Вы тут

Колькі каштавала самая дарагая паэма ў Рымскай імперыі?


У кожнай кнігі асаблівая гісторыя. Некаторыя з іх маюць памылковыя назвы, а некаторыя выратавалі людзям жыццё. На жаль, у прадмовах не заўсёды згадваюцца такія цікавыя факты. Таму вашай увазе прапануецца падборка займальнай інфармацыі пра творы і пісьменнікаў. Прыемнага чытання!


Шмат хто з нас прывык лічыць дэтэктывы забаўляльнай літаратурай, якая не прыносіць асаблівай карысці ў рэальным жыцці. Але адна медсястра, прачытаўшы кнігу Агаты Крысці «Віла «Белы конь», змагла разгадаць прычыну захворвання пацыенткі і выратаваць яе жыццё. У дэтэктыве дэталёва апісаны сімптомы і дзеянні пры атручванні таліем, а менавіта гэтым рэчывам і спрабавалі забіць дзяўчынку.

Як вы думаеце, які сэнс назвы кнігі «451 градус па Фарэнгейце»? Вядома ж, тэмпература, пры якой загараецца папера. Але насамрэч самазагаранне кніг назіраецца пры 451 градусе, толькі па Цэльсію. Як прызнаваўся сам Брэдбэры, выбіраючы назву для рамана, ён раіўся з пажарнікам, які і пераблытаў шкалы.

Калі ў 1965 годзе кніга Дж. Р. Р. Толкіна «Хобіт» была выдадзеная, на яе вокладцы намалявалі льва, страусаў і дзіўныя дрэвы з ружовымі пладамі. Ілюстратар не азнаёмілася з тэкстам, перш чым прыступаць да работы, у выніку чаго мастацкае афармленне ніяк не адлюстроўвала змест кнігі.

Вы здзівіцеся, але самая прадаваная кніга ў Вялікабрытаніі — гэта не серыя пра Гары Потэра, а... «50 адценняў шэрага».

Калі Джоан Роўлінг скончыла першую частку патэрыяны, яе літаратурны агент адправіў рукапіс у 12 выдавецтваў. Усе яны яго адхілілі, і толькі праз год «Гары Потэр і філасофскі камень» выйшаў у невялікім сталічным выдавецтве Bloomsbury. Яго галоўны рэдактар, дарэчы, параіў Роўлінг заняцца больш сур'ёзнай справай, чым напісанне дзіцячых кніг. Ён лічыў, што на іх Джоан шмат не заробіць.

Крылоў у сваёй байцы «Страказа і мураш» згадвае пра тое, што страказа «лета праспявала». На самай справе гэтая казурка гукаў не выдае. Крылоў меў на ўвазе коніка, таму што яго ў эпоху напісання байкі таксама называлі словам «страказа».

У 21 год Джэйн Осцін пачала пісаць раман «Гонар і прадузятасць». Выдаўцы не пагадзіліся надрукаваць твор, таму рукапіс праляжаў у скрыні 15 гадоў. Толькі пасля таго, калі раман «Розум і пачуцці» стаў паспяховым, пісьменніца змагла апублікаваць свой сапраўды дэбютны твор.

Самы вялікі ганарар Рымскай імперыі атрымаў паэт Апіян. Імператар Марк Аўрэлій заплаціў яму па залатой манеце за кожны радок паэмы. За сваю працу паэт атрымаў 20 тысяч манет золатам.

Адна з самых незвычайных кніг — «Боская камедыя» Дантэ, створаная Габрыэлем Чэлані на адным аркушы паперы памерам 800х600 міліметраў. На ім змясцілася 14 тысяч радкоў, пры гэтым прачытаць іх можна без павелічальнай тэхнікі. Калі ж глядзець на кнігу з адлегласці, то атрымліваецца карта Італіі. На яе стварэнне манах Чэлані патраціў чатыры гады.

Каб кнігі былі такія ж танныя, як цыгарэты, выдавецтва Penguіn пачало выкарыстоўваць мяккую вокладку. Першыя такія кнігі распаўсюджвалі ў цэрквах.

Бібліяклептаман — гэта чалавек, які крадзе кнігі. Стывен Блумберг, самы вядомы кніжны злодзей, скраў больш за 23 тысячы рэдкіх асобнікаў кніг. Цяпер яго калекцыя каштуе каля 20 мільё-
наў долараў.

Паводле падлікаў Google, усяго ў свеце існуе амаль 130 мільёнаў назваў кніг (сюды ўвайшлі ўсе мастацкія, публіцыстычныя і навуковыя працы).

У сярэднявечнай Еўропе кнігу, каб яе не вынеслі з грамадскай бібліятэкі, прыкоўвалі да паліцы ланцугамі. Іх даўжыня дазваляла здымаць кнігі з паліц і чытаць, але не выносіць з сабой. Гэты метад абароны ад крадзяжоў выкарыстоўвалі да XVІІІ стагоддзя, таму што кнігі ў той час былі вельмі дарагія.

Кніга вядомага галандскага лекара Германа Бурхаве пад назвай «Адзіныя і найглыбейшыя сакрэты медыцынскага мастацтва» была прададзеная за 10 тысяч долараў. Калі пячатку на ёй зламалі, высветлілася, што яе старонкі чыстыя. Толькі тытульны ліст абвяшчаў: «Трымай галаву ў холадзе, ногі ў цяпле, і ты зробіш бедняком найлепшага лекара».

Праца Леанарда да Вінчы аб вадзе, зямлі і нябесных целах пад назвай «Лестэрскі кодэкс» лічыцца адной з самых дарагіх кніг у свеце. Каб стаць яе ўладальнікам, Біл Гейтс заплаціў больш за 30 мільёнаў долараў. Саму кнігу трэба чытаць толькі з люстэркам, таму што яна напісана люстраным спосабам.

У творах Шэкспіра слова «любоў» сустракаецца амаль у 10 разоў часцей, чым слова «нянавісць» (2259 і 229 разоў адпаведна).

Усім вядомае і блізкае «кніжны чарвяк» з'явілася дзякуючы маленькім казуркам, якія ядуць карашкі кніг.


Навукоўцы знайшлі бессмяротнага слізевіка

Ён нагадвае монстраў з фантастычных фільмаў

рорmесh.ru

Парыжскі заапарк прадставіў свету свой новы экспанат — загадкавую аднаклетачную істоту, якая падобна на грыбы, паводзіць сябе, як жывёла, здольная рэгенерыраваць і валодае аж 720 паламі.

Навукоўцам яшчэ трэба будзе адказаць на многія звязаныя з ім пытанні, аднак цяпер кожны ахвотны можа назіраць містычную жоўтую плёнку, якая ўжо атрымала імя ў гонар фільма жахаў 1958 года Blоb (кропля, клякса, згустак).

Згаданы клас істот да гэтага часу не атрымлівалася ўпісаць у якое-небудзь канкрэтнае царства жывёльнага свету. Іх называюць слізевікамі, і ў прыродзе налічваецца каля тысячы відаў гэтай групы арганізмаў, кожны з якіх здольны паставіць у тупік нават дасведчанага біёлага. Напрыклад, Blоb з'яўляецца аднаклетачным, хоць яго памер дасягае некалькіх сантыметраў. Ён можа расці практычна бясконца, перамяшчацца з хуткасцю чатыры сантыметры ў гадзіну, а таксама шукаць ежу і ператраўляць яе. Пры гэтым
«кропля» праяўляе прыкметы таго, што яна здольная навучацца перадаваць свой вопыт іншым асобінам. У адным з эксперыментаў слізевік павінен быў знайсці выхад з лабірынта. Пасля паспяховага выканання Blоb выбіраўся з пасткі хутчэй, а калі яго змясцілі побач з іншай асобінай, тая таксама змагла вырашыць задачу хутка.

Кадр з фільма «Жывое».

Як паведамляе Rеutеrs, пры гэтым слізевік практычна бессмяротны: калі яго рассячы на часткі, сваю цэласнасць ён адновіць за лічаныя хвіліны. Небяспеку для яго ўяўляюць толькі засуха і крытычныя тэмпературы, прычым нават у гэтым выпадку ён хутчэй за ўсё проста ўпадзе ў стан блізкі да анабіёзу. Гарантавана знішчаюць Blоb толькі магутнае ультрафіялетавае выпраменьванне і агонь. У прыродзе «кропля» камфортна жыве пры вільготнасці каля 85—100 % і тэмпературы паветра 19—25 градусаў Цэльсія, а харчуецца рознай арганікай, напрыклад драўнінай.

Упершыню гэты від трапіў у фокус увагі навукоўцаў у 1973 годзе, калі жыхарка Тэхаса знайшла ў сябе на заднім двары загадкавую жоўтую субстанцыю. Сваю назву гэты слізевік атрымаў у гонар трэшавага амерыканскага фільма жахаў канца 1950-х, згаданага вышэй. Па сюжэце іншапланетная слізь паглынае ўсё на сваім шляху і знішчае цэлы горад. Варта адзначыць, што аналагічныя механізмы распаўсюджвання пазаземнай брыдоты сустракаюцца і ў іншых фільмах: «Нешта» (1982 год, рэжысёр Джон Карпентэр), «Эвалюцыя» (2001 год, Айвэн Райтман) і «Жывое» (2017 год, Дэніэль Эспіноса).

Матэрыялы падрыхтаваў Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.