнай Працы Ізат Клычаў.

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

З кнігі «Літаратурнае пабрацімства: Беларусь — Туркменістан»

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».