Вы тут

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта


Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.

Толькі за апошнія дзесяць гадоў вучонымі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук адкрыты і даследаваны сотні археалагічных аб'ектаў па ўсёй краіне. І ў найбліжэйшы час перад даследчыкамі стаіць задача па стварэнні археалагічнай карты на падставе суцэльнага вывучэння ўсёй тэрыторыі краіны. На яе будуць нанесены ўсе вядомыя помнікі археалогіі і зоны аховы. Таксама наспела пытанне аб прысваенні археалагічным фондам статусу нацыянальнага здабытку.


Археолагамі інстытута праведзены шырокамаштабныя выратавальныя даследаванні ў зонах будаўніцтва Гродзенскай і Віцебскай ГЭС, атамнай станцыі, Нежынскага калійнага камбіната, другой Мінскай кальцавой аўтадарогі, а таксама падчас добраўпарадкавання абласных і раённых цэнтраў краіны. Развіваюцца новыя кірункі — напрыклад, падводная і архітэктурная археалогія...

Калі ў нас з'явіліся славяне?

Як развівалася тэрыторыя Беларусі ў перыяд Вялікага перасялення народаў, хто прыбываў на нашы землі, адкуль узяліся славяне, ці паўплывалі вікінгі на фарміраванне першых дзяржаўных славянскіх утварэнняў — вось толькі некаторыя тэмы, што цікавяць беларускіх вучоных. Як расказала падчас ІV Міжнароднага кангрэса гісторыкаў, прысвечанага 90-годдзю Інстытута гісторыі НАН Беларусі, загадчык сектара археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Вольга Ляўко, ужо назапашаны пэўны матэрыял, які дазваляе не толькі ставіць пытанні, але і даваць на іх адказы, набліжацца да сучаснага разумення тых далёкіх гістарычных эпох і іх узаемасувязі. За апошнія тры гады даследчыкамі знойдзена багата матэрыялу, які неабвержна сведчыць, што славянскі этнас фарміраваўся і на тэрыторыі паўднёва-заходняй Беларусі. Прычым выяўлена даволі многа комплексаў, а гэта паказвае, што рассяленне насельніцтва, якое мае славянскія рысы, было дастаткова інтэнсіўнае...

Выяўлены і сістэматызаваны раней невядомыя помнікі славянскай гісторыка-культурнай спадчыны ў Дзяржынскім раёне (комплекс «Васілеўшчына»). Сенсацыйнымі сталі адкрыцці Кардона на Шуміліншчыне — гэты ўнікальны для Усходняй Еўропы помнік VІІІ—Х стагоддзяў на шляху «з варагаў у грэкі», на 200 гадоў старэйшы за шырокавядомае Гнёздава пад Смаленскам.

У Жыткавіцкім раёне адкрытыя самыя старажытныя славянскія матэрыялы, якія датуюцца ІV стагоддзем нашай эры і сведчаць, што славяне з'явіліся на тэрыторыі Беларусі на 200 гадоў раней, чым лічылася дагэтуль. Праведзеныя за апошнія два гады даследаванні на тэрыторыі іншых раёнаў пацвярджаюць гэта адкрыццё.

Упершыню ў айчыннай гістарычнай навуцы цалкам даследаваны ўнутраная пляцоўка і абарончыя ўмацаванні на гарадзішчы мілаградскай культуры каля вёскі Вобчын Любанскага раёна. На археалагічным комплексе Асавец у Бешанковіцкім і Сенненскім раёнах атрыманы ўнікальныя касцяныя і бурштынавыя артэфакты. Важныя для археалагічнай навукі матэрыялы знойдзены падчас раскопак каля вёскі Бірулі ў Докшыцкім раёне і на археалагічным комплексе на рацэ Менка (у Мінскім раёне).

Інавацыі ў пошуку

За апошняе дзесяцігоддзе супрацоўнікамі Інстытута гісторыі ўведзены ў навуковы абарот сотні раней невядомых дакументальных крыніц, што дазволіла значна пашырыць тэмы навуковых даследаванняў, удакладніць ранейшы змест і ўяўленні па многіх праблемах гісторыі, археалогіі і антрапалогіі.

Так, выяўлены дакументы, якія дазволілі ўдакладніць час паступлення Францыска Скарыны ў Кракаўскі ўніверсітэт, два раней невядомыя дакументы Сімяона Скарыны (сына Францыска), а таксама паперы, якія сведчаць аб сустрэчы Францыска Скарыны з Марцінам Лютэрам, аўтограф і выява асабістай пячаткі беларускага гуманіста Васіля Цяпінскага.

З 2012 года сумесна з калегамі з Цэнтра напалеонаўскіх даследаванняў Францыі ладзіцца археалагічная экспедыцыя на месцы пераправы войскаў Напалеона цераз Бярэзіну падчас вайны 1812 года.

Ваеннымі гісторыкамі інстытута ўпершыню сабраны і ахарактарызаваны комплекс айчынных і замежных дакументальных і гістарыяграфічных крыніц, якія адлюстроўваюць маштабы і ступень удзелу беларусаў і жыхароў рэспублікі ў войнах і ваенных канфліктах ХХ стагоддзя. Варта згадаць пра зборнік дакументаў у шасці кнігах «Краіна ў агні». Над гэтым праектам акадэмічныя гісторыкі сумесна з расійскімі калегамі працавалі амаль дзесяць гадоў.

Наогул, за апошняе дзесяцігоддзе вучоныя інстытута апублікавалі звыш 300 кніжных выданняў, больш за чатыры тысячы навуковых артыкулаў.

Адзін з інавацыйных праектаў, якім могуць пахваліцца супрацоўнікі Інстытута гісторыі, звязаны з Нацыянальным паркам «Белавежская пушча». Упершыню ў гістарычнай навуцы выяўлены шэраг унікальных гістарычных, археалагічных, этнаграфічных матэрыялаў. Да таго ж выпрацаваны канкрэтныя рэкамендацыі па практычным выкарыстанні гісторыка-культурнай спадчыны. Як вынік, папулярны ў турыстаў куток Беларусі пачаў знаёміць гасцей не толькі з прыроднымі багаццямі, але і з тутэйшай гісторыяй. У Белавежскай пушчы з'явіўся археалагічны музей пад адкрытым небам, аналагаў якому яшчэ не было ў суседніх дзяржавах. Гарадзішча позняга бронзавага і ранняга жалезнага веку, пабудаванае на аснове навуковых даследаванняў, — толькі пачатак вялікага праекта. У далейшым тут можна будзе знаёміцца з пабудовамі і прадметамі побыту розных археалагічных культур, даведвацца пра матэрыяльнае і духоўнае жыццё старажытнага насельніцтва.

Падчас маштабных работ па добраўпарадкаванні радзівілаўскага палаца ў Нясвіжы даследчыкамі ўпершыню былі вывучаны канструктыўныя асаблівасці планіроўкі профілю рва і сцен бастыёнаў, на аснове якіх распрацаваны і рэалізаваны праекты іх рэканструкцыі па стане на ХVІ—ХVІІ стагоддзі.

Акадэмічнымі антраполагамі ўпершыню рэканструявана аблічча малалетняга прадстаўніка полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў, чые парэшткі былі выяўлены археолагамі ў кургане ХІІ стагоддзя ў Друцку Талачынскага раёна. Навукоўцы таксама выявілі характэрныя антрапалагічныя рысы старажытнага і сучаснага насельніцтва полацкай зямлі. Вучоныя працягнуць развіваць антрапалагічную рэканструкцыю з выкарыстаннем сучасных камп'ютарных тэхналогій. Таксама камп'ютары будуць выкарыстоўвацца для стварэння электронных фондаў інстытута — баз даных, архіваў, публікацый, справаздач, графічных матэрыялаў, што дазволіць павялічыць інфармацыйную забяспечанасць даследаванняў.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.