Вы тут

Малярыю, ліхаманку Дэнге, адзёр беларусы працягваюць прывозіць з-за мяжы


Каля 200 выпадкаў адру зафіксавана сёлета ў Беларусі. Чвэрць з іх — завозныя, астатнія — звязаныя з імі. Прывозяць беларусы з іншых краін і экзатычныя хваробы — малярыю, ліхаманку Дэнге і ліхаманку Заходняга Ніла, гепатыт А. Як падстрахавацца перад выездам за мяжу і чым небяспечныя экзатычныя інфекцыі, расказалі спецыялісты.


Фота: dni24.com

— Еўрапейскі рэгіён палае ад адру. З 53 краін у 49 зарэгістравана каля 200 тысяч выпадкаў захворвання. Найбольшая колькасць — ва Украіне, там каля 54 тысяч чалавек перанеслі гэту інфекцыю. За два гады 41 чалавек памёр, яшчэ 20 загінулі ад ускладненняў, якія далучыліся пасля адру, — расказвае загадчык аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Уладзімір ПАШКОВІЧ.

У Беларусі сёлета больш за ўсё выпадкаў адру зарэгістравана ў Гродзенскай вобласці — 54. У Мінску — 49, у Віцебскай вобласці — 30, Гомельскай — 26, Брэсцкай — 19, Мінскай — 15, Магілёўскай — 6.

— Апошнія тры тыдні мы не бачым новых выпадкаў. Усіх кантактных з хворымі абследуем. Ланцужок звычайна складае 1—5 выпадкаў. Гэта сведчыць пра тое, што наша насельніцтва добра абаронена.

Пры гэтым спецыяліст нагадаў, што адзёр мае самую высокую кантагіёзнасць. Гэта аэразольная інфекцыя: каб захварэць, дастаткова пабыць у адным памяшканні з хворым.

— Калі з'яўляецца хворы, то ў 99 % выпадкаў кантактная з ім асоба захварэе. Наша краіна — адна з нямногіх у Еўропе, дзе ліквідаваны незавазныя і не звязаныя з імі выпадкі адру. Больш за 98% насельніцтва прышчэплены. Апошнім часам мы вакцыянавалі каля 1,5 тысячы тых, хто не быў прышчэплены ці адмаўляўся ад вакцынацыі. Акрамя таго, Расспажыўнагляд выдзеліў нам 100 тысяч доз вакцыны супраць адру, якой мы прышчапілі 83,6 тысячы чалавек з груп рызыкі — медработнікаў, супрацоўнікаў пагранічных пунктаў пропуску, бежанцаў і іншых, — падкрэсліў Уладзімір Пашковіч.

Нагадаем, што Нацыянальны каляндар прадугледжвае дзве прышчэпкі ад адру — у год і ў шэсць гадоў. Калі ў вас няма звестак пра прышчэпкі, ці калі зроблена толькі адна з іх, або вы не хварэлі на адзёр раней, спецыялісты рэкамендуюць зрабіць прышчэпкі ў любой медыцынскай установе перад паездкай у краіны з неспрыяльнай эпідсітуацыяй — Украіну, Казахстан, краіны ЕС. Калі вы вярнуліся з паездкі з сімптомамі інфекцыі — сыпам, кашлем, кан'юктывітам — неабходна звярнуцца па медыцынскую дапамогу і расказаць доктару пра паездку.

З экзатычных завазных інфекцый на першае месца ў Беларусі выйшла малярыя. Яе прывозяць з Афрыкі. Захворванне перадаецца праз камарыныя ўкусы, і калі не прымаць прэпараты, магчымае заражэнне. Таксама сёлета зарэгістравана шэсць выпадкаў ліхаманкі Дэнге, адзін — ліхаманкі Заходняга Ніла. Прывозяць штогод і каля пяці выпадкаў гепатыту А.

— Малярыя — даволі небяспечнае захворванне. Мне давялося быць экспертам па адным выпадку, дзе пацыент, на жаль, загінуў, — расказвае прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук Сяргей ЖАВАРОНАК. — Жыхар аднаго з раённых цэнтраў працаваў пэўны час у Афрыцы. Па прыездзе з сімптомамі звярнуўся да ўрача, але выратаваць яго не ўдалося — на працягу сутак пацыент загінуў. Рэч у тым, што да звычайных прэпаратаў трапічная малярыя ўстойлівая. А ў нас, на жаль, ёсць праблемы з рэзервам неабходных у такіх выпадках сродкаў і пастаноўкай дыягназу на перыферыі.

Яшчэ адно небяспечнае захворванне — дыфтэрыя, і яе ўспышкі фіксаваліся ва Украіне. Аднак у нас ад гэтай інфекцыі прафілактычнымі прышчэпкамі абаронена 98 % насельніцтва.

— Кантагіёзнасць дыфтэрыі ў параўнанні з адром нізкая. Апошнія тры гады мы гэта захворванне не выяўлялі. Але ведаць свой прышчэпачны статус трэба, — падкрэсліў Уладзімір Пашковіч. — Прышчэпкі ад дыфтэрыі і слупняку робяцца раз на 10 гадоў усім дарослым: у 16, 26, 36 і гэтак далей. Дыфтэрыя небяспечная тым, што праз некалькі дзён у хворага з'яўляюцца міякардыты.

Медык папярэдзіў і пра яшчэ адну небяспечную інфекцыю — гепатыт Е, на які даволі шырока хварэюць свінні. Заразіцца можна, калі ўжываць дрэнна апрацаванае свіное мяса ці печань.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Экзатычныя і небяспечныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?