Вы тут

Завяршаецца работа над стварэннем Нацыянальнага корпуса беларускай мовы


Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук адзначае юбілей. За 90 гадоў вучонымі былі створаны фундаментальныя працы, многія з якіх не маюць аналагаў у сусветнай мовазнаўчай гісторыі. Сярод іх — 37-томны гістарычны слоўнік беларускай мовы. Работа над ім вялася каля 60 гадоў, цяпер ён прадстаўлены на намінацыю Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Сярэдзіна ХХ — пачатак ХХІ стагоддзя — час, за які даследчыкам удалося многага дасягнуць у вывучэнні беларускіх народных гаворак, што служаць не толькі асновай сучаснай літаратурнай мовы, але і адлюстраваннем духоўнай і матэрыяльнай культуры народа. Дзякуючы намаганням некалькіх пакаленняў вучоных быў сабраны багаты матэрыял, выдадзены комплекс прац па дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі, шэраг рэгіянальных і тэматычных слоўнікаў, хрэстаматый, дыялекталагічных і лексічных атласаў. А сёння вучоныя ўкладаюць «Зводны слоўнік беларускіх народных гаворак», у якім будуць адлюстраваны ўсе тыя моўныя здабыткі народа, які дзесяцігоддзямі старанна збіралі даследчыкі. Слоўнік будзе карысны і тым, хто вывучае беларускую культуру і гісторыю, і тым, хто працуе са словам. На працягу многіх гадоў ідзе работа і над стварэннем шматтомнага этымалагічнага слоўніка, у якім раскрываюцца паходжанне лексікі беларускай мовы, яе суадносіны з лексікай іншых моў. Ужо выдадзена 14 тамоў.


Юбілею ўстановы быў прысвечаны першы Міжнародны кангрэс «Беларуская мова — галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы». Ён сабраў больш за сто навукоўцаў-беларусістаў не толькі з нашай краіны, але і з Расіі, Украіны, Польшчы, Чэхіі, Літвы.

Падчас форуму абмяркоўваліся пытанні, прысвечаныя як гістарычным аспектам, так і сучаснаму функцыянаванню беларускай мовы. Увазе ўдзельнікаў кангрэса была прапанавана і адметная выстаўка па гісторыі беларускага мовазнаўства. Тут можна было ўбачыць шэраг унікальных і рарытэтных выданняў, створаных беларускімі вучонымі за 90 гадоў, сярод якіх «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» і «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы». Трэба сказаць, што цяпер вучоныя працуюць над стварэннем новага, ужо 15-томнага тлумачальнага слоўніка.

Дырэктар Інстытута мовазнаўства кандыдат філалагічных навук Ігар Капылоў адзначыў, што распрацоўкі інстытута маюць не толькі навуковае і практычнае значэнне: яны выконваюць важную ідэалагічную функцыю — спрыяюць вылучэнню нацыянальнай самасвядомасці беларускага грамадства, фарміраванню нацыянальнай ідэі, а таксама міжнароднаму прэстыжу Рэспублікі Беларусь як незалежнай славянскай дзяржавы са сваёй адметнай нацыянальнай мовай і высокім узроўнем лінгвістычнай навукі. Таму комплекснае даследаванне працэсаў фарміравання і функцыянавання беларускай мовы, вывучэнне сучаснага яе стану, сувязі з іншымі мовамі, а таксама падрыхтоўка факталагічнай базы для патрэб сучаснай моўнай практыкі і вучэбнага працэсу з'яўляюцца важнымі, перспектыўнымі і сацыяльна значнымі кірункамі сучаснай гуманітарнай навукі краіны.

Вялікую ролю ў замацаванні літаратурных нормаў беларускай мовы адыграла выданне граматыкі і слоўніка беларускай мовы. Такая работа не спыняецца — з арыентацыяй на новыя тэндэнцыі ў галіне граматыкі і правапісу, якія былі характэрны для беларускай мовы на мяжы ХХ—ХХІ стагоддзяў, быў створаны комплекс граматычных слоўнікаў.

Беларусь — адзіная славянская краіна, у якой правілы мовы замацаваны заканадаўчым актам. Супрацоўнікі інстытута зрабілі важкі ўнёсак у падрыхтоўку Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», зацверджанага Прэзідэнтам нашай краіны. Увядзенне ў дзеянне названага закона мела выключна важнае значэнне для павышэння прэстыжу беларускай мовы як дзяржаўнай, замацавання яе нормаў для забеспячэння адзінага моўнага рэжыму ў адукацыйным працэсе і правапіснага адзінства ў друкаваных беларускамоўных выданнях.

«Дзякуючы нашым мовазнаўцам на пачатку ХХІ стагоддзя беларуская мова з'яўляецца высокаразвітой літаратурнай мовай, якая можа абслугоўваць усе сферы жыцця беларускага грамадства, яе сістэма інтэнсіўна развіваецца, слоўнікавы склад актыўна папаўняецца новымі словамі, удасканальваюцца яе нормы», — заўважыў старшыня Прэзідыума НАН акадэмік Уладзімір Гусакоў.

Праца вучоных інстытута звязана з заканатворчай дзейнасцю. Пры іх непасрэдным удзеле вялася падрыхтоўка Закона аб мовах, Закона аб геаграфічных назвах. З мэтай выканання даручэння Прэзідэнта інстытут у супрацоўніцтве з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі вядзе актыўны пераклад на беларускую мову заканадаўчых актаў. Распрацаваныя супрацоўнікамі інстытута тэарэтычныя асновы пашпартызацыі беларускіх геаграфічных назваў знайшлі шырокае прымяненне пры падрыхтоўцы і выданні нарматыўнага даведніка «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» у шасці тамах — запатрабаванага дапаможніка ў галіне картаграфіі і геадэзіі для розных дзяржаўных службаў і міністэрстваў, выдавецтваў, устаноў і арганізацый. Рэспубліканская тэрміналагічная камісія, створаная пры інстытуце, з'яўляецца цэнтрам па распрацоўцы, сістэматызацыі і ўпарадкаванні навуковай і навукова-тэхнічнай тэрміналогіі на беларускай мове ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры.

Дзякуючы сучасным тэхналогіям з'явіліся і новыя кірункі ў лінгвістыцы, выкананы шэраг інавацыйных праектаў. Напрыклад, падрыхтавана серыя канкардансаў — лексікалагічных даведнікаў, створаных шляхам аўтаматычнай апрацоўкі тэкстаў. Вучоныя Інстытута мовазнаўства супрацоўнічаюць са спецыялістамі Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі.

Завяршаецца работа над стварэннем Нацыянальнага корпуса беларускай мовы. Аналагаў гэтаму фундаментальнаму праекту няма.

Асобнае месца займае кірунак, звязаны з забеспячэннем надзённых патрэб сучаснай моўнай практыкі: даследчыкі праводзяць лінгвістычныя экспертызы. Гэтая дзейнасць мае важнае навукова-практычнае і сацыяльнае значэнне. Толькі на працягу апошняга года спецыялістамі Інстытута мовазнаўства былі падрыхтаваны 1553 лінгвістычныя заключэнні.

Установа актыўна супрацоўнічае з навуковымі лінгвістычнымі цэнтрамі Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Балгарыі, Сербіі, Славеніі, Чэхіі і іншых краін. Вучоныя інстытута бяруць удзел у рабоце над найбуйнейшым праектам у гісторыі сусветнай лінгвагеаграфіі — агульнаславянскім лінгвістычным атласам. Упершыню ў гісторыі славянскага мовазнаўства было праведзена абследаванне ўсіх славянскіх моў на тэрыторыі, якую яны займаюць у Еўропе.

Варта сказаць і пра развіццё перакладной лексікаграфіі — завяршаецца падрыхтоўка першага італьянска-беларускага слоўніка, вядзецца работа над беларуска-англійскім і беларуска-кітайскім.

У адпаведнасці з агульнадзяржаўнымі задачамі па ўмацаванні суверэнітэту Беларусі і захаванні нацыянальных культурных каштоўнасцяў перад інстытутам пастаўлены важныя стратэгічныя мэты і задачы, якія ўключаюць вывучэнне месца і ролі беларускай мовы, забеспячэнне тэарэтычнай і факталагічнай базы для навуковага суправаджэння дзяржаўнага двухмоўя, вяртанне ў сучаснае культурнае поле гістарычнай моўнай спадчыны, пашырэнне беларускай мовы ў сучаснай інтэрнэт-прасторы.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.

Эканоміка

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Будаўніку заплацілі менш, чым дамаўляліся вусна.

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».