Вы тут

«Залаты шлягер — 2019» сказаў «бывай», але абяцаў вярнуцца


Феерычны, фантастычны, па-сямейнаму цёплы — гэты фестываль амаль аднагодка незалежнай Беларусі. Налета «Залатому шлягеру» спаўняецца роўна 25 гадоў.


Музычны форум створаны пры падтрымцы Прэзідэнта Беларусі і штогод пачынаецца з яго віншавальных радкоў. Шмат цёплых слоў было сказана і сёлета са святочнай сцэны міністрам культуры Беларусі Юрыем Бондарам і губернатарам вобласці Леанідам Зайцам. Плёну і натхнення пажадаў на адкрыцці свята пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў. Пры такой магутнай падтрымцы фестываль проста не мае шанцаў на знікненне.

Магчыма, сёлета было крыху меней гасцей і не такі шырокі, як у мінулыя гады, быў размах, але ж цеплыні і шчырасці хапіла на ўсіх. Вялікая зала абласнога Палаца культуры на больш чым тысячу месцаў была цалкам запоўнена на ўсіх «шлягерных» канцэртах. Па законах жанру, калі карціна амаль завершана, карысна яшчэ раз паглядзець на яе збоку і дадаць некалькі апошніх штрыхоў. Гэтыя штрыхі-замалёўкі падрыхтавала карэспандэнт «Звязды».

«Вой, а хто гэта дзяўчынка?» — Таццяну Буланаву нават адразу не прызналі ў прэс-цэнтры. 50-гадовая артыстка ў спартыўным касцюме хутчэй нагадвала падлетка, чым сталую жанчыну. Такое ўражанне, што яна амаль не змянілася з тых далёкіх 90-х, калі яе засмучанае «Не плач» спявала амаль уся жаночая частка насельніцтва ўжо былой савецкай краіны. Сёння спявачка вельмі дэмакратычная ў жыцці — карыстаецца грамадскім транспартам, ходзіць па крамах без аховы: сцвярджае, што мае дар пераўвасаблення і здольнасць рабіцца непрыкметнай. Сціпла заўважае, што яе песні можна лічыць «залатымі шлягерамі» толькі ўмоўна, а сама яна застаецца прыхільніцай музыкі 80-х, у прыватнасці творчасці Вячаслава Дабрыніна. Буланава заўсёды балюча перажывае, калі пра яе пішуць негатыў ці скажаюць яе словы, але ставіцца да гэтага мудра: якая-ніякая, а рэклама. У асабістым жыцці, кажа спявачка, радасці мала — цяпер, напрыклад, яна перажывае наступствы другога разводу. Але гэты прабел кампенсуе любоў гледачоў. Дарэчы, яшчэ 15 гадоў таму Таццяне на канцэрце падарылі маленькае кацяня, якое стала паўнавартасным членам сям'і і з'яўляецца ім дагэтуль.

Саліст гурта «Любэ» Мікалай Растаргуеў адразу ж папярэдзіў: пра хваробу і асабістае жыццё расказваць не будзе. Затое павесяліў мілым кур'ёзам са свайго творчага жыцця. Неяк «Любэ» па запрашэнні прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона выступала на цэнтральнай плошчы Кішынёва. Калі заспявалі сваё знакамітае «За тебя, до донышка...», ледзь не асекліся — вунь, аказваецца, пра што песня, — мільганула ў галаве. А самымі якаснымі шлягерамі лічыць тыя, якія былі зроблены ў 1960-я: «Цудоўная музыка. Ва ўсім свеце тады быў пад'ём. Нават праект «Старыя песні аб галоўным» палюбіўся многім толькі таму, што там быў якасны песенны матэрыял».

Беларуская поп-фольк-група «Лялькі Карпарэйшн» яшчэ вельмі маладая, каб гаварыць пра свае шлягеры. Зрэшты, адзін ужо дакладна ёсць — «Сэрца беларуса» на словы і музыку беларускага кампазітара Алега Жукава. Квартэт цёпла прымаюць у Прыбалтыцы і нават блытаюць з «Сябрамі» — у зман уводзяць стылізаваныя беларускія касцюмы, мова і ветлівае слова «сябры». Саліст групы Мікіта Рубацкі прыгадаў, як сёлета ў Літве адна «мудрага ўзросту дама» пасля канцэрта спыталася: «Гэта вы і ёсць той самы першы склад «Сяброў»?»

Сумесныя нумары — асаблівасць сёлетняга «шлягера». Так, модны — і хай вас не бянтэжыць наступнае словазлучэнне — беларускі англамоўны дуэт «Атлантыка» выступіў у супрацоўніцтве з Кевінам МакКоем, салістам вядомага нямецкага дыска-гурта 90-х Bad Boys Blue, Іскуі Абалян спела на пару з Ігарам Саруханавым, Сасо Паўліашвілі пранікнёна выступіў з Інай Афанасьевай. Старыя хіты, як той казаў, на новы манер.

Джо­андр Сан­тас  з рус­кай жон­кай Ка­ця­ры­най.

...Калісьці фестываль адкрываў новыя імёны ў прамым сэнсе слова: тут праходзіў конкурс маладых выканаўцаў. На жаль, цяпер яго няма. Але новыя імёны ў афішы — абавязковае правіла. Адзін з тых, хто сёлета звярнуў на сябе ўвагу, — джазмен з Бразіліі Джоандр Сантас. На «Залаты шлягер» Джоандр прыехаў разам са сваёй рускай жонкай Кацярынай. Тры гады таму яны пазнаёміліся ў Егіпце, дзе абодва знаходзіліся па рабоце: Кацярына займаецца турызмам, а Джоандр музыкай — гэта іх і зблізіла. Цяпер яны падарожнічаюць па джаз-фестывалях і шукаюць новыя тэмы для натхнення. Год таму пабывалі на вечары джаза ў Мінску і Джоандр вельмі спадабаўся публіцы. У Магілёве сужэнцы зацікавіліся паланэзам Агінскага. Магчыма, наступным разам нас парадуюць аранжыроўкамі беларускіх твораў?

Не забыўся «шлягер» і пра былых сваіх удзельнікаў, якія, на жаль, пайшлі з жыцця. Валянціна Талкунова, Аляксандр Ціхановіч, Ігар Лучанок, Валерый Абадзінскі, Муслім Магамаеў, Віктар Вуячыч, Іосіф Кабзон... Іх фота можна было ўбачыць на выстаўцы, падрыхтаванай абласным інфармацыйным агенцтвам «Магілёўскія ведамасці». І як даніна памяці — відэарад аўтараў і выканаўцаў шлягераў ХХ стагоддзя на вялікім экране падчас гала-канцэрта.

Новымі карцінамі папоўнілася мастацкая калекцыя «Залатога шлягера». На працягу апошніх некалькіх гадоў пад кіраўніцтвам беларускага мастака і кераміста Анатоля Концуба рэалізуецца незвычайны праект: майстар бярэ ў артыстаў своеасаблівае інтэрв'ю ў фарбах, або, як ён яшчэ гэта называе, музычны аўтограф. Прапануе артыстам нешта намаляваць самім або закончыць адну з яго нарыхтовак. Атрымліваецца арыгінальна. Сёлета Таццяна Буланава сонейка намалявала, а Піт Джэйсан з «Прэм'ер-міністра» — джокера. Джоандр Сантас сімвалічна ўпісаў у беларускі пейзаж пальмы і назваў свой твор на беларуска-бразільскі манер «Белазіл».

Нэлі ЗІГУЛЯ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».

Грамадства

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Як «Чырвонка. Чырвоная змена» дае дарогу будучым журналістам

Мы заўсёды чакаем найперш ініцыятыўных, здольных нешта прапанаваць. І такія маладыя людзі заўсёды будуць пачуты.