Вы тут

Годны вынік жніва на Гомельшчыне быў дасягнуты пры пастаяннай барацьбе з надвор'ем


Удзельнікаў і гасцей свята ў Рэчыцы прывітальным адрасам павіншаваў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць усім, хто працуе на палях, фермах і перапрацоўчых прадпрыемствах самай вялікай у краіне Гомельскай вобласці. «Перакананы, што выкананне тэхналогій і адказнае стаўленне да справы кожнага з вяскоўцаў, ад механізатара да кіраўніка, дапаможа нам вырашыць важныя задачы, якія стаяць перад аграпрамысловым комплексам Гомельшчыны і ўсёй Беларусі», — зачытаў прывітальны адрас старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.


Для аграрыяў Гомельшчыны 2019 год быў вельмі няпросты з пункту гледжання кліматычных умоў. Ім давялося пераадольваць наступствы то бязлітаснай спякоты, то вельмі нізкай для лета тэмпературы. Вецер і град таксама паўплывалі на канчатковыя вынікі. Загінула каля 5 % пасеваў, дзясятая іх частка была пашкоджана. Між тым сельгасвытворцы вытрымалі гэты экзамен на трываласць. Было сабрана 692 тысячы тон збожжавых і зернебабовых культур. Гэта на 12 % больш, чым летась. З улікам кукурузы агульная вага гомельскага каравая наблізілася да мільёна тон.

— Пакуль раса не ляжа, мы не сыходзілі з поля, — успамінае сёлетняе жніво Мікалай Сышчанка. — Прыходзім раніцай, рыхтуем камбайны і працуем столькі, колькі надвор'е дазваляе.

Старшы камбайнер з КСУП «Ельск» стаў пераможцам абласных «Дажынак» сярод маладзёжных экіпажаў. Малады чалавек працаваў на камбайне КЗС-10К «Палессе» і ўбраў 628 гектараў з умоўным намалотам 1488 тон.

Так, сёлетняе жніво на Гомельшчыне вызначыла новыя прозвішчы перадавікоў і нагадала пра тых, хто не саступае лідарскія пазіцыі. Экіпажы старшых камбайнераў Васіля Коваля і Івана Вырвіча з агракамбіната «Холмеч» Рэчыцкага раёна штогод становяцца першымі ў вобласці тысячнікамі. 188 экіпажаў намалацілі звыш 1000 тон збожжа. Большасць з іх працуе ў Рэчыцкім раёне. На цырымоніі ўзнагароджання ў Рэчыцы старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей адзначае, што лідарам расце годная змена:

— Сёлета 23 маладзёжныя экіпажы перасягнулі тысячную мяжу па намалоце. Упершыню ў лік тысячнікаў увайшлі сямейныя пары: сужэнцы — Андрэй і Таццяна Бухмілер, Дзмітрый і Валянціна Тарасенкі з Рэчыцкага раёна, а таксама бацька і дачка Сяргей і Настасся Жураў з Брагінскага раёна. У цэлым у вобласці кожны шосты экіпаж мае ганаровае званне тысячніка.

Між іншым, аграрыі рэгіёна нарыхтавалі і неабходную колькасць кармоў для добрай зімоўкі жывёл — па 27,5 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву. Найлепшым у нарыхтоўцы кармоў прызнаны Ельскі раён. Мазырскі дасягнуў самых высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі, радуецца старшыня райвыканкама Алена Паўлечка:

— Нашы людзі вельмі адказныя. Яны нарошчваюць аб'ёмы вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Ад гэтага наўпрост залежыць іх заробак. Ён сёння ў аграпрамысловым комплексе Мазыршчыны складае 1100 рублёў.

Дарэчы, найлепшым прадпрыемствам сезона па зборы збожжавых прызнаны саўгас-камбінат «Зара» Мазырскага раёна. Другое месца паміж сабой падзялілі агракамбінат «Холмеч» Рэчыцкага раёна і прадпрыемства «Палессе-Аграінвест» Петрыкаўскага. А вось раёнаў — лідараў па вытворчасці збожжа сёлета вырашылі не вызначаць.

Намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляслаў Пірштук, які быў абраны дэпутатам ад Рэчыцкай акругі № 44, на абласных «Дажынках» адзначыў, што Гомельшчына зрабіла важкі ўнёсак у агульную скарбонку краіны:

— Прыродна-кліматычныя ўмовы, у тым ліку і нізкая бальнасць зямлі, пастаянна прыносяць пэўныя выпрабаванні гэтай паўднёвай вобласці краіны. І ўсё ж Гомельшчына годна трымае марку. Працаўнікі знаходзяць новыя тэхналогіі: напрыклад, першымі ў краіне асвоілі тэхналогію вытворчасці кукурузы як на сілас, так і на зерне. На Гомельшчыне працавітыя людзі, якія вельмі адказна ставяцца да справы і атрымліваюць той вынік, які супастаўны з іншымі абласцямі. Дарэчы, каб яго атрымаць, тут трэба працаваць удвая больш. Я жадаю, каб вашы даходы раслі прапарцыянальна ўкладзенай вамі працы. Ну і добрага надвор'я налета.

Між тым абласному святу ў Рэчыцы з надвор'ем пашанцавала. Таму з вынікамі працы аграрыяў на выстаўцы падворкаў можна было азнаёміцца падрабязна. Вуліцы горада ператварыліся ў адзін вялікі квартал з гандлёвымі і рамеснымі радамі. Дзеці і дарослыя з задавальненнем фатаграфаваліся на фоне сучаснай сельгастэхнікі, дэгуставалі сёлетнюю прадукцыю і шчыра віншавалі ўсіх працаўнікоў аграрнага комплексу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, Рэчыца

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».