Вы тут

Чым карысныя суседскія вайбер-суполкі


Першая сустрэча з суседзямі падчас атрымання ключоў ад новай кватэры звычайна праходзіць на ўздыме. Усе шчаслівыя, што дачакаліся запаветных «метраў», таму вельмі лёгка знаёмяцца паміж сабой. І я не выключэнне. Атрымаўшы ключы ад кватэры, адразу ж далучылася да вайбер-групы, якую стварылі актыўныя суседзі. Мэта групы была простая: прыбраць тэрыторыю і пад'езды разам, арганізавана. Але праз год гэты чат змог аб'яднаць вакол сябе суседзяў цэлага квартала.


Дзеці з бацькамі падчас свята двара.

Памятаю, як пасля суботніка нехта з групы прапанаваў правесці маленькае свята для дзяцей: маўляў, многія малыя саромеюцца знаёміцца паміж сабой, а так, на свяце, побач з бацькамі ім будзе лягчэй. Скінуліся грашыма на аніматара, батут, прысмакі, і ў пэўны час усе, хто засяліўся, выйшлі на двор. Гэта было сапраўднае свята для малых! Яны хутка перазнаёміліся і знайшлі новых сяброў. Дзеці больш не сумавалі кожны ў сваёй кватэры. На наступны дзень яны ўжо хадзілі ў госці адзін да аднаго, разам гулялі ў двары.

— Гэтае свята вельмі аб'яднала суседзяў, — гаворыць адна з актывістак дома, Алена ФРАЛОВА. — Мы спадзяваліся, што яно стане традыцыяй. Сапраўды так і выйшла. Людзі ўжо ведалі, хто стаіць за пэўнай аватаркай у вайбер-групе.

Больш за тое, людзі сталі бліжэй знаёміцца і сябраваць. Усе ведалі, што ў Веры з другога пад'езда добра атрымалася падрыхтаваць свята і, калі трэба, яна параіць, куды звяртацца, каб арганізаваць незабыўны дзень нараджэння малых. Валя з чацвёртага шые неверагоднай прыгажосці лялькі, а Віктар-будаўнік можа даць парады па рамонце. Знайшліся прадпрымальнікі, цырульнікі, электрыкі... Можна працягваць бясконца — у доме каля 200 кватэр. З кожным днём усё больш жыхароў далучалася да групы ў вайберы. Там можна было ўбачыць паведамленні накшталт: «каму патрэбны кнігі, прыходзьце ў другі пад'езд, ляжаць у скрыні», «прывезла з дачы зашмат алычы — разбірайце», «перабіраю дзіцячыя рэчы — каму патрэбна задарма адзенне на пяцігадовую дзяўчынку?» і іншыя.

— Аднойчы я пачула ад суседкі, што яна не мае часу нават схадзіць на рынак агуркоў купіць, — успамінае Алена.— Я ёй вельмі спачувала, бо ў самой пяцёра дзяцей і я ведаю, як гэта цяжка — цягнуцца з малымі ў краму. Вось тады ў мяне і мільганула думка дапамагчы і сабе, і ёй.

Сама Алена з'яўляецца ўдзельніцай многіх груп у інтэрнэце. Жанчына ўспомніла, што бачыла аб'яву аб продажы агуркоў. Стала шукаць і знайшла таго фермера. Але агуркоў у яго было зашмат, таму жанчына прапанавала набыць іх усім суседзям.

— Чакалі з нецярпеннем гэтую гародніну, я чула шмат падзяк за арганізацыю і знаходлівасць, але... Фермер не прыехаў і не адказваў на тэлефонныя званкі. Я разгубілася, было сорамна перад суседзямі за свае абяцанні. Але мяне ніхто не асудзіў, наадварот падтрымалі, і тады я вырашыла, што абавязкова знайду ім агуркі. І знайшла, праўда не такія танныя, але прывезлі іх літаральна да пад'езда. Выкупілі ў чалавека ўсе, нават не хапіла. А я так натхнілася, што вырашыла пашукаць яшчэ і клубніцы, — расказвае Алена.

Суседзі раскупілі ягады за паўгадзіны і ў вайберы дзяліліся ўражаннямі. Неўзабаве і жыхары суседніх дамоў сталі заўважаць, што ў адзін з двароў часта прыязджаюць машыны з ягадамі, і сталі прасіцца ў групу дома. Тады Алена зразумела, што трэба стварыць асобную групу па закупках. Так і зрабіла. Часта жанчыне не прыходзілася нікога шукаць: фермеры пісалі самі. Яны ехалі ў пэўны дзень у Мінск і па дарозе заязджалі ў двор. Здаралася, што пасля продажы каля дома прадаўцам было нечага везці на рынак. У хуткім часе пачалі прывозіць не толькі гародніну і ягады, але і мяса, сыры, мёд, яйкі, арэхі...

— Гэтыя прадукты не заўсёды таннейшыя, чым у краме ці на рынку, затое нікуды ісці не трэба. У групе прапануюць агародніну і самі суседзі. Напрыклад, ужо некалькі разоў прыязджаў дзядуля аднаго з жыхароў дома. У яго вялікі яблыневы сад, дык ён нам яблыкі прывозіць па рублі — гэта ў два разы танней, чым прапануюць фермеры. Таму наш дзядуля карыстаецца папулярнасцю. Яшчэ набываем найсмачнейшае дамашняе сала па 10 рублёў, а смакаты на ўсе 100! Сыр тварожны, запечаны таксама таннейшы, чым у краме, і ўсё дамашняе са свежага малака. Бульбу і цыбулю суседзі самі з лецішчаў прывозяць і прапануюць па 60 капеек. Бывае, што за кабачкі і буракі ў сезон увогуле ніхто грошы не бярэ — аддаюць задарма, — кажа Алена.

Калі жанчына стала паглыбляцца ў гэтую тэму, то была ўражана некаторымі з'явамі. Ну, напрыклад, знойдзе яна людзей, якія паабяцаюць прывезці агародніну са свайго падворка, а потым праз пару гадзін тыя паведамляюць, што не прыедуць: маўляў, ужо ўсё прадалі. Алена дзівілася: калі толькі паспяваюць? А аднойчы ёй растлумачылі, чаму так адбываецца. Дапамагла разабрацца ў сітуацыі зборшчыца чарніц. Дамовіліся, што яна назбірае некалькі скрынак ягад і прывязе ў Мінск па кошце чатыры рублі за кіло. А праз некаторы час жанчыне нехта патэлефанаваў і прапанаваў перакупіць ягады. Але тая адмовілася ад прапановы, бо палічыла гэта непрыстойным у адносінах да Алены і іх агульных дамоўленасцяў. Было, што да стваральніцы незвычайнай вайбер-групы звярталіся вялікія пастаўшчыкі. Напрыклад, прапаноўвалі... фуру вычышчаных грэцкіх арэхаў па долары за кіло — з умовай выкупіць усё і адразу. Але, канешне, Алена адмаўляла, бо грошай на фуру арэхаў, нават такіх танных, у яе няма, ды і хто прадаваць будзе?

«Нядаўна нейкі рыбгас патэлефанаваў. Але не стаў з намі звязвацца, бо яны падлічылі, што ім не выгадна адпраўляць машыну ў наш двор», — тлумачыць жанчына.

Такую смакату могуць набыць удзельнікі группы.

Алена рада, што ў яе атрымалася арганізаваць для сябе і суседзяў такую карысную справу. Канешне, гэта не пазбавіла людзей цалкам ад неабходнасці хадзіць па крамах і рынках, але аб'яднала жыхароў некалькіх дамоў. Людзі больш ахвотна сталі дапамагаць адзін аднаму. Напрыклад, паднялася ў дзіцяці тэмпература, а патрэбных лекаў няма. Кінеш паведамленне ў агульны чат — маўляў, можа хто ў аптэку ідзе? І тут жа знаходзяцца людзі, якія могуць дапамагчы па-суседску. Людзі віншуюць адзін аднаго са святамі і нават сустракаюць з шарыкамі і кветкамі новых маленькіх жыхароў з радзільнага дома. Канешне, актыўнасць суседзяў у вайбер-групе — велічыня непастаянная, бывае час, калі той ці іншы маўчыць. Але ўсё роўна ёсць упэўненасць: калі што, то суседзі дапамогуць.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Загаловак у газеце: Горад, у якім не адзінока

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«На паводзіны Любы не было нараканняў». Наколькі складана выхоўваць дзіця з сіндромам Даўна

«На паводзіны Любы не было нараканняў». Наколькі складана выхоўваць дзіця з сіндромам Даўна

Даша нарадзіла раней за тэрмін з дапамогай кесаравага сячэння. 

Грамадства

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

«Тут у некаторых па дзве вышэйшыя адукацыі». Расказваем, як і чым харчуюцца бяздомныя

Яны з розных прычын засталіся без дому і сродкаў на пражыванне.

Грамадства

Што такое «ціхі» інфаркт, і каму ён пагражае

Што такое «ціхі» інфаркт, і каму ён пагражае

Расказала ўрач Наталля Карпук.

Грамадства

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Работа па вяртанні імёнаў ахвяр канцлагера Штутгаф не спыняецца

Імя адбіралі: калі ў рэгістрацыйны барак уваходзіў чалавек, то ўжо з наступных дзвярэй выходзіў нумар.