Вы тут

Як паўдзельнічалі гарады ў сёлетнім Еўрапейскім тыдні мабільнасці?


На працягу сямі дзён жыхары сотняў гарадоў з 45 краін Еўропы, у тым ліку і 76 беларускіх гарадоў, дэманстравалі альтэрнатыўныя аўтамабілю спосабы і сродкі перамяшчэння ў гарадскім асяроддзі. Сярод найлепшых быў названы пасёлак Лагішын Пінскага раёна.


— У пасёлку панавала асаблівая атмасфера. Нас, яго жыхароў, перапаўнялі гонар і пачуццё адказнасці за дачыненне да важнай міжнароднай справы. Сярод лагішынцаў абыякавых да ідэй тыдня не было. Амаль усе жыхары ў той ці іншай ступені імкнуліся паўдзельнічаць у яго мерапрыемствах, — паведаміла Ірына Петруковіч, кіраўнік спраў Лагішынскага сельскага Савета ў час сваёй прэзентацыі на канферэнцыі, прысвечанай вынікам Еўрапейскага тыдня мабільнасці (ЕТМ) — 2019.

У сувязі з гэтым цікава прасачыць штогадовую дынаміку ўдзелу Беларусі ў тыдні мабільнасці. Наша краіна адносна нядаўна далучылася да яго. Нагадаем, у 2015 годзе ў ЕТМ удзельнічалі толькі Мінск, Полацк і Наваполацк, у 2016-м ужо 19 гарадоў, у 2017-м — 46 гарадоў і населеных пунктаў, у 2018-м — 66. Далучаліся ў пераважнай большасці абласныя і раённыя цэнтры, гарады абласнога падпарадкавання.

А гарадскі пасёлак Лагішын з насельніцтвам прыкладна 2200 чалавек нароўні з куды большымі гарадамі яскрава і крэатыўна ўдзельнічае ў Еўрапейскім тыдні мабільнасці. У сэнсе прыцягнення невялікіх населеных пунктаў да глабальных экалагічных акцый і маштабных кампаній досвед Лагішынскага сельсавета і прывабны, і варты вывучэння і пераймання. Гэта тым больш актуальна на фоне шэрагу гарадоў з куды большымі магчымасцямі і насельніцтвам, якія фармальна далучыліся да кампаніі, падпісалі паперы, а па сутнасці нічога істотнага не зрабілі для папулярызацыі альтэрнатыўнага аўтамабілю руху на гарадскіх дарогах.

Сёлета тэма тыдня мабільнасці ў Лагішыне была прысвечана, як і ўсюды ў краіне, прыцягненню ўвагі і засвойванню мясцовым насельніцтвам бяспечных пешых і веласіпедных маршрутаў.

— У рамках тыдня мабільнасці быў праведзены шэраг загадзя прадуманых і спланаваных разам з райсаветам мерапрыемстваў. У гэтым нам вельмі дапамаглі супрацоўнікі аддзелаў і арганізацый райвыканкама. Мы імкнуліся сумесна падрыхтаваць цікавую і разнастайную праграму. Яна, па водгуках жыхароў пасёлка, атрымалася. На працягу тыдня праводзіліся мэтавыя мерапрыемствы. Гэта экалагічная квэст-гульня «Зялёная планета», майстар-клас, конкурс знаўцаў правіл дарожнага руху на тэму «Веласіпед і дарога». Завяршыўся тыдзень мабільнасці велапрабегам, — расказвае старшыня сельсавета Валерый Шушко.

У той дзень сапраўдныя прыхільнікі здаровага спосабу жыцця Лагішына сабраліся каля мясцовай АЗС. Сярод іх былі заўважаны, у прыватнасці, намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Палхоўскі, старшыня сельсавета Валерый Шушко, работнікі ААТ «Лагішын», навучэнцы і дырэктар Лагішынскай сярэдняй школы Сяргей Норбут і іншыя. Усяго ў велапрабегу ўдзельнічалі 15 прадпрыемстваў і арганізацый пасёлка. Самай шматлікай аказалася каманда школы, якую прадстаўлялі і педагогі, і тэхнічныя работнікі, і навучэнцы. Веласіпедысты праехалі па вуліцах Леніна, Дзяржынскага, Свярдлова, Сацыялістычнай і фінішавалі каля маладзёжнага цэнтра культуры. Яго супрацоўнікі, дарэчы, у падтрымку ідэй мабільнасці правялі флэшмоб «Мабільнасць і актыўнасць, здароўе, крэатыўнасць» пад дэвізам «Выбірай і рухайся!»

Гэта толькі на першы погляд здаецца, што проста пераканаць заўзятага аўтамабіліста кінуць любімага «жалезнага каня» і перасесці на веласіпед. Паводле слоў начальніка аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі УДАІ МУС Беларусі Дзмітрыя Навоя, сёння веласіпедыстам нярэдка даводзіцца сутыкацца з праявамі так званага шавінізму кіроўцаў. Ёсць сярод іх агрэсіўная меншасць, якая з прычыны недасведчанасці ці прабелаў у адукацыі і выхаванні не ўспрымае актуальнасці стварэння ўстойлівай гарадской мабільнасці. Іх трэба пераконваць і пераконваць.

Тут неабходна падкрэсліць, што на самым пачатку, калі лагішынская мясцовая ўлада вагалася наконт далучэння да Еўрапейскага тыдня мабільнасці, яе падтрымаў Іван Рабкавец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Ён прапанаваў: давайце паспрабуем. Першы блін не быў камяком. І ўжо трэці год запар Лагішын становіцца актыўным і паспяховым удзельнікам ЕТМ.

— У раёне гэта новая практыка работы сельскага Савета. У яго дэпутатаў увогуле шмат чаго з задуманага атрымоўваецца. Чаму? Умеюць знайсці падыход да людзей. Дзякуючы намаганням сельсавета пасёлак прыгожы, утульны, з добрай інфраструктурай, амаль усе дарогі заасфальтаваны. Не сорамна гасцям паказаць. Між іншым, першымі ў раёне высаджваць кветкі на вуліцах пачалі менавіта ў Лагішыне. Ёсць тут дзе адпачыць у вольны час моладзі. Дом міласэрнасці — прадмет асаблівага клопату і гонару дэпутатаў, — расказвае старшыня Пінскага раённага Савета дэпутатаў Іосіф Гузіч.

На яго думку, пасёлак развіваецца ў правільным кірунку. І, відаць, недарэмна Лагішын разглядаецца цяпер у якасці кандыдата на месца правядзення абласных дажынак у 2021 годзе. Давераць — сельсавет абавязкова справіцца.

Леанід Лахманенка

Загаловак у газеце: Рухацца ў правільным кірунку

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Як абараняцца ад рыэлтараў, якія не хочуць працаваць па законе

Лiцэнзiя агенцтва «Гатовыя рашэннi» скасавана, «Iмперыi нерухомасцi» — прыпынена, а «Тваёй сталiцы» выпiсана прадпiсанне.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.