Вы тут

Куды цякуць малочныя рэкі і ці быць беларускаму салу?


Рэспубліка Беларусь уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых сусветных экспарцёраў асноўных відаў малочнай прадукцыі, прычым па масле займае трэці радок сусветнага рэйтынга, па сырах і тварагу — чацвёрты, сухім абястлушчаным малаку — пяты. Запатрабавана за мяжой і беларускае мяса, па экспарце ялавічыны мы сёмыя ў свеце, па мясе птушкі — дзявятыя.


— У студзені — жніўні 2019 года мяса-малочная прадукцыя склала 59,6 працэнта экспарту, і ў параўнанні з адпаведным перыядам 2018 года яе доля павысілася на 1,7 працэнтнага пункта. Валютная выручка ад экспарту мяса-малочнай прадукцыі — 2,085 мільярда долараў (106,2 % у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года). Планамернае нарошчванне фізічных аб'ёмаў экспарту малочнай прадукцыі дасягнута дзякуючы рэалізацыі рэспубліканскіх і галіновых праграм, падчас якіх праведзена мадэрнізацыя і тэхнічнае пераабсталяванне малака- і мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў краіны, — паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інтэнсіфікацыі жывёлагадоўлі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Іван Царык.

Традыцыйна асноўнымі рынкамі для беларускіх вытворцаў з'яўляюцца краіны СНД. У студзені — жніўні 2019 года сюды было завезена малака і малакапрадуктаў на суму амаль 1,5 мільярда долараў, мяса і мясапрадуктаў — на 555,3 мільёна.

Наогул, сёння беларуская малочная прадукцыя трапляе ў 51 краіну свету (сёлета было асвоена дзесяць новых рынкаў). Нашы прадукты прыйшліся даспадобы спажыўцам з Еўропы, Амерыкі, Афрыкі. Праўда, доля экспарту малочных прадуктаў у краіны па-за межамі СНД за студзень — жнівень 2019 года ў параўнанні з адпаведным леташнім перыядам знізілася на 1,8 працэнта. Найбольшы аб'ём беларускіх малочных прадуктаў пастаўляецца ў краіны Азіі (пераважна ў Кітай). Сёлета арганізацыі нашай краіны пачалі прадаваць «малочку» і ў Афганістан, Інданезію, Малайзію, Катар, Тайланд, Тайвань.

У Злучаныя Штаты Амерыкі завозяцца беларускія сыры, тварог, масла, канцэнтраванае, сгушчанае малако, марожанае.

Беларускае мяса і прадукты з яго сёлета былі запатрабаваны ў 19 краінах свету (пры гэтым асвоена пяць новых рынкаў). За восем месяцаў у краіны не СНД пастаўлена мясной прадукцыі на суму 24,4 мільёна долараў, што ў пяць разоў перавысіла аб'ёмы экпарту ў адпаведны перыяд 2018 года. І зноў жа, пераважна прадукцыя ідзе ў азіяцкія краіны, пры гэтым 93,2 % у экспарце мяса і мясапрадуктаў прыпадае на Кітай.

Хопіць усім!

Сёння мала проста вырашаць пытанні па забеспячэнні разнастайнымі прадуктамі насельніцтва краіны. Прымаюцца меры для павышэння эфектыўнасці сельскагаспадарчай галіны і развіцця экспартаарыентаванага кірунку.

Натуральна, нам не патрэбна такая колькасць малака і мяса, што сёння вырабляецца ў Беларусі — 60 працэнтаў малочнай і 28 мясной прадукцыі ідзе на экспарт. Як заўважыў Іван Царык, у краіне робіцца вельмі многа, каб надалей нарошчваць аб'ёмы і скараць дадатковыя рынкі. Плануецца выйсці на вытворчасць больш чым дзевяць мільёнаў тон малака ў год (сёлета мы дасягнём лічбы ў 7,1 мільёна). Наладжана селекцыйна-племянная работа, налета вучоныя павінны прадставіць новую пароду Белгалшцін, генетычны патэнцыял якой 10-11 тысяч кг малака ад каровы на год. Гэтыя жывёлы найбольш адаптаваныя пад нашы ўмовы.

Паступова закрываюцца старыя фермы, адкрываюцца новыя. Цяпер 43 працэнты фермаў працуюць па сучасных тэхналогіях, і на іх вырабляецца 65 працэнтаў усяго малака. Такія захады дазваляюць зніжаць выдаткі на вытворчасць і павышаць якасць прадукцыі. Плануецца таксама пераходзіць на вырошчванне бялку ўласнай вытворчасці, што зноў жа паспрыяе патанненню прадукцыі.

Цана ці якасць?

А вось сальная свініна ў Беларусь завозіцца з Расіі, і гэта пры тым, што традыцыйныя беларускія пароды і іх помесі былі сальнага і мяса-сальнага кірунку. Рэч у тым, што вытворчасць сала ў тры разы даражэйшая за мяса. Да таго ж, хто можа даць гарантыю вытворцам, што, калі яны возьмуцца за падобную справу, прадукцыя знойдзе пакупніка? Цяпер селекцыя арыентуецца больш на мясную прадукцыю, бо на яе ёсць попыт. Канешне, сальная свініна неабходная для вытворчасці каўбасы накшталт любімай многімі «пальцам пханай», але гэта тавар прэміум-класа і не ўсе гатовы яго набыць. Магчыма, у будучым попыт на традыцыйныя беларускія пароды вырасце, таму што спатрэбіцца больш каларыйная ежа для паўночных рэгіёнаў Расіі, дзе зараз актыўна вядзецца распрацоўка карысных выкапняў. А як пракарміць галодных няфцянікаў, геолагаў, ваенных? Паспрабуйце знайсці лепшую альтэрнатыву салу.

Ёсць будучыня і ў іншых беларускіх прадуктаў. Іван Царык падкрэсліў, што сёння пакупнікі больш увагі звяртаюць на цэны, а не на якасць. Мала хто задумаецца, што, калі набываць танныя прадукты з вялікай колькасцю розных дабавак, пасля давядзецца раскашэльвацца на лекі. Ён упэўнены: трэба выхоўваць пакупніка, гаварыць пра якасць беларускіх прадуктаў, напрыклад, пра тое, што наша мяса больш карыснае, чым імпартнае.

Будучыня за біятэхналогіямі

Адна з асноўных задач, якая стаіць сёння — максімальнае выкарыстанне патэнцыялу прадукцыйнасці жывёлы. Над вырашэннем яе шчыруюць беларускія вучоныя. Дзякуючы іх распрацоўкам удасканальваецца структура кормавытворчасці, у рацыён жывёлы ўводзяцца новыя біялагічна актыўныя дабаўкі. Можна згадаць і пра распрацоўку новых праектных рашэнняў для жывёлагадоўчых комплексаў. Як паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па навуцы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па жывёлагадоўлі Аляксандр Будзевіч, вучоныя праводзяць даследаванні, накіраваныя на вывучэнне новых генаў, звязаных з прадукцыйнасцю жывёлы, ідзе распрацоўка праграмнага забеспячэння для прагназавання племянной каштоўнасці жывёлы, вывучаюцца і ўдасканальваюцца тэхналагічныя прыёмы стварэння найбольш прымальных умоў для яе ўтрымання. Працягваюць развівацца і выкарыстоўвацца біятэхналагічныя метады ўзнаўлення статка ў краіне. І ўжо сёння можна смела заяўляць, што будучыня жывёлагадоўлі — за ДНК-тэхналогіямі.

— Мы падышлі ўжо да таго моманту, калі можам выкарыстоўваць клетачныя тэхналогіі для атрымання большай колькасці эмбрыёнаў і, як вынік, матэрыялу для племзаводаў краіны, — падзяліўся Аляксандр Будзевіч. — Збіраемся адпрацоўваць пытанні кансервавання біяматэрыялу сельскагаспадарчых жывёл, кланіравання, будзем удасканальваць кармавыя дабаўкі на аснове нанатэхналогій (з выкарыстаннем наначасціц), выкарыстоўваць не толькі методыкі класічнай селекцыі, але і геномнай ацэнкі, вывучаць прадукцыйныя якасці з дапамогай ДНК-метадаў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?