Вы тут

Што прымусіць заіграць інтэр’ер


Правільна падабранае асвятленне для кватэры -- як адметнае адзенне для жанчыны: падкрэслівае годнасці, хавае хібы. З яго дапамогай можна прымусіць зайграць новымі фарбамі любую абстаноўку і нават візуальна змяніць прастору.


Дзіцячы пакой

У першую чаргу варта звярнуць увагу на бяспеку і практычнасць асвятляльных прыбораў. Ніякіх элементаў з крышталя або тонкага шкла!

Пажадана напоўніць пакой мяккім прыглушаным святлом, а лямпачкі схаваць за прыгожымі канструкцыямі на столі і сценах. У інтэр’ер выдатна ўпішуцца начнікі ў выглядзе звяркоў ці казачных герояў.

А вось у пакоі падлеткаў асаблівую ўвагу варта надаць настольніку: рашаючы задачкі па матэматыцы і чытаючы “Вайну і мір” -- галоўнае, не пасадзіць зрок. Настольная лямпа -- не проста элемет дэкору, а важны дадатак да стольных свяцільняў. Практычнае рашэнне -- “лямпа-прышчэпка”. Канструкцыя лёгка і хутка ўсталёўваецца і эканоміць працоўную прастору.

Зала

У інтэр’еры залы выдатна выглядаюць камбінацыі адразу некалькіх тыпаў свяцілень. Класічнае трыа -- люстра на столі, настольная лямпа і таршэр побач з мяккай мэбляй. Прыборы павінны ствараць адзіны стылістычны настрой у пакоі, а не абцяжарваць яго. Таксама варта выкарыстоўваць аднолькавы тып лямпаў, напрыклад, люмінесцэнтныя або святлодыёдныя. Калі вам пашанцавала і вы ўладальнік шыкоўных апартаментаў з высокімі столямі, то можна смела спыніць выбар на масіўнай люстры. Калі не, лепш звярнуцца да люстры з некалькімі плафонамі.

Кухня

На кухні мы збіраемся сям’ёй за адным сталом, рыхтуем кулінарныя шэдэўры, п’ём гарбату з сябрамі. Правільна падабранае асвятленне зможа не толькі стварыць камфорт, цеплыню і ўтульнасць, але і вонкава павялічыць прастору кухні, зробіць больш прывабнымі функцыянальныя зоны: ракавіну, пліту, шуфлядкі. Ёсць і свае хітрыкі. Калі кухня невялікая, выбірайце паваротныя кропкавыя крыніцы святла, размеркаваныя па ўсёй паверхні столі або па яе перыметры -- гэта таксама візуальна пашырыць прастору.

Спальня

Тут павінна панаваць лёгкая, ненапружная атмасфера, якая настройвае на адпачынак пасля турботнага працоўнага дня. Для спальні падыдзе мяккае прыглушанае асвятленне, прычым яно павінна быць аб’ёмным і шматузроўневым. Такога эфекту можна дасягнуць кропкавымі свяцільнямі і насценнымі бра. Апошнія часцей за ўсё ўсталёўваюць над ложкам. Гэта не толькі прыгожа, але і вельмі зручна для тых, хто любіць пачытаць перад сном.

Ванная

У залежнасці ад дызайну інтэр’еру ў ванным пакоі можна выкарыстоўваць плафоны, бра ці нават кандэлябры, якія мацуюцца на сцены і забяспечваюць яркае асвятленне. Як правіла, свяцільні размяшчаюць сіметрычна па баках люстэрка. Згадзіцеся, у паўзмроку красіцца альбо галіцца не вельмі зручна. І яшчэ: неабходна купляць толькі тыя свяцільні, якія спецыяльна створаны для памяшканняў з павышанай вільготнасцю, бо яны адпавядаюць патрабаванням па тэхніцы бяспекі.

Яніна КУРЫЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».