Вы тут

Якія цікавыя кнігі, прысвечаныя Туркменістану, можна знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы?


Беларуска-туркменскія літаратурныя сувязі на працягу многіх гадоў актыўна падтрымліваюцца абедзвюма краінамі. Пісьменнікі спрабуюць максімальна шырока прадэманстраваць свой патэнцыял і пашырыць межы супрацоўніцтва. Нацыянальная бібліятэка Беларусі захоўвае вялікі архіў дакументаў (каля 7 тысяч), звязаных з Туркменістанам, а таксама шэраг унікальных туркменскіх кніг (на туркменскай, беларускай і рускай мовах), якія маюць вялікае культурнае значэнне.


У фондах Нацыянальнай бібліятэкі можна знайсці шмат цікавых і каштоўных выданняў, прысвечаных розным напрамкам развіцця Туркменістана. Тут мастацкая, навуковая, адукацыйная літаратура, але ж варта разгледзець унікальныя асобнікі, якія супрацоўнікі бібліятэкі называюць сапраўдным скарбам.

Афіцыйнае

1. Напрыклад, кніга «Выбраны і ўпаўнаважаны народам», выдадзеная туркменскім культурна-асветніцкім фондам «Бахар» і прэзентаваная ў Мінску ў 2010 годзе. Гэта эксклюзіўнае выданне на беларускай мове аўтарства Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава.

У ёй, у прыватнасці, аўтар аддае даніну павагі туркменскай духоўнай спадчыне, багатаму гістарычнаму мінуламу свайго народа, акрэслівае планы развіцця краіны на найбліжэйшую і далёкую перспектыву, гаворыць пра маштабныя праекты, якія зменяць да лепшага жыццё туркменаў. У рэалізацыі гэтых велічных планаў не апошнюю ролю, па меркаванні пісьменніка, адыгрывае паглыбленне эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю.

Выданне перакладзена на замежныя мовы, прэзентацыі прайшлі ў многіх краінах, у тым ліку Вялікабрытаніі, Галандыі, Расіі. У кнізе шмат прыгожых цікавых ілюстрацый, якія сведчаць пра вялікія дасягненні Туркменістана пасля набыцця самастойнасці.

 Гэта, дарэчы, не першая кніга прэзідэнта туркменскай дзяржавы, якая была прапанавана ўвазе беларускай грамадскасці. Напрыклад, улетку фонды Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі папоўніліся выданнем «Конь  — знак вернасці і шчасця» на рускай мове, якое ўбачыла свет сёлета.

Кніга ўключае восем раздзелаў, якія паслядоўна разгортваюць рэтраспектыўную панараму эвалюцыі вобраза каня ў сусветнай гісторыі. Аўтар акцэнтаваў увагу на тым, што ў класічнай літаратуры і народнай творчасці туркменаў конь займае значнае месца, а гэта з’яўляецца фактам высокага шанавання скакуноў туркменскім народам. Дарэчы, гэта ўжо пятая кніга пра конегадоўлю, напісаная прэзідэнтам Туркменіі.

Варта адзначыць і раман «Імя добрае нятленнае» (2011 г.), які Гурбангулы Бердымухамедаў прысвяціў памяці дзеда — школьнага настаўніка. Бердымухамед Анаеў шмат гадоў працаваў дырэктарам пачатковай сельскай школы, удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, дзе быў паранены. Пасля вяртання дадому зноў працаваў педагогам. Яго жыццё перапыніў ашхабадскі землятрус 1948 года. У сяле Ызгант Геакцепінскага раёна сёння пабудавана сучасная школа, якая носіць імя дзеда прэзідэнта Туркменістана.

Мастацкае

2. Нельга абысці ўвагай два мастацкія выданні, якія папулярызуюць творчасць знакамітага туркменскага класіка Маланепеса. Яны таксама займаюць пачэснае месца ў фондах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Першае з іх — казачная паэма «Зохрэ і Тахір» (на рускай мове), якая ўпісала ў гісторыю сусветнай літаратуры імя Маланепеса як найярчэйшага майстра любоўна-лірычнага жанру. Казка дайшла да нашых дзён з глыбіні стагоддзяў. Гэтая прыгожая гісторыя пра каханне, высокае і светлае, і сёння карыстаецца вялікай папулярнасцю ў туркменаў.

Падрыхтоўку выдання ажыццявіла Туркменская дзяржаўная выдавецкая служба на аснове манускрыптаў з фондаў Нацыянальнага інстытута рукапісаў Акадэміі навук Туркменістана. Кніга была выдадзена спецыяльна да святкавання 200-годдзя з дня нараджэння аўтара ў 2010 годзе. Другое выданне  — вялікі зборнік паэзіі Маланепеса (2010 г.), у які ўвайшлі каля 120 вершаў на туркменскай, азербайджанскай і ўзбекскай мовах.

Навуковае

3. Вялікую цікавасць выклікаюць кнігі з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, прысвечаныя архітэктуры Туркменістана. Адна з іх «Гургендж — сярэднявечны навуковы і культурны цэнтр Усходу» Алмаза Язбердзіева, выдадзеная ў 2011 годзе і прадстаўленая адразу на туркменскай і рускай мовах.

Кніга прысвечана аднаму з самых значных помнікаў будаўнічага мастацтва Туркменістана — мячэці XV стагоддзя ў Анау блізу Ашхабада, разбуранай падчас землятрусу 1948 года. На аснове руін і гістарычных дакументаў разглядаюцца асаблівасці канструкцый будынка і яго ўнікальнага мастацкага афармлення. Падрабязна аналізуецца генезіс і семантыка ладу драконаў на партале мячэці. У кнізе можна ўбачыць рэдкія архіўныя фотаздымкі, якія аднаўляюць рэальны вобраз помніка. Менавіта гэтая кніга была адзначана дыпломам III ступені XV Міжнароднага конкурсу дзяржаў  — удзельніц СНД «Мастацтва кнігі», які прайшоў у Расійскай Федэрацыі ў рамках XXXI Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.

Другая кніга, прысвечаная старажытнай архітэктуры Туркменістана, — «Старажытны Мерв і будаўнічая культура эпохі Вялікіх Сельджукоў» — прадстаўляе архітэктурную спадчыну XI—XII стагоддзяў, калі на палітычнай арэне Усходу з’явілася туркмена-агузская дзяржава, якую ўзначальвала дынастыяй Вялікіх Сельджукоў. У кнізе праводзіцца дэтальны архітэктурнамастацтвазнаўчы аналіз самага значнага збудавання той эпохі  — маўзалея Султана Санджара ў Мерве. Гэтаму архітэктурнаму шэдэўру раней была прысвечана манаграфія аўтара («Маўзалей султана Санджара» (Стамбул, 2004 г.), якая складае аснову дадзенага выдання.

Нацыянальнае

4. Туркменскі народ вельмі паважліва ставіцца да нацыянальных святаў і традыцый. Гэта можна адчуць, паглыбіўшыся ў чытанне кнігі «Наврузнама» (на рускай і туркменскай мовах), якая ўяўляе сабой калектыўную працу вядомых навукоўцаў Туркменістана  — гісторыкаў, філолагаў, мовазнаўцаў і этнографаў, а таксама журналістаў і грамадскіх дзеячаў краіны. На яе старонках у рэтраспектыве стагоддзяў і тысячагоддзяў паўстае невычэрпнае багацце феномена Наўруза, які і ў нашы дні працягвае сваю высокую місію  — несці людзям святло прыгажосці, дабра і радасці.

У кнізе аналізуюцца творы туркменскага фальклору, звязаныя са святкаваннем Наўруза. Выданне дазваляе чытачам глыбей спазнаць прыгажосць традыцый і багацце спадчыны, дакрануцца да самой сутнасці Наўруза  — свята старажытнага і вечна юнага, якое здабыла новыя фарбы і гучанне ў цяперашнюю эпоху.

Інтэрнацыянальнае

5. У фондах бібліятэкі шмат кніг туркменскіх пісьменнікаў, перакладзеных на беларускую мову. Адным з такіх выданняў з’яўляецца анталогія туркменскай дзіцячай літаратуры «Кветкі Каракумаў», што выйшла ў Мінску (1990 г). Альбо зборнік паэм і вершаў «Мая Туркменія» (1992 г.). Нельга не згадаць зборнік твораў пісьменнікаў Беларусі і Туркменістана «Святая любоў», што выйшаў у Выдавецкім доме «Звязда» ў 2013 годзе і выклікаў вялікую цікавасць у прыхільнікаў сапраўднай літаратуры.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: Яркія акцэнты на старонках гісторыі

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.