Вы тут

ТОП-5 адметных традыцый Туркменістана


Кожная краіна свету клапоціцца пра захаванне сваёй гісторыі, нацыянальных каштоўнасцей. Туркменістан не выключэнне. На тэрыторыі гэтай краіны заўсёды жыў неабыякавы народ, які да сённяшняга дня актыўна ўдзельнічае ў працэсах папулярызацыі сваёй культуры.


Туркменістан — краіна, у якой асабліва беражліва ставяцца да традыцый і звычаяў, многія з якіх склаліся пад уплывам рэлігіі. І гэта невыпадкова: у Туркменістане досыць строга выконваюцца законы шарыяту, якія служаць своеасаблівымі правіламі, абавязковымі для ўсіх. Ісламская рэлігія адыгрывала важную ролю ў станаўленні туркменскіх традыцый на працягу стагоддзяў. Яна і цяпер складае аснову жыцця насельніцтва, у тым ліку і мола дзі. Мусульманскія абрады і звычаі сталі агульнанацыянальнымі і выконваюцца практычна ўсім карэнным насельніцтвам краіны.

Пачаўшы вывучаць культуру Туркменістана, можна знайсці шмат цікавых традыцый, якія ўласцівыя толькі гэтаму рэгіёну. Карэспандэнт «ЛіМа» паспрабавала знайсці ТОП-5 унікальных і цікавых традыцый і звычаяў туркменскага народа.

  1. Традыцыі гасціннасці

Першае, на што заўсёды звяртаюць увагу людзі, якія прыехалі ўпершыню ў Туркменістан, — гэта бязмежная ветлівасць і гасціннасць. Калі вас запрасілі ў традыцыйны туркменскі дом, то будзьце гатовыя да сапраўднага балявання, дзе кожны элемент мае сакральнае значэнне.

Усё пачынаецца з абруса, які выкарыстоўваецца для сервіроўкі стала. Вельмі дрэннай прыметай лічыцца наступіць на яго ці запэцкаць. Перад тым як туркмен пачне атрымліваць асалоду ад трапезы, ён абавязкова павінен уславіць Госпада. Ва ўсходняй традыцыі лічыцца, што кожнага госця да дзвярэй прававернага мусульманіна прыводзіць сам Алах, таму вялікім грахом лічыцца дрэнна прыняць падарожніка.

Этнографы, якія займаліся вывучэннем гэтага пытання, лічаць, што такая традыцыя зарадзілася ў старажытнасці. У тыя далёкія гады туркмены жылі ў пустыні з вельмі абмежаванымі рэсурсамі для выжывання, таму неабходна было падтрымліваць адзін аднаго. Таму, трапіўшы ў Туркменістан, ведайце, што нават у аддаленых раёнах краіны вы можаце разлічваць на хлеб і соль, якія, як і трапезны абрус, лічацца святымі.

  1. Шлюбныя рытуалы

Класічная вясельная цырымонія ў Туркменістане звязана з вялікай колькасцю легенд і паданняў. Асаблівае месца ў ёй займае рытуальнае адзенне, кожны элемент якога нясе свой сэнс. Менавіта таму будучыя жаніх і нявеста, а таксама бацькі маладых аддаюць нямала часу пад рыхтоўцы да вяселля. Лічыцца, што калі нават адзін элемент вясельнага ўбрання будзе падабраны няправільна, гэта можа наклікаць мноства нягод на будучую сям’ю.

Сукенка нявесты, пры ўсёй стрыманасці і кансерватыўнасці крою, заўсёды багата ўпрыгожваецца вышыўкай і ювелірнымі вырабамі, якія прышываюць на грудзі ў некалькі радоў (яны выконваюць функцыю абярэгаў). Падчас руху ўпрыгажэнні меладычна гучаць і тым самым адганяюць злых духаў, якія, паводле паданняў, увесь час круцяцца каля маладой жанчыны, прыцягнутыя яе прыгажосцю. Наогул, нявесту берагуць ад злых сіл усімі даступнымі сродкамі: хаваюць яе пад накідкамі, уплятаюць у вясельны ўбор мноства абярэгаў, упрыгожваюць рукі дзяўчыны талісманамі.

Асноўныя вясельныя ўрачыстасці ў Туркменістане адбываюцца ў доме жаніха, хоць пачынаецца вяселле па традыцыі ў нявесты.

Белы колер займае цэнтральнае месца ў туркменскіх абрадах. Абрад сватаўства пачынаецца з уручэння маці будучага жаніха беласнежнага вузельчыка з прысмакамі і цукрам. Пасаг маладой складваюць таксама ў беласнежныя чувалы. Белай хусткай падвязваюць галаву засватнай дзяўчыны, і з гэтага часу яна афіцыйна прызнаецца заручанай.

Раней усе падарункі маладым прыносіліся ў спецыяльных вузельчыках, зробленых з каляровых хустак. Найбольш каштоўным вясельным падарункам у Туркменістане лічылася дарагая хустка з разнастайнымі ўпрыгожваннямі. Яна ж і выкарыстоўвалася і ў вясельнай працэсіі. Дарэчы, цяпер, калі ў госця краіны ёсць жаданне паглядзець традыцыйную вясельную цырымонію ў Туркменістане, можна пра гэта дамовіцца з адміністрацыяй гатэля, у якім ён спыніўся. Як правіла, многія гасцініцы краіны гатовы арганізаваць такія экскурсійныя туры.

  1. Новы год

Любімае свята туркменаў — Новы год — адзначаецца вясной. Па ўсходнім паданні, у ноч з 21 на 22 сакавіка з-пад зямлі падымаецца ўсёмагутны дух, які прыносіць святло, што ацаляе хворых і сляпых і, самае галоўнае, дорыць мір усім вернікам. У Туркменістане лічаць, што з надыходам свята спыняюцца войны і любыя канфлікты.

Навагодні стол, як правіла, упрыгожваюць 7 страў, якія ўказваюць на сем дзён тыдня. Напрыклад, перад гаспадаром ставіцца сем кубкаў з напоямі, прыгатаванымі з сямі відаў травы. Туркмены стараюцца прыгатаваць ежу, якая падкрэслівае дастатак і багацце. Гаспадыні накрываюць дастархан (стол), на якім абавязкова павінны быць наступныя прадукты: малако, якое сімвалізуе чысціню, прысмакі — радасць жыцця, цукар — дастатак, шчарбет — адпачынак. Галоўныя навагоднія стравы — сумаляк, плоў і шурпа з бараніны. Кожны з запрошаных гасцей павінен пакінуць дом сытым і задаволеным: тады год будзе шчаслівы і ўраджайны.

  1. Традыцыйнае шанаванне старэйшых

Паважлівае стаўленне да старэйшых таксама грунтуецца на старажытных традыцыях. Недапушчальна не выканаць іх просьбу, спрачацца з імі, глядзець на іх спадылба або выказваць сваю незадаволенасць, чакаць падзякі за нейкую паслугу або нагадваць пра яе. Звычаі патрабуюць шанавання бацькоў і наогул старэйшых. Туркменская прымаўка абвяшчае: «Золата і срэбра не старэе, бацька і маці кошту не маюць». Бацька як галоўны ў сям’і мае права ацэньваць учынкі сваіх дзяцей, а таксама абавязаны абараняць іх. Дзеці павінны з глыбокай павагай ставіцца да маці і паважаць яе. Праява дрэнных адносін ці непавагі да маці асуджаецца.

  1. Традыцыі маральнасці

Туркмены — высокамаральны народ. У сваім стаўленні да жыцця яны культывуюць гасціннасць, шанаванне старэйшых, сціпласць, высакароднасць, праўдзівасць, сумленнасць, смеласць, душэўную шчодрасць.

Гэты народ высока ставіць паняцце гонару. «Мой гонар — гэта гонар маёй сям’і, майго племя, майго народа», — любяць паўтараць яны. У туркменаў моцна развіты так званы дух сваяцтва. Яны заўсёды шанавалі шчырасць. «Гавары праўду, нават калі яна супраць цябе», — абвяшчае народная мудрасць.

У туркменскім грамадстве заўсёды негатыўна ставіліся да дрэнных слоў, лічачы, што «той, хто пляткарыць з табой, пляткарыць і ў твой адрас». І, вядома ж, асуджаліся такія ганебныя рысы, як баязлівасць, маладушнасць, няўдзячнасць.

Туркмены шануюць пачуццё дружбы і любові, падтрымліваюць добрыя адносіны з суседзямі. Ёсць мноства народных прымавак на гэтую тэму: «Перш чым пабудаваць дом, даведайся, хто твой сусед», «жыві па суседстве са шчаслівым, і сам будзеш шчаслівы», «у першую чаргу паклапаціся пра суседа», «блізкі сусед лепшы, чым далёкі брат».

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».