Вы тут

Як застацца людзьмі пасля разводу


Нядаўна тата Ігната Шымановіча забраў сына з дзіцячага прытулку. Бацькі хлопчыка разышліся яшчэ ў 2013 годзе пасля 16 гадоў сумеснага жыцця. Ігнату на той момант было ўсяго пяць гадоў, сёння яму ўжо адзінаццаць. Некалькі месяцаў таму ён апынуўся ў прытулку, бо яго бацькі ніяк не могуць дамовіцца, з кім яму лепш жыць. За «вайной» сужэнцаў назірала ўся краіна. Там былі бясконцыя суды, абвінавачванні і выкраданні. На самай справе ўжо не важна, хто ў чым вінаваты. Іх агульныя дзеці некалькі гадоў назіраюць, як два дарослыя, родныя ім чалавекі варагуюць паміж сабой. Ні суд, ні міліцыя, ні органы апекі не змаглі дапамагчы бацькам адумацца. Хоць на самай справе магчымасць дамовіцца заўсёды ёсць, калі гэтага хочуць абое. Ёсць і людзі, якія нават прафесійна дапамагаюць гэта зрабіць. Ужо са студзеня 2014 года працуе Закон Рэспублікі Беларусь «Аб медыяцыі». З'явілася магчымасць пазасудовага вырашэння грамадзянскіх спрэчак. Спецыялісты «Медыятыўнага бюро» расказалі, з якімі праблемамі да іх часцей за ўсё звяртаюцца і як зберагчы цывілізаваныя адносіны з былым сужэнцам.


Фота: antimult.ru

— Медыятар — чалавек абавязкова з вышэйшай адукацыяй, які прайшоў дадатковую спецыяльную падрыхтоўку і атрымаў пасведчанне медыятара Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, — расказвае медыятар, педагог Кацярына МІХАЙЛАВА. — Асноўная задача медыятара — арганізацыя перамоў, падрыхтоўка да перамоў і іх правядзенне. Медыятар кіруе працэсам канфлікту і выводзіць яго ў прадукцыйнае рэчышча. Да нас часцей за ўсё людзі прыходзяць ужо ворагамі, у іх настолькі глыбокі разрыў, што яны не бачаць выйсця. Але нам вядомыя ўсе гэтыя працэсы, і медыятар становіцца часткай рашэння, а не часткай канфлікту.

— З якімі спрэчкамі да вас звяртаюцца часцей за ўсё?

— З камерцыйнымі спрэчкамі, а гэта невыкананне дагавора, спрэчкі паміж заснавальнікамі, карпаратыўныя спрэчкі, — расказвае медыятар, юрыст Наталля ГАНЧАРОВА. — Звяртаюцца і з грамадзянскімі спрэчкамі — гэта, напрыклад, розныя суседскія сваркі ці раздзел спадчыннікамі домаўладання. Але самыя частыя звароты — канфлікты пры падзеле маёмасці ў выпадку скасавання шлюбу, спрэчкі былых сужэнцаў аб удзеле кожнага ў выхаванні дзіцяці, пытанні выезду за мяжу дзяцей або з кім з бацькоў малым праводзіць канікулы. Усе гэтыя пытанні ў медыяцыі вырашаюцца проста, а пагадненні звычайна лёгка выконваюцца, таму што бакі дамаўляюцца добраахвотна. Людзям не патрэбна звяртацца па прымусовае выкананне дамоўленасцяў, нікому не даводзіцца аплачваць адміністрацыйныя штрафы за тое, што не здолеў своечасова перадаць дзіцяці. У нас такога няма, бо бакі сыходзяцца на тым графіку, які задавальняе ўсіх. На жаль, да нас прыходзяць ужо пасля таго, як прайшлі агонь, ваду і медныя трубы. Толькі потым дзівяцца: аказваецца, ёсць магчымасць дамовіцца не ламаючы коп'яў.

— Звычайна да медыятараў пары звяртаюцца пасля скасавання шлюбу ці падчас шлюбаразводнага працэсу?

— Тут розныя выпадкі бываюць, — гаворыць медыятар, псіхолаг Алена ЛЯСНАЯ. — Бывае, людзі настроіліся на суд і пра медыяцыю не ведаюць. Калі да нас прыходзяць людзі да суда, то ім бывае цяжка дамовіцца, бо кожны перакананы, што перамога ў судзе за ім. У выніку часта адбываецца так, што абодва бакі пасля суда і становяцца ўжо амаль смяротнымі ворагамі, якім усё ж трэба выхоўваць агульных дзяцей. Ідуць да нас як да апошняй надзеі, хоць маглі б пазбегнуць судоў і новых крыўдаў.

— У судзе былыя муж і жонка змагаюцца адно з адным, — дадае медыятар, юрыст Аляксандр САРОКІН. — У медыяцыі ж яны становяцца партнёрамі на шляху вырашэння агульнай праблемы. Яны прымаюць рашэнне самі, а медыятар проста дапамагае ім знайсці агульную мову. Калі канфлікт моцны, то мы згладжваем яго. Бываюць варыянты, калі людзі проста фізічна не могуць бачыць адно аднаго, тады працуем паасобку, распрацаваныя дамоўленасці паступова параўноўваюцца, уносяцца карэктывы, і толькі пасля гэтага падпісваецца пагадненне.

— Калі казаць аб устанаўленні парадку зносін бацькоў з дзіцем, то часта былыя муж і жонка, прыходзячы да нас, вылучаюць толькі патрабаванні, — тлумачыць Алена Лясная. — Але калі пачынаеш задаваць пытанні: чаму, навошта, для чаго, то аказваецца, што ў абаіх ёсць агульны інтарэс — любоў да свайго дзіцяці і страх яго страціць... У працэсе разводу бацькі часта «рвуць» сваё ўласнае дзіця на часткі, і калі ўдаецца ім гэта паказаць, то яны звычайна мяняюць свой настрой і робяць неабходнае, каб дзіця развівалася і мела зносіны з кожным з іх. Канешне, ёсць і больш складаныя сітуацыі, калі за зацікаўленасцю мець зносіны з дзіцем хаваецца жаданне кантраляваць былога сужэнца. Часта гэта адбываецца падсвядома. Мы прагаворваем сітуацыю, і чалавек разумее, што, нягледзячы на развод, у яго яшчэ не скончыліся адносіны. Так здараецца з людзьмі нярэдка, бо пры падачы заявы на развод адзін бок звычайна ўжо ўсё для сябе вырашыў, а другі — не. Таму яны знаходзяцца на розных стадыях адпрацоўкі праблемы. І калі атрымліваецца іх прывесці да агульнага разумення, то дасягнуць дамоўленасцяў становіцца прасцей. Але бываюць і дзіўныя сітуацыі. Памятаю, як звярнуліся да нас маладыя сужэнцы падчас шлюбаразводнага працэсу, каб дамовіцца, хто, як і калі будзе даглядаць дзіця. Мужчына хацеў, каб іх агульны сын жыў з ім, бо ў яго былі створаны для гэтага ўсе ўмовы і зарабляў ён больш, чым жанчына. Але жанчына таксама хацела, каб дзіця жыло з ёй, бо малому было ўсяго тры з паловай гады і яна нічога дрэннага не зрабіла, каб ў яе адабралі дзіця. Мы тады вырашылі працаваць над тым, каб час выхавання малога быў падзелены хоць бы напалову. Пакуль працавалі, я ўсё ніяк не магла зразумець, чаму яны разводзяцца. Памятаю, як здзіўлена спытала: няўжо яны з-за дробязяў хочуць разысціся. Мы ўсё ж дапамаглі ім падзяліць час на выхаванне дзіцяці і разышліся. А праз некаторы час яны патэлефанавалі і папрасілі ў мяне кантакты добрага сямейнага псіхолага. Ведаю, што яны сышліся і жывуць разам.

— Дапусцім, бацькі дагаварыліся. Але ж дзеці вырастаюць і могуць самі парушыць бацькоўскія дамоўленасці...

— У такіх выпадках бацькам, канешне, лепш выступаць адным фронтам, — адказвае Кацярына Міхайлава. — Памятаю пару, якая засталася для мяне эталонам цывілізаванасці. Гэтыя людзі ўжо развяліся і жылі паасобку. Час з дзіцем і месца жыхарства былі размеркаваны. Але здарылася нечаканае для іх дванаццацігадовай дачкі: маці зноў пакахала мужчыну. Яны збіраліся пераехаць у новы горад. Дачка пабаялася прызнацца маме, што хоча застацца жыць з бацькам. Але калі дзяўчына паехала на выхадныя да таты, то проста не вярнулася назад да маці. Для жанчыны гэта быў шок. Яны з былым мужам, канешне, пасварыліся і нават заяву ў суд напісалі, але цвярозы розум перамог, і яны прыйшлі ў медыяцыю дамаўляцца. Жанчына адчувала сябе вельмі разгубленай, баялася страціць адносіны з дачкой. У бацькі ж былі ўсе козыры — дачка выбрала яго! Прынцып раўнапраўя медыяцыі быў парушаны. Але нам удалося падтрымаць жанчыну. У пагадненні вызначалася не тое, як маці будзе мець зносіны з дачкой, а тое, як будзе мець з ёй зносіны кожны з бацькоў. Разважалі так: сёння дзяўчынка хоча жыць з татам, а ў пераходным узросце пакрыўдзіцца на яго і паедзе да мамы. Мужчына разумеў, што так можа здарыцца, і таму пагадзіўся на больш справядлівыя ўмовы для ўсіх.

— А ці здараюцца «правалы», калі медыяцыя не атрымліваецца?

— Так, асабліва калі адзін з бакоў выкарыстоўвае медыяцыю як маніпуляцыю, як жаданне паўплываць на другі бок, — тлумачыць Алена Лясная. — Да нас звярнулася жанчына, якая была ў даволі працяглым канфлікце з былым мужам, яны ўжо нават не размаўлялі. Яна ж хацела раз'ехацца. Мужчына згадзіўся на медыяцыю, але, як потым стала зразумела, каб проста пагаварыць з ёй. Гэта была якраз тая сітуацыя, калі ў яго не скончыліся адносіны... Яшчэ дамаўляцца не могуць маніпулятары. Яны прыходзяць у медыяцыю, каб адстаяць сваю пазіцыю, надламаць і прыціснуць другі бок. Мне здаецца, што многія «маніпулятары» проста не мелі досведу цывілізаваных дамоўленасцяў. Яны інакш і не ўмеюць. Ім трэба прайсці ўсе суды і інстанцыі, прайграць, і толькі тады яны будуць гатовыя чуць, адкрывацца медыятару і ісці дамаўляцца. Гэта ўжо асабісты рост для чалавека... Немагчыма дамаўляцца з алкаголікамі і наркаманамі, таму што гэтыя людзі не прытрымліваюцца таго, аб чым дамовіліся. Таксама мы не працуем з гвалтам, калі адзін бок можа націснуць на другі. Медыяцыя мае прынцып роўнасці, і калі мы бачым, што адзін з бакоў знаходзіцца ў сузалежных адносінах або ў адносінах, дзе адчувае сябе прыгнечаным, то медыяцыю таксама не праводзім.

— Як усё ж расстацца былым сужэнцам так, каб зберагчы хоць б мінімальныя цывілізаваныя адносіны?

— Калі пара ўзаемна вырашыла скасаваць шлюб, то самае разумнае рашэнне — скласці перад падачай заявы на развод шлюбны кантракт. Усё ў ім прапісаць: з кім будуць жыць непаўналетнія пасля разводу, калі і як будуць сустракацца з бабулямі і дзядулямі з розных бакоў, які будзе памер аліментаў на ўтрыманне дзяцей і каму што адыходзіць з маёмасці. Пасля разводу кантракт уступіць у законную сілу.

Злева направа: Алена Лясная, Кацярына Міхайлава, Аляксандр Сарокін, Наталля Ганчарова

Мы разумеем, што калі двое разводзяцца, то агульнай мовы паміж імі практычна няма. Таму дзяржава зараз падтрымлівае медыятыўную службу. Людзям у канфлікце неабходны кваліфікаваныя перагаворшчыкі, якія дапамогуць тую агульную мову знайсці.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.