Вы тут

Вясковы жыхар бясстрашна ўвайшоў у палаючы дом і вынес адтуль дзіця


Пажар у адной з кватэр трохпавярховага дома па вуліцы Савецкай вёскі Вулька Аброўская Івацэвіцкага раёна здарыўся раніцай. У гэты час гаспадары дома паехалі на работу, а чатырохгадовага сына пакінулі ў пакоі, калі хлопчык яшчэ спаў.


Як пазней патлумачыла маці хлопчыка Вольга Кулініч, яна спадзявалася, што хутка ад бабулі прыйдзе яе 10-гадовая дачка і прыгледзіць за малым. Але дзяўчынка затрымалася, а маленькі Ягор знайшоў запалкі, стаў гуляць з імі, пакуль не ўчыніў пажар. Калі з вокнаў і дзвярэй паваліў дым, суседзі найперш патэлефанавалі на нумар «101», а найбліжэйшы сусед Дзмітрый Крыцкі адразу кінуўся да дзвярэй, пастукаў, стаў пытацца, ці ёсць хто ў хаце. У адказ пачуў слабы дзіцячы голас — малое клікала маму. На пошукі лома ці сякеры часу не было, мужчына рашуча выбіў дзверы нагамі, але паток гарачага паветра і дыму літаральна валіў з ног. Тады адважны сусед прыкрыў нос уласным адзеннем і, сагнуўшыся, пайшоў у кватэру, ахопленую пажарам. На падлозе аднаго з пакояў ён знайшоў хлопчыка, вынес яго ў калідор, а затым на вуліцу. Там ужо былі медыкі з мясцовага ФАПа, агледзелі дзіця. Шпіталізацыя яму не спатрэбілася.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей МАШНОЎ, ратавальнікі прыбылі літаральна праз тры хвіліны пасля выкліку. Давялося эвакуіраваць на некаторы час жыльцоў гэтага дома. Пажар хутка патушылі, але агонь знішчыў абстаноўку аднаго з пакояў кватэры. «Мы вельмі ўдзячныя відавочцу пажару, грамадзяніну Крыцкаму, які праявіў смеласць і рашучасць», — дадаў Сяргей Машноў.

Сам жа Дзмітрый Крыцкі сябе героем не лічыць.

— На маім месцы гэтак зрабіў бы любы мужчына, — сказаў 34-гадовы вясковец. — У мяне таксама дзіця расце. А тады ўсё вырашалі долі секунды, марудзіць было нельга. Я рады, што ў Ягоркі ўсё добра, ён адчувае сябе нармальна.

У размове з карэспандэнтам газеты старшыня Жытлінскага сельскага Савета Пётр СВІБОВІЧ сказаў:

— Няшчасце здарылася ў звычайнай сельскай сям'і. Муж з жонкай працуюць у сельгаспрадпрыемстве, гадуюць дваіх дзяцей. Бацькі малога Ягора добра ўсвядомілі, што малое нельга пакідаць без нагляду нават на некалькі хвілін. Гэты выпадак мы будзем згадваць падчас прафілактычнай работы з сем'ямі, якія выхоўваюць дзяцей. Агонь, як бачым, не даруе бацькоўскіх агрэхаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв'ю: superomsk.ru

Загаловак у газеце: Вырашалі долі секунды

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.

Эканоміка

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Чаму не варта спадзявацца на «шэрую» зарплату?

Будаўніку заплацілі менш, чым дамаўляліся вусна.

Культура

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» распавядае пра новую стратэгію выдання

З пачаткам новай падпісной кампаніі ў «Маладосці» з'явіўся новы «прамоўшан»: цяпер гэта «больш чым часопіс».