Вы тут

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання


На думку старшыні Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзіі ЯРМОШЫНАЙ, выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.


«Яны не проста адбыліся ў дзень дзяржаўнага свята, а традыцыйна суправаджаюцца святочнымі мерапрыемствамі кшталту канцэртаў, у пэўным плане з'яўляюцца пафаснымі — у добрым сэнсе гэтага слова», — сказала кіраўнік ЦВК журналістам перад пасяджэннем.

Фота БЕЛТА

Лідзія Ярмошына, якая прысутнічала на выбарах у Магілёве, цалкам задаволена працэсам галасавання. Па водгуках членаў ЦВК, якія прысутнічалі ва ўсіх абласцях і Мінску, у іншых рэгіёнах выбары прайшлі аналагічна.

Чвэрць новага Савета Рэспублікі склалі жанчыны, адзінаццаць членаў працягнуць работу з дзейнага склікання, адзін выбраны член сёння з'яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Яшчэ восем членаў верхняй палаты беларускага парламента мае права назначыць кіраўнік дзяржавы.

У пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню ў абласцях і пасяджэнні дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета ўдзельнічала значна больш за палову агульнай колькасці дэпутатаў, выбраных у адпаведныя Саветы. Ад кожнага мясцовага Савета базавага ўзроўню на пасяджэннях прысутнічала больш за чвэрць дэпутатаў.

Такім чынам, усе неабходныя патрабаванні пры правядзенні пасяджэнняў вытрыманы, дакументы ў Цэнтрвыбаркам паступілі своечасова. Асаблівых меркаванняў членаў падліковых камісій і заяў іншых асоб аб парушэннях патрабаванняў Выбарчага кодэкса падчас галасавання і падліку галасоў камісія не атрымала. Гэта адзначыла сакратар Цэнтрвыбаркама Алена ДМУХАЙЛА.

«Усе кандыдаты ў члены Савета Рэспублікі ад абласцей і Мінска атрымалі вялікую падтрымку сваіх дэпутатаў. У сярэднім ад 90 да 100 працэнтаў дэпутатаў базавага ўзроўню, якія ўдзельнічалі ў пасяджэнні, падтрымлівалі вылучаных кандыдатаў», — дадала яна.

Алена Дмухайла паведаміла, што палова выбраных членаў Савета Рэспублікі мае ўзрост паміж 50 і 60 гадамі. Трое сенатараў маладзейшыя за сорак гадоў, чацвёра — старэйшыя за шэсцьдзясят, 37 працэнтаў — асобы ва ўзросце ад 40 да 50 гадоў.

«Узроставае прадстаўніцтва аптымальнае», — лічыць Алена Дмухайла.

Прадстаўляюць выбраныя члены Савета Рэспублікі розныя сферы дзейнасці. Больш за ўсё сенатараў — 41 працэнт — традыцыйна занятыя ў сферы адукацыі, культуры, навукі і аховы здароўя. Амаль адзінаццаць працэнтаў сенатараў прадстаўляюць прамысловасць, транспарт і будаўніцтва, каля адзінаццаці працэнтаў членаў верхняй палаты — сельскую гаспадарку.

Калі казаць па персаналіях больш дакладна, хіба што варта пералічыць прозвішчы ўсіх абраных членаў Савета Рэспублікі новага склікання, інфармацыя пра якіх размешчана на сайце ЦВК. Такім чынам, інтарэсы Брэсцкай вобласці будуць прадстаўляць цяперашні старшыня абласнога Савета дэпутатаў Юрый НАРКЕВІЧ, а таксама яго калега па дэпутацкім корпусе — старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анатоль ШАЛТАНЮК. Абраны ў якасці сенатараў Аляксандр КАРПІЦКІ, галоўны ўрач абласной бальніцы; Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ, старшыня Столінскага раённага выканаўчага камітэта; Ірына САЧКОЎСКАЯ, загадчыца натарыяльнай канторы горада Пінска, і Тамара ШАТЛІКАВА, старшыня абласной калегіі адвакатаў. Сферу вытворчасці гэтага рэгіёна прадставяць генеральны дырэктар ААТ «Птушкафабрыка «Дружба» Васіль МАРКЕВІЧ і дырэктар ААТ «Парахонскае» Уладзімір ХРАЛЕНКА.

Віцебшчыну ў верхняй палаце беларускага парламента зноў будуць прадстаўляць сенатары, якія працавалі ў папярэднім скліканні, — Юрый ДЗЕРКАЧ, загадчык галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама, Алена ПАНЦЮХОВА, дырэктар РУП «Тэлерадыёкампанія «Віцебск», і Анатоль ШЧАСНЫ, рэктар Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта. Сярод новых імёнаў — Дзмітрый ДЗЯМІДАЎ, старшыня Наваполацкага гарвыканкама; Алег ЖЫНГЕЛЬ, начальнік рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк»; Ірына ЛЯЎКОВІЧ, начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама; Уладзімір МАЦВЕЕЎ, генеральны дырэктар КПРБУП «Віцебскаблдарбуд», і Таццяна ПАЛУШКІНА, дырэктар Полацкага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Гомельскую вобласць у Савеце Рэспублікі будуць прадстаўляць Таццяна АБЕЛЬ, мастацкі кіраўнік заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь народнага цырка імя Валерыя Абеля; Уладзімір КАТОВІЧ, загадчык аддзялення мікрахірургіі вока № 1 абласной спецыялізаванай клінічнай бальніцы; Аляксей НЯВЕРАЎ, старшыня абласнога аб'яднання арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі; Алег СЛІНЬКО, дырэктар КСУП «Саўгас-камбінат «Зара»; Ала СМАЛЯК, старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа; Андрэй ШЫШКІН, галоўны рэдактар рагачоўскай раённай газеты «Свабоднае слова»; Фелікс ЯШКОЎ, начальнік Гомельскай мытні. Другое скліканне запар у якасці сенатара будзе выконваць свае функцыі Аляксандр ЛЯХАЎ, генеральны дырэктар дзяржаўнага вытворчага аб'яднання «Беларуснафта» — генеральны дырэктар РУП «Вытворчае аб'яднанне «Беларуснафта».

Гродзеншчыну ў 7-м скліканні прадставяць два члены Савета Рэспублікі папярэдняга склікання: рэктар дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Віктар СНЯЖЫЦКІ і старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Азёры» Гродзенскага раёна Аляксандр ШЫШКО. Ад сферы прамысловай вытворчасці і пераапрацоўкі абраны Валянцін БАЙКО, намеснік дырэктара па развіцці сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Контэ Спа». Астатнія сенатары ад гэтага рэгіёна прадстаўляюць сацыякультурную сферу: Віктар ЛІСКОВІЧ, намеснік старшыні аблвыканкама, які курыруе адпаведны кірунак; Ігар ГЕДЗІЧ, дырэктар абласнога драматычнага тэатра; Алег РАМАНАЎ, першы прарэктар Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы; Эльвіра САРОКА, дырэктар Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, і Кацярына СЕРАФІНОВІЧ, галоўны рэдактар «Лідскай газеты».

Што датычыцца Магілёўшчыны, то ад гэтага рэгіёна былі абраны Віктар АНАНІЧ, старшыня праўлення ААТ «Ашчадны банк «Беларусбанк»; Дзмітрый ВАРАНЮК, першы сакратар ЦК грамадскага аб'яднання БРСМ; Алег ДЗЯЧЭНКА, прарэктар па вучэбнай рабоце Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова; Ігар КАСКО, галоўны ўрач абласной дзіцячай бальніцы; Аляксей КУШНАРЭНКА, генеральны дырэктар дзяржаўнага вытворчага аб'яднання па паліве і газіфікацыі «Белпаліўгаз»; Валерый ПАЛІШЧУК, начальнік Магілёўскага інстытута МУС Беларусі, і Алег ПОРТНІК, дырэктар УКСП «Саўгас «Дабраволец». А Сяргею АНЮХОЎСКАМУ, дырэктару ААТ «Чырвоны Харчавік», дэпутаты Саветаў базавага ўзроўню зноў даверылі прадстаўляць інтарэсы свайго рэгіёна ў верхняй палаце беларускага парламента — другое скліканне запар.

Ад Міншчыны ў Савет Рэспублікі абралі старшыню абласнога Савета дэпутатаў Наталлю ЯКУБІЦКУЮ. Пераемнасць традыцый у новым скліканні будуць працягваць Іван ГАЛАВАТЫ, генеральны дырэктар ААТ «Беларуськалій», і Алег СУКОНКА, дырэктар РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. Дарэчы, прадстаўляць рэгіён у верхняй палаце беларускага парламента будзе і дэпутат Палаты прадстаўнікоў 6-га склікання Валерый ГАЙДУКЕВІЧ. Сярод новых імёнаў — Аляксандр БАЧЫЛА, начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінаблвыканкама; Алена ЗЯБЛІКАВА, старшыня Барысаўскага раённага аб'яднання арганізацый прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ; Каліна КАПУЦКАЯ, дырэктар СШ № 14 Маладзечна, і Уладзімір ЛУК'ЯНАЎ, генеральны дырэктар ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі».

Першая сесія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі сёмага склікання павінна прайсці да 7 снежня. Дакладная дата стане вядома пасля 22 лістапада, калі будуць падведзены вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў. Адначасова будзе прынята рашэнне па даце першай сесіі ніжняй палаты парламента, выбары ў якую адбудуцца ў нядзелю, 17 лістапада.

Вольга АНУФРЫЕВА, Варвара МАРОЗАВА


Інфаграфіка Аляксандра Асіпенкі.

Загаловак у газеце: Розныя ўзросты, розныя сферы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».