Вы тут

Пераход на мясцовыя віды паліва ідзе марудна


У Гродзенскай вобласці з году ў год пераносіцца ўвод кацельняў на мясцовай энергасыравіне. На 2020 год такіх аб'ектаў набралася каля дзясятка. Марудныя тэмпы адмоўна ўплываюць на выкананне праграмы па энергазберажэнні. На праблему звярнулі ўвагу ў КДК Гродзенскай вобласці.


Фота: pixabay.com

Калі папярэднія гады праграма па эканоміі паліва выконвалася, то летась было відавочнае адставанне ад плана. У рэгіёне нявыкананы мэтавы паказчык па энергазберажэнні, такая тэндэнцыя захавалася і ў першым паўгоддзі сёлета.

У камітэце па архітэктуры і будаўніцтве Гродзенскага аблвыканкама падобны спад тлумачаць шэрагам правальных праектаў з боку гігантаў энергаспажыўцоў — прадпрыемстваў «Краснасельскбудматэрыялы» і «Гродна Азот». Заводы не ў поўнай ступені забяспечваюць тыя мерапрыемствы, якія даводзяцца ім мясцовымі ўладамі. Напрыклад, «Краснасельскбудматэрыялы» замест запланаванай 21 тысячы тон умоўнага паліва эканоміла 4,5 тысячы. «Гродна Азот» — выканаў абласное заданне толькі напалову.

У сваю чаргу, кіраўніцтва рэгіёна не ў стане ўплываць на сітуацыю, бо прадпрыемствы маюць рэспубліканскае падпарадкаванне. А тыя планы, якія даводзяць па энергазберажэнні ўласнікі заводаў-гігантаў, значна меншыя за абласныя. Такім чынам атрымліваецца, што ведамасныя планы імі выконваюцца, а вось да абласной праграмы яны значна не дацягваюць. Але справа не толькі ў заводах-гігантах. Лакальныя заданні па эканоміі энергарэсурсаў не выконваюцца і іншымі спажыўцамі. Маўляў, праграма на будучы год фарміруецца яшчэ ў маі бягучага, і многія прадпрыемствы не могуць рэальна ацаніць свае здольнасці.

А між тым, падкрэсліў старшыня КДК Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка, праблема энергазберажэння вельмі актуальная для Беларусі, бо краіна не мае дастатковага рэсурснага патэнцялу. Каб адпавядаць сусветным нормам, трэба ісці па шляху павышэння энергаэфектыўнасці і павелічэння ўласных паліўна-энергетычных рэсурсаў. Тым больш што ў краіне зацверджана адпаведная праграма па энергазберажэнні, якая разлічана да 2020 года.

У КДК прааналізавалі, як ідзе будаўніцтва кацельняў на мясцовых відах паліва. І аказалася, што іх увод у эксплуатацыю пераносіцца з году ў год. Такім чынам, сёлета ў сувязі з пераносам трэба здаць пяць аб'ектаў, а налета — восем. Іх сумарная магутнасць складае 66 % усіх аб'ектаў пяцігодкі. У дзяржкантролі лічаць, што завяршыць у тэрмін здачу запланаваных аб'ектаў проста нерэальна.

— Ужо цяпер бачна, што і ў будучым годзе праграма пад пагрозай, — лічыць Анатоль Дарожка. — Напрыклад, невядома, як будзе будавацца кацельня ў гарадскім пасёлку Рось магутнасцю 21 мегават. На аб'ект няма праекта, не вызначаны крыніцы фінансавання.

Пакуль здадзена толькі дзве кацельні з пяці — у Навагрудскім і Ваўкавыскім раёнах, да таго ж з адставаннем ад графіка. Яшчэ тры кацельні перанесены на снежань гэтага года. А вось самая буйная энергакрыніца ў Росі пакуль у падвешаным стане, хоць кацельня ўнесена ў дзяржаўную праграму ў лік аб'ектаў, якія фінансуюцца за кошт сродкаў Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.

Зрэшты, будучыя ўласнікі — Ваўкавыская ЖКГ — выступаюць супраць будаўніцтва аб'екта. Маўляў, у населеным пункце ёсць некалькі кацельняў, якія забяспечваюць патрэбу ў энерганосьбітах, да таго ж могуць узнікнуць праблемы з пастаўкай паліўных шчэпак. Між тым у Росі назіраецца рост насельніцтва, тут будуецца амаль што новы пасёлак, і патрэба ў паліўных рэсурсах значна вырасце.

Самае недарэчнае, калі не выконваюцца мерапрыемствы, у якія ўкладзены сродкі. Справа датычыцца менавіта мясцовых відаў паліва. Некаторыя прадпрыемствы наогул адмаўляюцца ад прапаноў па энергазберажэнні ў гэтым кірунку. А між тым рэзервы ёсць ва ўсіх, упэўнены намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Андрэй Мінько. У гэтым сэнсе станоўча спрацавалі жыллёва-камунальныя службы, хоць ім павялічылі заданне ў два разы. Узнікае пытанне: адкуль эканомія? Ці не за кошт спажыўцоў?

— Гэта не значыць, што трэба адключаць ацяпленне ці знізіць спажыванне, — кажа Андрэй Мінько. — Эканомія складаецца з шэрагу мер — вокны памяняць, зрабіць цеплавую мадэрнізацыю, магчыма, крыніцу энергіі ўдасканаліць. Дарэчы, амаль палова кацельняў у сістэме ЖКГ пераведзена на мясцовыя віды паліва. Таксама ў гэтым сезоне звернута асаблівая ўвага на правільнае захаванне дроў і шчэпак.

Як паведамілі ў КДК, пытанні энергазберажэння патрабуюць пільнага кантролю. Пакуль праблема не мае сістэмнага падыходу і ўсебаковага аналізу. Магчыма, гэта адбіваецца на выкананні плана. Напрыклад, летась у вобласці не забяспечана эканомія 141 тысячы тон умоўнага паліва. Далёка не ўсе спажыўцы выканалі даведзеныя заданні нават пасля таго, як план быў значна скарэктаваны. Аналагічная сітуацыя назіраецца і сёлета. За паўгода аб'ём эканоміі склаў 86 % ад плана, што сведчыць аб нерацыянальным выкарыстанні паліўных рэсурсаў, сцвярджаюць у КДК Гродзенскай вобласці.

Маргарыта Ушкевіч

Загаловак у газеце: Ці ёсць патрэба ў кацельнях?

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.