Вы тут

Хутка ў краіне можа быць створана нацыянальная школа пілотаў


Пра гэта расказаў дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём СІКОРСКІ.


Фота БелТА.

— У свеце назіраецца дэфіцыт лётных кадраў, ён ёсць і ў Беларусі, таму вырашэнне гэтай праблемы для нас будзе ў прыярытэце. Раней у краіне камерцыйных пілотаў не рыхтавалі, іх навучанне праходзіла ў Расіі, Украіне, краінах Балтыі. Цяпер мы збіраем неабходныя дакументы на імя кіраўніка дзяржавы, каб ён падтрымаў падыходы, распрацаваныя Дэпартаментам па авіяцыі, Беларускай дзяржаўнай акадэміяй авіяцыі, авіяцыйнымі арганізацыямі.

У краіне ідзе работа над прапановамі па з'яўленні лаўкост-тарыфаў (зніжаных цэн) на пералёты. Пакуль дасягнута пагадненне толькі з венгерскай авіякампаніяй Wіzz Aіr: вясной 2020 года стартуюць рэйсы з Мінска ў Будапешт. З'яўленне лаўкост-маршрутаў плануецца за кошт авіякампаніі «Белавія».

— У яе ўжо ёсць такія ў аэрапорт Жукоўскі ў Маскве, але маршрутная сетка можа быць пашырана. Каб мадэль пачала працаваць, неабходна прыняць рашэнне на ўзроўні ўрада. Запусціць лаўкост сіламі «Белавія» найбольш аптымальна і правільна — трэба падтрымліваць нацыянальнага перавозчыка, стварыць умовы, пры якіх ён зможа працаваць па любых напрамках, у тым ліку з абласных аэрапортаў, — сказаў Арцём Сікорскі.

«Белавія» — найбуйнейшы авіяперавозчык Беларусі. Ён ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 55 аэрапортаў 29 краін Еўропы і Азіі. Флот кампаніі налічвае 30 паветраных суднаў. Па словах генеральнага дырэктара Анатоля ГУСАРАВА, да летняга сезона авіякампанія папоўніць парк сямю Boeіng 737 MAX. А ў снежні і красавіку наступнага года — двума Embraer.

Ідзе работа і над пашырэннем маршрутнай сеткі. Сёлета былі адкрыты рэгулярныя рэйсы ў Мюнхен і Талін, летась — у Албанію. Налета авіякампанія разлічвае адкрыць дадатковыя маршруты ў Казахстан, Іспанію і на Кіпр.

— Канчатковае рашэнне па гэтых напрамках яшчэ не прынятае, але мы спадзяёмся атрымаць дазвол на палёты ў Актау, бо там ёсць транзіт з Еўропы. Што датычыцца Іспаніі, плануем адкрыць маршрут да курортнага горада Рэус. Таксама ў 2020 годзе будуць пашыраны чартарныя праграмы, — паведаміў Анатоль Гусараў.

Кіраўнік «Белавія» падкрэсліў, што бізнес-мадэль поўнага сэрвісу кампаніі ўжо не актуальная, ёй на замену прыйшла сучасная гібрыдная. Гэта было зроблена для аптымізацыі кошту білетаў.

— «Белавія» завяршае распрацоўку і хутка плануе ўкараніць сістэму брэндавых тарыфаў. Яны будуць падзеленыя на групы. Калі пасажыр ляціць без багажу, яго тарыф будзе мінімальны. Калі з чамаданам — іншы. Такі фармат палёту дасць магчымасць пасажырам самім выбіраць кошт білету. У залежнасці ад таго, колькі іх будзе прададзена, сістэма можа аўтаматычна закрыць танныя класы. Тыя, хто прыйдзе пазней, будуць ляцець ужо па вышэйшай цане, — расказаў Анатоль Гусараў.

Каб зрабіць знаходжанне пасажыраў у зоне рэгістрацыі больш камфортным і хуткім, за апошні час у Нацыянальным аэрапорце ўкаранілі некаторыя новаўвядзенні. Пра іх паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці Васіль КОРНЕЎ.

— У маі мы пачалі эксплуатаваць другую ўзлётна-пасадачную паласу. Гэта дазволіла прымаць усе віды паветраных суднаў пры любых умовах надвор'я. Сёлета з'явіліся новыя віды сэрвісу для пасажыраў: арганізаваныя сістэма аўтаматычнага афармлення багажу drop-off, паскоранае праходжанне палётных працэдур fast track, калі пасля рэгістрацыі можна падысці да аўтамата, які дазваляе прыняць гэтую паслугу, і прайсці яе па-за чаргой праз пункт кантролю. Працуе сістэма ProVіsіon, якая хутка сканіруе пасажыраў на наяўнасць небяспечных прадметаў, а таксама функцыя электроннага пасадачнага талона — яго можна набыць толькі пры анлайн-рэгістрацыі, — паведаміў выступоўца. — Акрамя таго, падчас рэгістрацыі ўжо няма неабходнасці здымаць абутак, бо ёсць спецыяльныя сканеры. Дзякуючы гэтаму мы павялічылі хуткасць агляду пасажыраў на 33 працэнты.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Загаловак у газеце: Брэндавыя тарыфы, новыя самалёты і палётная картка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».