Вы тут

Што рабіць з вянчальнымі атрыбутамі?


Людміла Мікалаеўна з Рэчыцы Гомельскай вобласці пытаецца: «Мы вянчаліся ў царкве, аднак скасавалі свой шлюб. Пасля разводу засталіся пярсцёнкі, ручнік, на якім стаялі пад вянцом, вянчальныя свечкі, абраз — усё гэта захоўваецца ў мяне дома. Муж ажаніўся з другою. Я не замужам, засталася адна. Што рабіць з абрадавымі рэчамі?»


Гэта пытанне можна аднесці да разраду аднаго з самых складаных, звязаных з разуменнем сутнасці шырокага кола традыцыйных абрадаў і ролі тых рэчаў, якія аказаліся ў полі абрадавай практыкі і якія станавіліся абрадавымі атрыбутамі і надзяляліся надзвычайным статусам з адпаведнымі сакральна-магічнымі характарыстыкамі. Кожны атрыбут меў свой рытуал пасвячэння, свой час актыўнага выкарыстання (далейшы лёс) і свой варыянт утылізацыі. Да шматлікіх атрыбутаў, якія суправаджалі сямейна-родавыя абрады, стаўленне было асаблівае. Напрыклад, фату або падвянечную сукенку захоўвалі ўсё жыццё. Нават сёння, калі вясельнае адзенне бяруць напракат, а затым вяртаюць назад у салон, фату (той атрыбут, які ўпрыгожваў галаву нявесты і адначасова выконваў засцерагальна-ахоўную ролю) назаўсёды пакідаюць сабе.

Усе атрыбуты, якія так ці інакш на вяселлі былі звязаны з жаніхом і нявестай, надзяляліся статусам недатыкальнасці: нельга садзіцца на месца маладых, нельга для іх класці посуд, якім нехта ўжо карыстаўся, нельга нікому перадаваць фату, непажадана першую шлюбную ноч праводзіць на ложку, засланым чужой бялізнай, нельга, вярнуўшыся з храма, выходзіць з машыны і станавіцца на голую зямлю, нельга маладым, якія ідуць насустрач бацькам, пераходзіць дарогу (успомніце, колькі разоў гэта робяць фота- і відэааператары)...

Тое ж датычыцца і ручніка, на якім былыя муж і жонка некалі стаялі пад вянцом. Ён уваходзіць у лік сакральных і, адпаведна, недатыкальных атрыбутаў вясельнага абраду.

Прыгадаем сітуацыю, сведкамі якой некалькі гадоў таму мы былі самі. Завяршаецца вянчанне ў праваслаўнай царкве ў Ляхавічах. Святар павязаў рукі маладых і павёў да алтара. Ручнік, на якім стаялі жаніх і нявеста, застаўся без нагляду. Мы накіраваліся да свата сказаць яму, каб акуратна згарнуў ручнік і аддаў хросным бацькам маладых. Нам наперарэз кінулася невялікага росту жанчына (потым аказалася, што гэта цётка нявесты), схапіла яго і з пэўнай доляй злосці даволі гучна сказала: «Не лапайце ручнік чужымі рукамі, каб потым нявесту чужыя мужыкі не лапалі!» Такія словы варты дарагога, яны якраз і прыадкрываюць некаторыя таямніцы светапоглядных уяўленняў, пра якія не часта гаварылі ўслых.

Колькі б часу ні прайшло з той пары, але на ручніку засталася энергетыка жаніха і нявесты, замацаваная адпаведным рытуалам паяднання-злучэння-звядзення. Таму аддаць яго ў храм або каму-небудзь іншаму нельга, гэтаксама як нельга і ператварыць яго ў паўсядзённа-побытавую рэч, скажам, звычайны ручнік-уціральнік. Нельга будзе выкарыстаць яго і другі раз нават у тым выпадку, калі яго ўладальніца будзе другі раз выходзіць замуж: за ім ужо замацавана-прамаркіравана пазнака ня-Долі.

Што датычыцца іншых рэчаў, якія аказаліся своеасаблівымі «заложнікамі» далікатнай сітуацыі. Перш за ўсё — вянчальных свечак. Пасля вянчання іх захоўвалі як адзін з моцных абярэгаў ад сурокаў, ад бяздзетнасці. У выпадку скасавання шлюбу свечкі лепш за ўсё запаліць у той дзень года, калі было вянчанне, і дачакацца, пакуль яны згараць цалкам. Рэшткі воску можна аднесці ў храм і пакласці ў скрынку, дзе складваюць агаркі святочных свечак.

Што датычыцца заручальных пярсцёнкаў, то з іх неабходна зняць памяць аб колішніх уладарах. Вазьміце грамнічную свечку, запаліце і некалькі хвілін патрымайце пярсцёнкі над яе полымем. Агонь, як і вада, здольны нейтралізаваць інфармацыю аб мінулым. Пасля гэтага пакладзіце іх у шкатулку і захавайце як знак вашай сямейнай гісторыі. Але прытым трэба памятаць: гэтыя заручальныя пярсцёнкі не выкарыстоўвалі ў абрадавай практыцы іншых пакаленняў (пераплавіць і зрабіць новыя пярсцёнкі для будучых маладажонаў), з іх непажадана вырабляць нейкія іншыя ўпрыгожанні.

Такім чынам, рытуальнае выкарыстанне атрыбута ў значнай ступені абумоўлена яго ўласнымі функцыянальнымі асаблівасцямі, якія ў побытавым ужыванні маюць іншую, уласна практычную накіраванасць.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Прэв'ю: axiosest.ru

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасавалі рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Палітыка

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

У Рэспубліцы Беларусь прайшоў асноўны дзень выбараў Прэзідэнта

Сёлетнія выбары кіраўніка дзяржавы — шостыя па ліку.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.