Вы тут

Крэатыўны, патрыятычны, сямейны... Якімі якасцямі павінен валодаць дэпутат Палаты прадстаўнікоў?


Напярэдадні выбараў мы задалі самым розным людзям адно і тое ж пытанне: «Якімі якасцямі, на вашу думку, павінен валодаць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі?» Вось што нам адказалі.


Прафесіяналы і крэатыўшчыкі

Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, дэпутат Палаты прадстаўнікоў чацвёртага склікання Мікалай КАЗАК лічыць, што адна з галоўных якасцяў, якой павінен валодаць парламентарый, — высокі прафесіяналізм на тым месцы работы, дзе працуе кандыдат у дэпутаты. «Бо дзейнасць парламента вельмі разнастайная, закранае ўсе сферы нашага грамадства, эканоміку, — тлумачыць ён свой пункт погляду. — Трэба, каб законы прымалі прафесіяналы сваёй справы. Каб законы прымаліся зыходзячы з ведання рэчаіснасці, каб яны працавалі, а не заставаліся толькі на паперы. Але разам з тым гэтыя прафесіяналы павінны валодаць шырокай кампетэнцыяй і ў іншых сферах. Бо работа над законам вымушае арыентавацца ў сумежных галінах. Не бывае закона, які закранае толькі адзін бок. Гэта, на мой погляд, самае галоўнае».

Апроч заканатворчай дзейнасці, дэпутат працуе з выбаршчыкамі. Гэта азначае, што ён бярэ на сябе адказнасць за жыхароў акругі, якія аддалі за яго свае галасы. «Па сваім вопыце памятаю, што прыходзяць людзі з самымі разнастайнымі пытаннямі, — кажа Мікалай Казак. — Жыллё, рамонты, будаўніцтва, аказанне дапамогі... І асабістымі пытаннямі выбаршчыкаў часам даводзіцца займацца. Таму трэба быць добрым да людзей. Гэта таксама вельмі важна. Трэба старацца ўнікнуць у іх патрэбы, зразумець, чаго яны хочуць. Я заўсёды кіруюся прынцыпам: хочаш прыняць правільнае рашэнне — пастаў сябе на месца таго, хто цябе пра нешта просіць. Тады становіцца зразумела, як гэта пытанне трэба вырашаць».

Акадэмік заўважае, што ў Беларусі няшмат прыродных багаццяў, таму адзінае, што можа забяспечыць росквіт краіны, — інавацыі. «Я ў свой час працаваў над Законам аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы. Цяпер наведваю Кітайскую Народную Рэспубліку і бачу, што Кітай удзяляе вельмі вялікую ўвагу развіццю інавацый. Гэта вельмі важны кірунак, які мы ў нашай краіне, магчыма, яшчэ недастаткова развіваем. Таму кожны дэпутат павінен быць інаватарам, крэатыўным чалавекам, павінен умець выказваць незвычайныя, але жыццёвыя ідэі і прымаць рашэнні па іх рэалізацыі», — дадае Мікалай Казак.

На пытанне журналіста «МС», ці дастаткова ў дэпутата паўнамоцтваў, каб рэалізоўваць такія ідэі, вырашаць праблемы выбаршчыкаў, вучоны адказаў: «Канешне. Проста трэба быць больш упэўненым у сабе. Нейкі час для дэпутата, які абраны ўпершыню, сыходзіць на тое, каб асвоіцца. Але калі пачынаеш разумець усю адказнасць, то і адносішся больш патрабавальна не толькі да сябе, але і да іншых. Пры абмеркаванні законаў можна ставіць пытанні, падымаць і вырашаць праблемы, удасканальваць законы», — упэўнены акадэмік.

Той жа Закон аб інавацыйнай палітыцы прыйшоў у парламент (распрацоўшчыкам быў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях) вельмі куцым, згадвае Мікалай Казак. «Чаму? Бо пры ўзгадненні многія міністэрствы яго проста выпусташылі, — тлумачыць ён. — Па ўзгадненні з Адміністрацыяй Прэзідэнта нам удалося яго істотна перарабіць. Гэта была заслуга Пастаяннай камісіі, у якой я працаваў, дэпутатаў і апарату парламента, Галоўнага прававога ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта. Многія пытанні, якіх раней не было ў заканадаўстве, удалося адлюстраваць, напрыклад дзяржаўна-прыватнае партнёрства, венчурнае фінансаванне...

Іншымі словамі, дэпутаты не павінны ўспрымаць як данасць дакументы, якія паступаюць у парламент. Рэч у тым, што міністэрствы і ведамствы часам спрабуюць выключыць з праектаў законаў рэчы, якія могуць ускладніць іх жыццё. Дэпутат жа павінен кіравацца інтарэсамі краіны, эканомікі, грамадства, а не местачковай карысцю, рэзюмуе вучоны.

Тыя, каму ёсць што сказаць

Мастак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Віктар Альшэўскі ўпэўнены, што чалавек, які вырашыў абрацца ў беларускі парламент, павінен асэнсоўваць значнасць сваёй дзейнасці там. «Гэта высокі дзяржаўны статус, у якім чалавек можа праявіць усе свае найлепшыя прыродныя якасці, вопыт, якога ён дасягнуў на момант абрання. Гэта павінен быць чалавек, якому ёсць што сказаць, які здольны глыбока разумець, што значыць дзяржаўнасць, які імкнецца ўвесь час самаўдасканальвацца, расці», — тлумачыць мастак сваю пазіцыю.

Віктар Альшэўскі кажа, што статус дэпутата — гэта вышыня, якая намагае вялікай адказнасці, інтэлекту, разумення сучасных працэсаў і патрыятызму. «Сёння Беларусь здолела заявіць пра сябе свету як краіна, якая імкліва развіваецца, яе голас гучыць усё больш упэўнена, гэта сведчыць, што ў нашай краіны вялікая будучыня, — не сумняваецца ён. — Таму дэпутат Палаты прадстаўнікоў павінен добра разумець, што адбываецца на сусветнай прасторы, у чым асаблівасці іншых краін, і знаходзіць шляхі для далейшага росквіту Беларусі».

Дасягнуць пэўных вышынь у палітыцы, як і ў мастацтве, магчыма, калі праведзена вялізная ўнутраная работа, плёнам якой робіцца неабходнасць падзяліцца. «Чалавек павінен зрабіць нейкія адкрыцці ў сферы, якой займаецца, адчуць патрэбу праявіць свой талент, інтэлект, сучаснае разуменне прасторы. Пры гэтым быць шчырым і адказным», — разважае мастак.

На пытанне, ці здольны творчы чалавек быць палітыкам, прафесар адказаў: «Вядома. Палітыка — гэта найвышэйшая форма мастацтва. Палітык павінен умець весці дыялог у складаным свеце, аб'ядноўваць намаганні людзей добрай волі, ствараць агульную інтэлектуальную прастору, выказваць і абараняць інтарэсы іншых людзей і мацаваць дзяржаўнасць. Гэта не кожнаму пад сілу. Як не кожны здольны спяваць, ствараць карціны, скараць касмічныя прасторы».

Людзі ад вытворчасці

«Дэпутат павінен быць сумленны, справядлівы, здольны адстойваць інтарэсы сваёй акругі і прымаць якасныя законы, — пералічвае начальнік адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела ААТ «Магілёўліфтмаш» Ігар ШВАКАЎ. — Таксама пажадана, каб ён быў чалавекам сямейным і каб у калектыве, дзе ён працуе, карыстаўся пашанай, каб рабіў справаздачу перад сваімі выбаршчыкамі».

На думку прадстаўніка найбуйнейшага беларускага вытворцы ліфтаў, дэпутат, які выйшаў з вытворчасці, працуе лепш, чым выхадцы з іншых сфер. «Цяпер вытворчасць — асноўнае, яна забяспечвае падаткі ў дзяржаўную казну», — падкрэсліў ён.

Патрыёты

Уладзімір ШЧАСНЫ, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол, старшыня Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА (2001—2013), сцвярджае, што асноўныя якасці для дэпутата — патрыятызм, ініцыятыўнасць, жыццёвы вопыт, прыродны розум. Неабходны парламентарыю бачанне развіцця краіны на блізкую і далёкую перспектыву, гатоўнасць і ўменне адстойваць сваю пазіцыю пры выпрацоўцы агульнай палітыкі дзяржавы, удумлівы падыход да разгляду адпаведных заканадаўчых актаў і адказнае стаўленне да іх выканання.

«Канешне, не кожны чалавек валодае такімі рысамі характару і якасцямі. Але ў парламент выбіраюць самых здольных і таленавітых. А людзі, якія падыходзяць пад такое апісанне, ёсць у нашай краіне», — адзначае дыпламат.

На яго думку, дэпутацкія здольнасці не залежаць цалкам ад наяўнасці спецыяльнай адукацыі. «У Нацыянальным сходзе дастаткова вялікі сакратарыят, у які ўваходзяць кваліфікаваныя спецыялісты, што заўсёды могуць прыйсці на дапамогу. Галоўнае — бачанне генеральнай лініі нашай краіны на блізкую і далёкую перспектыву. І бачанне гэтага з пункту гледжання і дзяржаўнага дзеяча, і шараговага грамадзяніна», — удакладняе суразмоўца.

Уладзімір Шчасны прызнаецца: пакуль не знаёміўся з праграмамі кандыдатаў у сваёй выбарчай акрузе. Зробіць гэта ў нядзелю на выбарчым участку.

Чалавекалюбцы

«Жанчына года — 2018» у намінацыі «Мацярынская слава», аператар машыннага даення малочнатаварнай фермы «Езапаў» КСУП «Судкова» Аляксандра УШАКОВА:

— Што да заканадаўства ў сферы сельскай гаспадаркі, я не сказала б, што на ферме цяпер такія ўжо цяжкія ўмовы, як раней. Ужо крыху лягчэй: усё ж такі ўвялі гэтыя малакаправоды, не тое, што рукамі даілі, у вёдры. Лічу, дастаткова ўвагі ўдзяляецца на ўзроўні дзяржавы, спрасцілі трошкі ўмовы працы.

Як жанчына, шматдзетная маці, лічу, што ў нас падтрымліваюць жанчын з вялікай сям'ёй. Але бадай што крыху і малавата. Цяжкавата трохі ім з дзецьмі... Я разумею па сабе (у Аляксандры Адольфаўны дзесяць дзяцей. — «МС»), але тады і працавала, нейкую і «дзіцячую» атрымлівала дапамогу. Гэта прасцей, а ім зараз досыць складана. Сёння адны «дзіцячыя», альбо пасля трох гадоў ідзе адна толькі зарплата, а «дзіцячых» няма.

Зразумела, глядзіць закон: камусьці належыць, а камусьці і не належыць. Нехта будзе прапіваць — дык гэта ж таксама не справа. Дык так і раней было: хтосьці працаваў і «дзіцячыя» толькі на дзяцей траціў, а хтосьці толькі на сябе, на сваё задавальненне.

Самой не даводзілася звяртацца да дэпутатаў. Нічога не прасіла ні ў кога. Арыентуюся на свае сілы, і ўсё. Не чакаю ні ад кога падтрымкі — калі мне трэба, я сама.

Я ведаю, хто ў нас вылучае сваю кандыдатуру, знаёма асабіста, і згодна з ёю. Думаю, увесь давер апраўдае. Калі людзі выберуць яе, будзе за людзей стаяць.

Прыстойныя

Галоўны трэнер мужчынскай нацыянальнай каманды па цяжкай атлетыцы Віктар ШАРШУКОЎ:

— Мяркую, дэпутат павінен валодаць усімі нармальнымі якасцямі чалавека. Гэта, па-першае, мусіць быць прафесіянал, па-другое — прыстойны чалавек. Галоўнае, каб быў карысны ў якасці дэпутата, а сямейны ці працоўны статус не настолькі важныя.

Так, людзі могуць па тых ці іншых прычынах на сённяшні дзень не працаваць, але ў іх можа быць багатая гісторыя, і яны таксама пэўную частку нашай грамадскасці павінны прадстаўляць і абараняць.

Калі будзе шматпалярнасць, будзе як мага больш слаёў нашай грамадскасці прадстаўлена, гэта толькі лепш. Усё павінна быць збалансавана. Увогуле хацелася б, каб у парламенце былі прадстаўлены ўсе ўзросты: і моладзь, і больш салідныя людзі.

Для спорту ў нашай краіне робіцца вельмі шмат. Але спорт найвышэйшых дасягненняў — гэта вельмі тонкая сфера, і хацелася б большай далікатнасці, меншай жорсткасці.

У нас сёння прыняты самыя жорсткія законы ў свеце для трэнераў. Хацелася б, каб тут не была перагнута палка, таму што, на жаль, я ведаю, што сёння адток трэнераў — велізарны. Адной жорсткасцю не навесці парадак, напрыклад, у допінгу. Тут трэба яшчэ дапрацаваць, таму што шмат хто пасля гэтых сілавых законаў проста пакінуў спорт. І ў нас па статыстыцы цяпер (у цяжкай атлетыцы, прынамсі) шмат хто перайшоў у іншыя сферы ці ў школы.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Варвара МАРОЗАВА

Марыя ДАДАЛКА

Інфаграфіка БЕЛТА

Загаловак у газеце: Абіраюць самых здольных

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Карэспандэнт «Звязды» высвятляла, чаму так цёмна на асветленых вуліцах Магілёва

Вечарам прайсціся ўздоўж цэнтральнай вуліцы Першамайскай у Магілёве адно задавальненне.

Спорт

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Баскетбаліст Бенджамін-Павел Дуду: У Гане мяне называлі белым

Мама Бена — беларуска, тата — ураджэнец Ганы.

Эканоміка

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Куды звяртацца, калі грамадзяніну затрымліваюць зарплату?

Адказ на гэта і іншыя пытанні — у гутарцы з Дзмітрыем Шаўчуком.